У Мінску ўшанавалі памяць Аляксея Караля (+фота)
Палітыкі, грамадскія і культурныя дзеячы, журналісты сабраліся ўвечары 16 ліпеня ў Прэс-клубе, каб ушанаваць памяць галоўнага рэдактара «Новага Часу» Аляксея Караля. Светла-сумным назвала гэты вечар Аксана Колб, бо для сустрэчы былі яшчэ дзве нагоды — выхад 500 нумару «Новага часу» і абвяшчэнне Конкурса для маладых журналістаў імя Аляксея Караля.

Учорашняя вечарына памяці — нібыта марафон па самых яскравых момантах з жыцця як самога Аляксея Караля, так і «Новага Часу». Бо жыццё былога галоўнага рэдактара і газеты — неразрыўныя паняцці.

Каштоўнымі былі ўспаміны тых людзей, якія тым ці іншым чынам былі звязаныя з Аляксеем Каралём. Мікалай Статкевіч упэўнены, што Аляксей Кароль — той чалавек, які аддаў сваё жыццё на служэнне іншым: «У той момант, калі ён ужо быў фактычна пры смерці, лагічна было б, калі б ён думаў толькі пра сваіх родных і блізкіх. Але ў той час ён падтрымліваў, як мог, усіх, і мяне таксама. А я нават падумаць не мог, што ён — пры смерці».

Алена Анісім узгадвала нараджэнне «Новага Часу»: «Ніхто не думаў тады, што будзе ў «Новага Часу» і 500 нумар».

А Алесь Бяляцкі прызнаўся, што ў свой час паставіўся досыць скепчычна да стварэння газеты: «Якое новае выданне? Усе газеты толькі закрываліся!».

Да віншавання з юбілейным нумарам далучыліся многія. На вечарыну завіталі і прадстаўнікі Беларускай Асацыяцыі журналістаў — Жана Літвіна, Аліна Суравец і Вольга Хвоін.

Галоўная рэдактарка «Новага Часу» Аксана Колб сумна прыгадала, што днями ў чарговы раз — трэці ў гэтым годзе — выданню адмовілі ў продажы ў шапіках «Белсаюздрука» і ў распаўсюдзе праз пошту. Але пасля дадала: «А мы ўсё адно будзем выходзіць».

Частка каманды "Новага Часу"
Асобнай падзеяй гэтага вечара стала абвяшчэнне «Новым часам» Конкурса маладых журналістаў імя Аляксея Караля. Прыняць удзел у ім могуць маладыя людзі да 30 гадоў. Пры гэтым не абавязкова мець журналісцкую адукацыю ці досвед журналісцкай працы. Патрэбныя толькі жаданне пісаць, валоданне словам і цікавая тэма.
Падрабязней пра конкурс можна даведацца на адмысловай старонцы сайта.
Напрыканцы мерапрыемства гасцей чакала музычная частка. На вечарыне выступілі Андрэй Плясанаў, гурт «Вурай» і Андрэй Сянкевіч.

Гурт "Вурай"
Фота Арцёма Лявы