Польскі консул ушанаваў у Слоніме вайсковыя пахаванні (фота)
На Дзяды, 2 лістапада, у Слоніме пабываў генеральны консул Польшчы ў Гародні Анджэй Хадкевіч. Разам з мясцовымі католікамі ён наведаў старэйшыя слонімскія могілкі на Ружанскай вуліцы, запаліў і паставіў лампадкі на магілы і каля памятнага знаку польскім жаўнерам, якія загінулі ў Слоніме ў 1919–1921 гадах у змаганні з салдатамі Чырвонай Арміі.

Потым консул наведаў Пятралевіцкую гару, дзе ўсклаў кветкі і запаліў лампадкі каля мемарыяльнага помніка польскім, беларускім і яўрэйскім грамадзянам, якія загінулі падчас Другой сусветнай вайны.
Анджэй Хадкевіч пабываў і на старых мусульманскіх могілках у Слоніме, дзе знаходзяцца магілы рускіх воінаў, татарскай нацыянальнасці, загінуўшых падчас Першай сусветнай вайны. І там таксама адбылося ўшанаванне загінуўшых з удзелам польскага консула.





Ігар Жук, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара