2020 – год Сонечнага Павука, альбо «Святкуйма беларускае!»
10 студзеня Паэтычны тэатр «Арт. С» сустрэў Новы год – год Сонечнага Павука. А рэч у тым, што ўдзельнікі літаратурна-музычнага салона «Арт.С» роўна 12 гадоў таму пастанавілі жыць паводле ўласнага, а не усходняга календара, назваўшы праект «Святкуйма беларускае!». І годам Сонечнага Павука 12-ці гадовы творчы праект завяршыўся. Адбылася імпрэза ў мінскай бібліятэцы імя Цёткі.

Вядоўцы Яраш Малішэўскі і Аксана Спрынчан
Вядоўцамі свята была творчая сям’я Яраша Малішэўскага і Аксаны Спрынчан. Падчас вечарыны выступілі пісьменнік і драматург Максім Клімковіч, паэтка і этнакультуролаг Антаніна Хатэнка, міфалагіня, дырэктарка этна-гістарычнага цэнтра «Явар» Ірына Клімковіч, паэтка Таццяна Пратасевіч, казачніца Наталля Бучынская, паэт і астролаг Мікола Кандратаў, паэт і журналіст Сяргей Сыс, навучэнка гімназіі № 23 Альжбэта Малішэўская-Спрынчан калядавала, а этнадызайнер Валянціна Лойка не толькі апавяла пра традыцыйнага беларускага саламянага павука, але і ўсю імпрэзу на вачах гледачоў стварала гэты беларускі цуд, сімвал спарадкаванасці і суладнасці свету.

Наталля Бучынская (у цэнтры)

Валянціна Лойка

Сяргей Сыс

Мікола Кандратаў
Была і сапраўдная павучыха-птушкаед са сваёй гаспадыняй – мастачкай Янай Сурмачэўскай. Кожны ўзгадваў сваіх павукоў і свае павуцінкі, цешыўся са свайго свята, у якім гэтулькі цікавостак і цудаў. Прысутныя, якіх сабралася поўная зала, даведаліся шмат новага пра павукоў, у тым ліку тых, што насяляюць Беларусь. Аказваецца, што і нашыя павукі ядавітыя, толькі не ў той меры, каб прынесці шкоду чалавеку. А на Беларусі таксама жывуць тарантулы. А яшчэ шмат чаго можна было даведацца з міфалогій розных народаў пра павукоў і развеяць міфы, якія вакол іх існуюць.

Альжбэта Малішэўская-Спрынчан

Таццяна Пратасевіч

Максім і Ірына Клімковічы

Станіслаў і Яна Сурмачэўскія

Антаніна Хатэнка
Праект «Святкуйма беларускае!» паўстаў 12 гадоў таму, у 2009 годзе. Цягам 12 гадоў тэатр ствараў свой беларускі каляндар, больш блізкі нам, беларусам, чым вядомы ўсім усходні. Так, 2009 год быў абвешчаны годам Багоўкі, 2010 – Зялёнай Жабкі, 2011 – Вогненнага Вожыка, 2012 – Арэхавай Вавёркі, 2013 – Зорнай Рысі, 2014 – Срэбнага Бабра, 2015 – Беласнежнай Казы, 2016 – Чорна-Белага Бусла, 2017 – Аксамітнага Мятліка, 2018 – Залатой Рыбкі, 2019 – Мядовай Пчалы, і завяршыў праект 2020 – год Сонечнага Павука.
Паэтычны тэатр «Арт. С» літаратурна-музычны салон, заснаваны ў красавіку 2006 года. Дырэктарка Аксана Спрынчан. На пляцоўцы тэатра ў мінскай бібліятэцы Цёткі праводзяцца літаратурна-музычныя імпрэзы, адбываюцца прэм'еры кніг, праходзяць выставы выяўленчага, дэкарацыйна-прыкладнога і фотамастацтва.