«Новы Час» зноў не пажаданы

Своеасабліва павіншавалі ўлады нашу газету з выхадам 500 нумару. У чарговы раз (хто б сумняваўся) кіраўніцтва РУП «Белсаюздрук» і РУП «Белпошта» адмовіла ў распраўсюдзе «Новага Часу» праз сваю сетку.

stop_2506.jpg


Яшчэ 12 жніўня рэдакцыя накіравала просьбу ў гэтыя ўстановы аб распаўсюдзе «Новага Часу» праз гандлёвую сетку РУП «Белсаюздрук» і ўключэнні ў падпісны каталог РУП «Белпошта».

«Газета «Новы Час» — штотыднёвік, які надае вялікую ўвагу нацыянальнай культурнай і гістарычнай тэматыцы і актыўна прапагандуе палітыку кіраўніцтва нашай краіны ў той частцы, якая накіравана на захаванне і ўмацаванне незалежнасці Рэспублікі Беларусь, а таксама на захаванне і распаўсюджванне беларускай мовы, — было напісана ў лісце да гэтых устаноў. — «Новы Час» — адно з нямногіх рэспубліканскіх выданняў, якія выдаюцца цалкам на беларускай мове. Спадзяемся, што 2016 год, абвешчаны кіраўніком дзяржавы Годам культуры, стане добрай нагодай для пачатку нашага працяглага і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва».

І што вы думаеце нам адказалі? РУП «Белсаюздрук» абмежаваўся адным сказам, у якім паведаміў, што распасюд «Новага часу» праз іх гандлёвую сетку «не плануецца».


belsajuzdruk.jpg


РУП «Белпошта» спадобілася адказаць амаль на старонку, дзе патлумачыла, што ўключаць нас у каталог яны не абавязаны.


belposzta.jpg


Такім чынам, цуду не адбылося. Хаця пэўныя спадзяванні ўсё ж былі. Хаця б таму, што гэтым разам я прасіла заступіцца за газету намесніцу міністра замежных спраў Алену Купчыну. І яна абяцала сваю падтрымку, бо, казала, «газета цікавая». Але, відаць, МЗС цяпер менш важны за Мініфарм. Яно і праўда. Выбары ўжо адбыліся, Еўропа нікуды не дзенецца — прызнае. А беларускай мовы, відаць, і так багата.