Затрыманні ў A1, Hyundai, EPAM. Які сігнал бізнесу дасылае ўлада?
Ці хочуць улады ў Мінску пакараць нелаяльны буйны бізнес? Ці будуць буйныя міжнародныя кампаніі выцесненыя з краіны або нацыяналізаваныя? DW сабрала меркаванні экспертаў.
У Беларусі затрыманыя некалькі мясцовых топ-менеджараў
буйных міжнародных кампаній. Улады помсцяць нелаяльнаму бізнесу і калектыўнаму
Захаду? «Прапагандысцкая кампанія, якая суправаджае затрыманне менеджара А1,
выглядае як атака на саму кампанію, яе абвінавачваюць у зліве звестак, у дапамозе
пратэстам, або, як гэта называе ўлада, “тэрарызму”», — адзначае беларускі палітычны
аналітык Арцём Шрайбман.
На ягоную думку, такім чынам улады хочуць пакараць бізнес, які мог дазволіць сабе нелаяльнасць, і заходнія краіны, з якіх ён прыйшоў на беларускі рынак. «Дацягнуцца да заходніх урадаў Мінск няздольны, але можа дацягнуцца да бізнесу. Улады шматкроць пагражалі, што ў адказ на эканамічныя санкцыі будуць атакаваць заходнія кампаніі», — дадае Шрайбман.
У сваю чаргу, дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў лічыць, што затрыманне топ-менеджэраў міжнародных кампаній — гэта сігнал бізнесу: вы павінны сядзець ціха і ні ў якім выпадку не мець ніякіх сувязяў з палітыкай.
«Не думаю, што гэта наўпрост звязана з санкцыямі, хоць улады яны нервуюць. У стане гэтай нервовасці робяцца дзеянні рэпрэсіўнага характару ў стылі “бамбіць Валожын”. Пераследуюцца міжнародныя кампаніі. Улады паказваюць, што ніхто не з'яўляецца недатыкальным, у тым ліку з менеджменту буйных кампаній. Усе, хто так ці інакш падтрымліваў або сімпатызаваў пратэстам, будуць пакараныя», — тлумачыць Ягораў.
Затрыманні ўдараць па інвестыцыйным клімаце ў Беларусі
Эксперт упэўнены, што такія дзеянні ўдараць па інвестыцыйным клімаце ў краіне. Акрамя таго, кампаніі будуць больш актыўна перадыслакаваць сваіх супрацоўнікаў і выводзіць актывы з Беларусі.
«Гэта падрывае беларускую эканоміку, але цяпер улады цікавіць не яна, а іх устойлівасць у сярэднетэрміновай перспектыве. Яны лічаць, што бізнес можа быць датычны да агульнай падтрымкі дэмакратычнага руху ў Беларусі, і дасылаюць выразны сігнал, што ў перспектыве не будуць дапускаць перацякання капіталу з бізнес-сектара да грамадзянскай супольнасці», — мяркуе Ягораў.
На думку ж Арцёма Шрайбмана, пакуль цяжка сказаць, якія менавіта кампаніі могуць пацярпець ды захочуць сысці з Беларусі, хто з іх будзе выцеснены з краіны або нацыяналізаваны: «Наконт кампаніі А1 — сумняваюся, што яна добраахвотна пакіне Беларусь. Гэта можа здарыцца, калі тут створаць невыносныя ўмовы для працы, ці ёй будзе пагражаць поўная нацыяналізацыя».