Зянон Пазьняк: Дзяды — свята салідарнасці з вечнасцю
Вітанне старшыні Кансерватыўна-хрысціянскай партыі-БНФ Зянона Пазьняка было зачытана 3 лістапада на мітынгу, які адбыўся пасля завяршэння шэсця з Мінску на яго паўночна-ўсходнюю ўскраіну, дзе і знаходзіцца народны мемарыял — месца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсій 1930–1940 гадоў ва ўрочышчы Курапаты.
Дзяды — свята салідарнасці з вечнасцю, з жыццямі продкаў і былых пакаленняў, гаворыцца ў прывітанні старшыні Кансерватыўна-хрысціянскай партыі-БНФ Зянона Пазьняка.
Лідар КХП-БНФ адзначыў, што Дзяды — гэта і свята народнага адзінства, калі адкладваюцца ў бок усе канфлікты і людзі разам ідуць на могілкі ўспомніць памерлых. “Памяць продкаў лучыць жывых. І невыпадкова, што Дзяды сталі гістарычным і на сённяшні дзень ужо — сакральным святам нашай свабоды”, — падкрэсліў Зянон Пазьняк.
Ён нагадаў, што за саветамі святкаванне Дзядоў было фактычна забаронена, а вернута да агульнанацыянальнага жыцця Беларускім Народным Фронтам 25 гадоў таму, калі 30 кастрычніка 1988 года адбылося першае масавае шэсце на Дзяды ад сталічных Усходніх могілак да Курапатаў. А пасля здабыцця незалежнасці Беларусі на пачатку 1990-х гадоў дэпутаты ад БНФ у Вярхоўным Савеце краіны дабіліся таго, што Дзяды былі аб’яўлены ўсенародным дзяржаўным святам Днём памяці продкаў, якое адзначалася 2 лістапада і было нерабочым святочным днём, сказаў Пазьняк. Ён выказаў спадзяванне, што краіна вызваліцца ад цемры і Дзяды зноў вернуцца на дзяржаўны пасад — на сваё належнае месца. Сярод рэальных беларускіх дзядоў Зянон Пазьняк назваў Васіля Быкава і Кастуся Каліноўскага, гетмана Астрожскага і Францішка Скарыну, Янку Купалу і Максіма Багдановіча.

Выконваючы абавязкі старшыні КХП-БНФ на Беларусі Юрась Беленькі звярнуў увагу на неабходнасць змагання за родную мову, каб супрацьстаяць расійскай імперскай палітыцы асіміляцыі. “Памятайма, калі ты гаворыш па-расейску, ты ў войску акупанта і страляеш у свой народ”, — падкрэсліў палітык. Ён нагадаў словы Зянона Пазьняка пра тое, што ні адна нацыя не гінула ад эканамічных прычын, а толькі ад страты роднай мовы і культуры.
Юрась Беленкі, выказаў упэўненасць у тым, што дзякуючы вялікай айчыннай гісторыі і моцнаму змагарнаму духу сваіх продкаў беларусы з гонарам і годнасцю перажывуць цяжкія часы і адродзяцца.
Пасля мітынгу ўдзельнікі шэсця праспявалі духоўны беларускі гімн “Магутны Божа”, правялі малебен, запалілі знічкі, усклалі іх разам з кветкамі да крыжоў і западзін, дзе спачываюць бязвінныя ахвяры сталінізму, усталявалі новыя крыжы ў памяць рэпрэсаваных.






Дзяды ў Курапатах З лістапада 2013 года
Фота Марата Гаравога