Знявага Анастасіі Гусевай — на кантролі ў Спецдакладчыка ААН

Праваабаронцы "Вясны" звярнуліся да спецдакладчыка ААН па пытанні аб катаваннях і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасць відах абыходжання і пакарання з просьбай заклікаць беларускія ўлады правесці расследаванне фактаў па нашумелай гісторыі па новай справе аб графіці.

Наста Гусева, фота Дзіяны Серадзюк

Наста Гусева, фота Дзіяны Серадзюк

Падчас свайго трохсутачнага затрымання і знаходжання ў ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна Анастасіі Гусевай давялося перажыць суткі без ежы і вады, адсутнасць медыцынскай дапамогі і магчымасці схадзіць у туалет, а таксама здзекі, абразы і пагрозы.
Супрацоўніцы медчасткі ізалятара часовага ўтрымання Анастасія тлумачыла, што ёй вельмі дрэнна, што яна больш не можа сябе стрымліваць і, калі яе не адвядуць у туалет, то можа здарыцца непрыгожая сітуацыя. На што супрацоўніца адказала: «Тут не медыцынская ўстанова і я вам нічым дапамагчы не магу».


Праваабаронцы звяртаюць увагу Спецдакладчыка на тое, што беларускія ўлады практычна не рэагуюць на паведамленні аб катаваннях і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасць відах абыходжання і пакарання. Так, у перыяд з 2012 па 2015 гады з 614 скаргаў на катаванні і жорсткае абыходжанне, атрыманых Следчым камітэтам і іншымі афіцыйнымі органамі, толькі 10 сталі прадметам крымінальных расследаванняў.
Таму просяць Спецдакладчыка, выкарыстоўваючы магчымасці свайго мандата, уступіць у камунікацыю з беларускімі ўладамі па факце жорсткага і бесчалавечнага абыходжання, якому Анастасія Гусева падвергнулася з боку праваахоўных органаў за час затрымання і ўтрымання ў ІЧУ.
Нагадаем, Анастасія Гусева разам з Дзмітрыем Паліенкам і Яўгенам Чуліцкім была затрыманая раніцай 21 студзеня супрацоўнікамі крымінальнага вышуку УУС Заводскага раёна Мінска па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага арт. 341 КК РБ (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці).