23 гады альбому «Гэта МЫ!» барда Андрэя Мельнікава

13 кастрычніка 1996 года цягам дня і вечара на сёмым паверсе аднаго з дамоў Зялёнага Луга ў Мінску таленавітым гукарэжысерам самапальным спосабам быў запісаны на магнітную шпулю альбом барда Андрэя Мельнікава «Гэта МЫ!».

Альбом Андрэя Мельнікава “Гэта МЫ!”

Альбом Андрэя Мельнікава “Гэта МЫ!”


Гэта падзея стала знакавай не толькі для аўтара альбома, але і для беларускай бардаўскай песні ў цэлым. Простыя акорды ды запамінальны тэкст у спалучэнні з надзвычай моцнай энергетыкай выканаўцы зрабілі шэраг песень, якія склалі гэты альбом, сапраўднымі хітамі.

Першыя асобнікі альбома рабіліся мінскай групоўкай “Анархія рэкардз”, наклад гэтага выдання быў невялікім. Пасля таго, як ў 1997 годзе Андрэй Мельнікаў трапіў за краты за “незаконны пераход мяжы”, альбом “Гэта МЫ!” быў перавыдадзены Віталём Супрановічам і менавіта тады атрымаў шырокую вядомасць. Песні з альбома пачалі гучаць у беларускіх нацыянальных колах, а загалоўная песня альбому ўвогуле стала ўспрымацца значнай часткай арыентаванай на пратэст моладзі таго часу як гімн.

Праз нейкі час песня “Гэта МЫ!” ўбачыла свет у рокавай аранжыроўцы Касі Камоцкай і гурта “Новае неба”.

У 2007 годзе “BMAgroup” выдала альбом “Гэта МЫ!” на дысках, дапоўніўшы яго склад дзясяткам новых песень.

У 2015 годзе песня “Гэта МЫ!” увайшла ў топ-100 найвялікшых беларускіх песень па версіі папулярнага сайта tuzinfm.by, а ў 2019 годзе інтэрнет-суполка «Музыка Гомеля и области» і «Краязнаўчы сайт Гомеля і Гомельшчыны» дадалі альбом Андрэя Мельнікава ў топ-50 гомельскіх альбомаў

Альбом Андрэя Мельнікава актыўна абмяркоўваўся ў прэсе, з'яўляліся рэцэнзіі, аўтары якіх звычайна выходзілі за межы абмеркавання выключна эстэтычных якасцяў яго песень.

Рэцэнзія Севярына Квяткоўскага на альбом “Гэты МЫ!” (“Наша Ніва”, 1996 год )

Рэцэнзія Севярына Квяткоўскага на альбом “Гэты МЫ!” (“Наша Ніва”, 1996 год )



Сяргей Сахараў у рэцэнзіі на альбом “Гэта МЫ!” адзначыў: “Альбом Андрэя Мельнікава “Гэта МЫ!”, дзякуючы рэжыму, атрымаў новае прачытаньне: хочаш ці не, але ў кожнай песьні зараз шукаеш інструкцыяў да пасіўнай ці актыўнай барацьбы за сваё. У сытуацыі з самім бардам можна ўбачыць задоўжанае шоў, калі рэжым з асалодай, але нязграбна выконвае ролю ката, які не ведае, што рабіць з чалавекам, папулярнасць якому робяць ня толькі ягоныя песьні, але й становішча вязьня” (“Наша Ніва”, 1997 год).


72605667_1193457157518873_3906616529189339136_n.jpg

Прайшло дваццаць тры гады з моманту выхаду альбома. Але песні, якія ўвайшлі ў першапачатковы варыянт, выглядаюць дзіўна сучаснымі.

Сарказм, якім прасякнутая песня “Нашы”, больш чым зразумелы тым, хто зараз мае непасрэднае дачыненне да круга беларускіх нацыяналістаў:

Прыйдуць сябры-адраджэнцы

і іхныя тлустыя чмары,

і я пачытаю ім вершы,

і песню спяю пад гітару.

А радкі песні “Товарищ майор”, здаецца, напісаныя сёння — “на злобу дня”:

Таварыш маёр, плён нашых ідэй,
Плён нашых надзей і мар,
Ты смела паўстаў за шчасце людзей
Ты нашым сімвалам стаў.

Таварыш маёр, таварыш маёр,
Таварыш маёр, давай!
Таварыш маёр, таварыш маёр,
Таварыш маёр, давай!
Таварыш маёр, нашых ворагаў б'еш,
Ім болей не ўстаць, хіба толькі сесць.
Ты нішчыш хлусню і дзетак яе,
Ты набліжаеш прагрэс.
Таварыш маёр, з табою народ —
Ты бацька яго і сын.
Мы верым табе, мы чуем цябе.
Ведай: ты не адзін!
Вядзі нас на ўсход, там сонца ўстае,
Мы станем раней яго сустракаць.
Не трэба пячэй, не трэба каней:
Нам трэба спакойна спаць.
Там нашы сябры, там наша зямля,
Там наша тайга, там наш акіян.
Вядзі нас туды — там шчасце для нас,
Каханне нашае там!

 

Калі слухаеш альбом Андрэя Мельнікава “Гэта МЫ!” праз два дзясяткі гадоў пасля стварэння, з сумам заўважаеш, што песні, якія ўвасобілі перажыванне пэўным чалавекам падзей пэўнага часу, яго пачуцці, эмоцыі, думкі на гэты конт, засталіся актуальнымі і сёння. Тыя тэндэнцыі, якія вызначыліся ў жыцці Беларусі часу стварэння альбома і якія ў стылі хвацкага сцёбу паўстаюць у песнях Андрэя Мельнікава, на жаль, сталі характэрнымі рысамі нашага часу. Але ж ёсць надзея, што калі-небудзь радкі песень альбома страцяць сваю актуальнасць, і мы будзем жыць у краіне з зусім іншымі рэаліямі.