Re1ikt змяніў назву і выпусціў новы альбом (слухаць)
Беларускі гурт Re1ikt абвясціў пра тое, што альбом калектыву «Дрэва жыцця» выходзіць пад новай шыльдай.
Стылізаваная адзінка ў назве каманды саступіла месца лацінскай «L». Гэта зроблена для таго, каб пазбегнуць блытаніны. Цяпер у гурта і новы лагатып, створаны на аснове шрыфту, якім быў напісаны Статут Вялікага Княства Літоўскага — першая еўрапейская канстытуцыя.
Шосты студыйны альбом Relikt стане падарункам для меламанаў: дыск запісваўся і зводзіўся на той самай легендарнай кансолі SSL 4000 з лос-анджэлескай студыі кампаніі Yamaha, з якой працавалі Motorhead, Стыві Уандэр, Чэт Аткінс ды іншыя зоркі.
Апроч візітнай карткі Relikt — незвычайных гітарных эфектаў і шматстайнай перкусіі — у новых кампазіцыях калектыву можна пачуць мноства рэдкіх, незвычайных для рок-музыкі, этнічных інструментаў: глюкафон ручной працы з нестандартным строем, беларускія дудкі, ксілафон, баян.
Акрамя таго, альбом атрымаўся інтэрнацыянальным. У запісе ўдзельнічалі баяніст-віртуоз Аляксандр Ясінскі (Прага), вакалістка гурта Ilo & Friends Ілона Карпюк (Беласток), а таксама культавая фігура беларуска-польскага андэграўнду Юрка Асеннік, які не толькі выканаў адну з песень, але і стварыў вокладку дыска.
Канцэптуальна назва альбома адсылае да вядомага ў многіх народаў міфалагічнага архетыпу сусветнага дрэва — сакральнага цэнтра Сусвету.
«Плыта “Дрэва жыцця” звязаная з фундаментальнымі паняццямі чалавечага быцця: жыццё і смерць, дабро і зло, канец і пачатак, а таксама з'яўляецца ключавым сімвалам беларускай міфалогіі і культуры, — кажа лідар Relikt бубнач Аляксандр Дземідзенка. — Нам хочацца, каб песні, якія спявалі нашыя продкі, бабулі і дзядулі, не зніклі, а працягвалі гучаць на фестывалях, у клубах і айпадах, каб дрэва нашага роду і народа не засыхала, але давала новыя парасткі».
У альбом увайшлі дзесяць унікальных старажытных беларускіх народных песень,
сабраных у розных кутках нашай краіны. Навуковымі кансультантамі рэлізу
выступілі гісторык, даследчыца традыцыйнай культуры Алена Ляшкевіч і этнограф,
спецыялістка ў этнічным спеўным выкананні Ірына Мазюк.
Паводле прэс-рэлізу