Экскурсіі па гістарычнай тапаграфіі Курапатаў працягнуцца
Да такой высновы прыйшлі ініцыятары першай вандроўкі па гэтай тэматыцы, што адбылася 15 верасня ва ўрочышчы для ўдзельнікаў грамадскага творчага конкурсу «Курапаты – народны мемарыял».

Пачатак вандроўкі па Курапатах
Неабходнасць працягваць такія тэматычныя экскурсіі выклікана цікаўнасцю беларускай грамадскасці да мінулага ўрочышча. Так, у аргкамітэт конкурсу паступілі заяўкі на знаёмства з гістарычнай тапаграфіяй Курапатаў ад айчынных музыкаў і кіраўніцтва прафсаюзу РЭП. Будзе ўлічана прапанова заяўнікаў праводзіць экскурсіі не ў працоўныя, а ў выходныя дні.
У першай вандроўцы ўзялі ўдзел больш за 25 чалавек, у тым ліку сябры суполкі «Пагоня» Беларускага саюзу мастакоў, прадстаўнікі грамадскай ініцыятывы «За ўратаванне мемарыялу Курапаты», а таксама эксперты з Польшчы і Чэхіі.

Апавядае Мікола Крывальцэвіч
Яны пазнаёміліся з новаадкрытымі фактамі з мінулага бору Брод (першапачатковая назва Курапатаў – М.Г.), як месца масавых палітычных рэпрэсіяў 1930-1940-х гадоў, у тым ліку з трасай той часткі былой «Дарогі смерці» праз урочышча, па якой бязвінных людзей у «чорных варанках» і бартавых грузавіках вазілі з Мінска на расстрэл, з месцам, дзе ў 1988 годзе была адкрытая таямніца старога лесу, а таксама з магільнай западзінай, дзе праз дзесяць гадоў былі ідэнтыфікаваныя парэшткі трох ахвяраў сталінізму — Моўшы Крамера, Мардыхая Шулькеса і Штама — вязняў Гродзенскага астрогу, забітых НКВД у Бродзе ў 1940 годзе.
Адзін з першаадкрывальнікаў Курапатаў, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кандыдат гістарычных навук Мікола Крывальцэвіч пазнаёміў вандроўнікаў з вынікамі і перспектывамі археалагічных даследаванняў ва ўрочышчы.

Месца вялікага пахавання ва ўрочышчы
Між іншым, археолаг апавёў пра польскі след у Курапатах, пра раскопкі ў 1998 годзе самай вялікай магільнай западзіны ў лясным масіве памерам 7,5 на 5,3 м, дзе былі паднятыя парэшткі не менш за 373 чалавек са звязанымі рукамі, у тым ліку 19 жанчын — жыхароў БССР, забітых позняй восенню 1938 — зімой 1939 гадоў. Дарэчы, гэта адзінае пахаванне ў Курапатах, якое змяшчае спаленыя рэчы расстраляных.
Апроч таго, навукоўца адказаў на шэраг пытанняў, што тычацца колькасці і складу ахвяраў, забітых у Курапатах.

Мемарыяльная шыльда
Грамадскі актывіст Уладзімер Юхо — сябра Кансэрватыўна-хрысціянскай партыі-БНФ, якая шмат гадоў апякуецца народным мемарыялам ва ўрочышчы, апавёў, як восенню 2001 году пад час пашырэння Мінскай кальцавой аўтадарогі беларускія ўлады адмовіліся ажыццяўляць альтэрнатыўны праект па пракладцы трасы ў абход Курапатаў і аддалі загад распачаць будаўнічыя працы ва ўрочышчы без адпаведнай дакументацыі і шырокага грамадскага абмеркавання.

Прамаўляе Уладзімір Юхо
Пад час экскурсіі падкрэслівалася, што дакладна лакалізаваць сляды агароджы, варотаў, рову, будынкаў аховы, грунтоўкі і іншых матэрыяльных аб’ектаў у лясным масіве можна толькі з дапамогай археалагічных раскопак. На жаль такія даследчыя працы ў Курапатах стануць мажлівыя толькі тады, калі сама беларуская дзяржава будзе зацікаўлена ў адкрыцці праўды пра масавыя палітычныя рэпрэсіі савецкага таталітарызму і ва ўшанаванні памяці бязвінных ахвяраў.
За ўдзельнікімі экскурсіі наглядалі невядомыя у цывільным, якія ўвесь час трымаліся паводдаль.