Здымкі, відэа і сторыз: 10 цудоўных Instagram беларусаў
Мы працягваем распавядаць пра вартыя акаўнты ў сацыяльных сетках. Гэтым разам — вельмі прыгожыя і змястоўныя старонкі ў Instagram. Выйшла не пра сэлфі і ежу, а пра Беларусь і беларусаў, іх жыццё і падарожжы.
Сяргей Людкевіч
Гродзенскі фатограф у свой час быў адлічаны з каледжа, дзе вучыўся на трактарыста, за, нібыта, удзел у апазіцыйнай акцыі. Потым ён уладкаваўся ў «Вечерний Гродно», а ў мінулым годзе з'ехаў вучыцца на аператара і рэжысёра ў Кіеў. Таму цяпер на старонцы распавядае і паказвае жыццё беларуса ва ўкраінкай сталіцы — з вечнымі мітынгамі, халоднай зімой і фестывалямі «маржэй». Але здымкі горада над Нёманам таксама захаваліся.
Настасся Пілюгіна
Згодна твітару дзяўчыны, яе інстаграм — самы папулярны ў беларускамоўным сегменце: звыш 10 тысяч падпісантаў! Хоць тут перыядычна сустракаюцца сэлфі, але здымкі ў Настассі атмасферныя: можна даведацца пра разнастайнае і даволі няпростае, але займальнае жыццё SMM-менеджаркі «Радыё Свабоды».
Сяргей Гудзілін
Напэўна, пра Гудзіліна чуў ледзь не кожны актыўны беларусы. Фатограф «Нашай Нівы» праз аб’ектыў паказвае нашу краіну са спецыфічнай безвыходнасцю, і нават лёгкім трэшам. У кожнага кадра — свой настрой і свае фарбы. Адметныя, але больш і асабістыя, у аўтара і сторыз. Гудзілін іх робіць амаль кожны дзень са словам «дбрдзнь».
Леанід Пашкоўскі
Так, гэта той самы акцёр з «Вышэй за неба». Праўда, цяпер ён менш здымаецца ў кіно, але больш вандруе па свеце. Пашкоўскі вядзе трэвал-блог «Хочу домой», дзе распавядае пра жыццё ў даволі праблематычных і экзатычных краінах. Бангладэш, Гаіці, Пакістан — гэта вам не бесклапотныя Хургада ці Анталья. Так што ўвесь бэкстэйдж і не толькі — тут.
Павел Осіпаў
Яшчэ адзін падарожнік — фатограф Павел Осіпаў. Ён часта вандруе, а зараз часова жыве ў Кітаі. Калі хочаце ўбачыць «Паднябесную» з беларускага ракурсу — абавязкова падпісвайцеся.
Дзіяна Пінчук
Чамусьці не так шмат блогераў распавядаюць у сваіх здымках пра Беларусь. А калі паказваюць, то гэта Мірскі замак, Палац Румянцавых-Паскевічаў у Гомелі ці Чырвоны касцёл у Мінску. А ў дзяўчыны вымалёўваецца іншая краіна, якую нячаста пабачыш. Прыгожыя небасхілы, утульныя палі, чароўныя лясы, старажытныя сядзібы, духоўныя руіны — усё тут і па-беларуску.
Fly Belarus
У працяг тэмы беларускай прыроды і краявідаў — раім падпісацца і на гэту старонку. Тут — з ракурсу камеры квадракоптара — публікуюцца здымкі і відэа з усёй краіны. Вы зможаце ўбачыць з птушынага палёту цэнтр Магілёва, ускраіны Мінска, вёску ў буйным горадзе або зімні лясны пейзаж, а таксама незвычайна прыгожыя формы азёр, рэк ды плаўныя ўзлескі.
Рома Свечнікаў
Журналіст Раман Свечнікаў усё яшчэ кудысьці едзе і, канешне, распавядае і паказвае свае вандроўкі ў інстаграм. На яго старонцы можна не толькі пабачыць вельмі прыгожыя краявіды з усяго свету, але і прачытаць невялікія парады турыстам ды ўражанні ад падарожжаў у экзатычныя краіны.
Франак Вячорка
Як жывуць беларусы ў ЗША? Не тыя, хто ўжо 22 гады не вяртаецца ў Сінявокую, а нашыя студэнты. Пра гэта распавядае ў здымках, сторыз ды відэа, напэўна, самы знакаміты беларус у Вашынгтоне Франак Вячорка. Цікавіць амерыканская адукацыя, палітыка і сістэма масмедыя? Абавязкова падпісвайцеся!
Новы час
Мы зусім нядаўна пачалі дзяліцца здымкамі і сторыз у інстаграме. Там актыўна распавядаем не толькі пра падзеі ў краіне і свеце, але і пра цікавыя месцы і вартых людзей. Пазначайце свае фота з хэштэгамі #часвандровак і #новычас, лепшыя абавязкова апублікуем. Дарэчы, адзін з дзевяці папярэдніх аўтараў вядзе нашу старонку. Ці пазналі, хто?