Дзяды–2013. Шэсце ў Курапаты (фота)
У Мінску пачалося традыцыйнае шэсце Дзяды. Каля гадзіннікавага заводу "Прамень" сабралася каля 300 чалавек. Яны распачалі шэсце па праспекце Незалежнасці ў бок урочышча Курапаты.

Акрамя арганізатараў, Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі — БНФ, у шэсці прымаюць удзел прадстаўнікі Партыі БНФ, Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, руху “Маладая Беларусь”. Яны нясуць бел-чырвона-белыя сцягі, кветкі і крыжы, што будуць усталяваныя ва ўрочышчы Курапаты. Пакуль шэсце праходзіць без перашкод супрацоўнікаў міліцыі, што назіраюць за яго хадой.









12.05. Удзельнікі акцыі без асаблівых праблем дайшлі да станцыі метро “Усход” і працягваюць шэсце да ўрочышча Курапаты.
Варта адзначыць, што на скрыжаванні праспекта Незалежнасці і вуліцы Валгаградская ўдзельнікам акцыі было дазволена перайсці дарогу не праз падземны пераход, а па версе. Дзеля гэтага ў агароджы вуліцы Валгаградская быў спецыяльна зроблены праход.
Супрацоўнікі міліцыі назіраюць за ходам акцыі, але пакуль у яе не ўмешваюцца. Зараз колькасць удзельнікаў шэсця — каля 500 чалавек.
12.15. Калона павярнула на вуліцу Каліноўскага.


13.40. Удзельнікі шэсця, прысвечанага Дзядам, зараз ідуць па вуліцы Гамарніка. Калона без асаблівых праблем прайшла па вуліцам Каліноўскага і Сядых.
Дэманстранты скандуюць “Жыве Беларусь!” і спяваюць патрыятычныя песні.
Шляху нічога не перашкаджае, аднак арганізатары просяць удзельнікаў рухацца больш павольна, каб не было адстаючых.
Даволі вялікую цікавасць акцыя выклікае ў мінакоў, людзі глядзяць з вокнаў, машыны падтрымліваюць мітынгоўцаў, сігналяць у такт лозунгам: “Жыве Беларусь!”.
Да Курапатаў засталося пару кіламетраў.


14.15. Удзельнікі шэсця дайшлі да ўрочышча Курапаты без значных эксцэсаў. Асаблівых перашкодаў супрацоўнікі міліцыі ўдзельнікам акцыі не чынілі.

У калоне дэманстрантаў больш за 500 чалавек.
Зараз калона заходзіць на тэрыторыю Курапатаў, дзе адбудуцца жалобныя мерапрыемствы.
Фота Сяргея Пульшы