400 гадоў пад забаронай. Як Ватыкан у 1966 годзе адмяніў «Індэкс забароненых кнігаў»
Ватыканскі Index Librorum Prohibitorum быў заснаваны ў 1559 годзе пад уладай Папы Паўла IV. Гэты сьпіс імкнуўся ачысьціць публічную сферу ад тэкстаў, якія лічыліся ерэтычнымі, блюзьнерскімі або іншым чынам шкоднымі для веры і маралі. Толькі ў 1966 годзе Папа Павел VI скасаваў гэты вялікі індэкс. Верагодна, вы чыталі нешта зь яго.
Як дайшлі да стварэньня сьпісу?
1559 год, адзначаны выданьнем Index Librorum Prohibitorum, трапіў на пераломны этап эўрапейскай гісторыі. Сярэдзіна XVI стагодзьдзя характарызавалася моцнай хваляй пратэстанцкай Рэфармацыі, якая пачалася ў 1517 годзе з «Дзевяноста пяці тэзісаў» Марціна Лютэра. Хуткі распаўсюд рэфармацыйных ідэяў, якому спрыяла зьяўленьне друкарскага станка, паставіла перад каталіцкім касьцёлам новыя выклікі. У адказ Каталіцкі Касьцёл ініцыяваў магутны рух, вядомы нам як Контррэфармацыя. Гэта была глыбокая перабудова стратэгіі і палітыкі Касьцёла, скіраваная на нутраныя рэформы.
Трыдэнцкі сабор (1545-1563) стаў галоўнай падзеяй ў гэтым руху. Ён увасабляў рашучасьць Касьцёла вырашыць праблемы, узьнятыя рэфарматарамі, і пацьвердзіць прынцыпы каталіцкай дактрыны. У гэтых абставінах і быў задуманы Індэкс як стратэгічны інструмэнт для барацьбы з распаўсюдам ерэтычных пратэстанцкіх твораў.
Індэкс дзейнічаў пры Кангрэгацыі Сьвятой інквізыцыі. Гэтаму органу было даручана падтрымліваць дактрынальную чысьціню. Забараняючы кнігі, якія прапагандавалі пратэстанцкія дактрыны, такія як кнігі Лютэра, Кальвіна і пазьней Цвінглі, Касьцёл імкнулася абмежаваць іх уплыў.
Як выбіралі
Па сутнасьці, галоўным крытэрыем для забароны кнігі была яе меркаваная здольнасьць падарваць рэлігійнае вучэньне Каталіцкага Касьцёла.
Ерась была самай простай прычынай уключэньня кнігі ў Індэкс. Тэксты, якія ставілі пад сумнеў або супярэчылі асноўным вучэньням Касьцёла, або якія падтрымлівалі нейкія раскольніцкія рухі, мелі амаль стоадсоткавую верагоднасьць трапіць у сьпіс.
Пад пільную ўвагу трапляў і маральны зьмест літаратуры. Касьцёл пазыцыянаваў сябе як маральны компас грамадзтва, і любы тэкст, які прапагандаваў тое, што ён лічыў амаральнымі паводзінамі — ці то з дапамогай адкрытага сэксуальнага зьместу, нецэнзурнай лексікі або праслаўленьня грахоўных учынкаў — быў неадкладна забаронены.
Кнігі, у якіх закраналіся тэмы кіраваньня, якія маглі падбухторваць да непадпарадкаваньня, або якія крытыкавалі манархаў, якія былі ў хаўрусе з Касьцёлам, таксама часта траплялі ў Індэкс.
Фактычны працэс вывучэньня і ўнясеньня ў Індэкс забароненых кнігаў ўключаў камісію тэолягаў і іншых навукоўцаў, якія разглядалі падазроныя тэксты. Рашэньні аб тым, якія кнігі забараніць, часта выклікалі сур’ёзныя тэалягічныя і філязофскія дэбаты. Аднак, як толькі кніга была ўнесеная ў Індэкс, эфект быў неадкладным. Усім вернікам каталікам было забаронена чытаць або мець яе.
Некаторыя вядомыя творы
Галілеа Галілей
Мабыць, ніводны выпадак не паказвае лепшага прыкладу цяжкіх адносінаў Касьцёла з навукай, чым кейс Галілея. Падтрымка геліяцэнтрызму Каперніка ў «Дыялёгу аб дзьвюх галоўных сусьветных сістэмах» наўпрост кінула выклік геацэнтрычным поглядам, якія традыцыйна падтрымліваў Касьцёл. Касьцёл палічыў яго сцьвярджэньні — што Зямля рухаецца вакол Сонца, а не наадварот — ерасьсю. Асуджаны да хатняга арышту ў 1633 годзе, Галілей адмовіўся ад сваіх высноваў, і яго працы былі зьмешчаныя ў Індэксе.
Жан Жак Русо
Ён быў філёзафам эпохі Асьветніцтва, які востра і непрыязна ставіўся да Касьцёла, асабліва сваёй кнігай «Грамадзкая дамова». Русо выказаў здагадку, што легітымнасьць урада вынікае са згоды кіраваных, а не боскага права або касьцёльнай ухвалы. Ідэі аб грамадзянскай рэлігіі і асабістай веры таксама моцна супярэчылі каталіцкай веры.
Адам Міцкевіч
Так-так, і наш геній трапіў у Індэкс забароненых кнігаў. Вядома, не за Пан Тадэвуш ці Дзяды, а за твор іншага характару. У Парыжы, пасьля вымушанай эміграцыі з радзімы пасьля Паўстаньня 1830-1831 гадоў, ён пазнаёміўся з ідэямі рэлігійнага філёзафа-містыка Анджэя Тавяньскага (заснавальніка тавянізму). Той у сваю чаргу нібы “размаўляў з духамі”.
Гэты містык паўплываў на сьветапогляд Міцкевіча, і гэта прывяло да таго, што ў 1848 годзе творы Адама Міцкевіча «Касьцёл і Мэсія» і «Афіцыйны Касьцёл і мэсіянізм» уключылі ў «Індэкс забароненых кнігаў».
Жан-Поль Сартр
Французскі камуніст і атэіст, які ў свой час атрымаў Нобэлеўскую прэмію, усім сваім зборам твораў трапіў у Індэкс забароненых кнігаў. Вядомы сваім выразам «Кожны антыкамуніст — свалата», падаецца, не меў шанцаў не пабываць у сьпісе.
Забесьпячэньне забароны
Рэалізацыя Індэкса была найбольш строгай на тэрыторыях, дзе каталіцкі касьцёл захоўваў моцны палітычны ўплыў, такіх як італьянскія дзяржавы, Гішпанія і Партугалія. Мясцовыя інквізыцыі былі магутнымі інстытутамі, убудаванымі ў дзяржаўны апарат, надзеленымі паўнамоцтвамі рассьледаваць, арыштоўваць і караць тых, хто парушае Індэкс.
У такіх краінах, як Францыя і так званая Сьвятая Рымская імпэрыя, дзе ўлада Касьцёла была не такой моцнай праз магутнасьць сьвецкай улады або значнага насельніцтва пратэстантаў, выкананьне было больш непасьлядоўным. Тут Касьцёл павінны быў весьці перамовы са сьвецкімі кіраўнікамі, каб забясьпечыць выкананьне Індэкса. У Францыі, напрыклад, суверэнныя суды часам супраціўляліся Індэксу, адстойваючы сваё права вызначаць, якія кнігі можна друкаваць і прадаваць.
Наступствы валоданьня, чытаньня або распаўсюду забароненых кнігаў былі сур'ёзнымі. Пакараньне магло вар'іравацца ад штрафаў і публічнага пакаяньня да турэмнага зьняволеньня і нават экзэкуцыі, хаця апошняе было звыш рэдкасьцю і звычайна прызначалася для найбольш грубых правапарушальнікаў або ерэтыкоў.
Уладальнікам забароненых кнігаў патрабавалася перадаць іх касьцёльным уладам, якія альбо зьнішчалі кнігі, альбо выдалялі забаронены зьмест. У некаторых выпадках асобаў, злоўленых з забароненымі кнігамі, маглі адлучыць ад касьцёлу.
Скасаваньне забароны
Апошняя вэрсія Індэкса была апублікаваная ў 1948 годзе. 20-е і апошняе выданьне ўтрымлівала каля 4000 назваў, прысьвечаных ерасі, пытаньням маральнасьці і сэксуальнай непрыстойнасьці.
Другі Ватыканскі Сабор, скліканы Папам Янам ХХІІІ у 1962 годзе і працягнуты пры Папе Паўле VI, стаў амаль рэвалюцыйным у сучаснай гісторыі Каталіцкага Касьцёла. Яго мэта заключалася ў разглядзе адносінаў паміж Рымска-каталіцкім касьцёлам і сучасным сьветам, і гэта прывяло да шэрагу карэнных зьменаў у падыходзе Касьцёла да тэалёгіі, культу і яго ўзаемадзеяньня з грамадзтвам. Сярод галоўных тэмаў Сабору былі свабода веравызнаньня, роля сьвецкіх і адносіны Касьцёла да нехрысьціянскіх рэлігіяў.
Падчас Сабору расло разуменьне таго, што Касьцёл павінен перагледзець сваю пазыцыю адносна цэнзуры і інтэлектуальнай свабоды.
Папа Павел VI афіцыйна скасаваў Індэкс 9 красавіка 1966 года, калі абнародаваў «Паведамленьне аб скасаваньні Індэкса кнігаў», выдадзенае Кангрэгацыяй Веравучэньня, якая прыйшла на зьмену Інквізыцыі.