Ад сучаснага да традыцыйнага

Прапануем чытачам прайсціся па новых экспазіцыях, якія адчынены ў мінскіх музеях. (На здымку: Карціна Пятра Асоўскага)



217eedd1ba8c592db97d0dbe54c7adfc.jpeg

Прапануем чытачам прайсціся па новых экспазіцыях, якія адчынены ў мінскіх музеях.

(На здымку: Карціна Пятра Асоўскага)


Як звычайна, галерэя «Універсітэт культуры» (Палац Рэспублікі на Кастрычніцкай плошчы) імкнецца прывабіць канцэптуальным праектам, які яе кіраўніцтва праводзіць да Міжнароднага дня абароны дзяцей 1 чэрвеня разам з Прадстаўніцтвам ААН у Беларусі — «Бэбі-бум!».
Маладосць увасабляюць творцы, ужо вядомыя і яшчэ не, — беларускія мастакі, скульптары, дызайнеры, фатографы, а свет дзяцінства — абраная імі тэматыка: чароўнасць дзіцячых гадоў, пошук адпаведнага ўзросту бачання навакольнага асяроддзя, увасабленне гульняў, фантазіяў, творчых ідэй. І пошук праз «дзіцячую» мову нестандартных і свежых форм мастацкай выразнасці.

farm4.static.flickr.com__3324_3603672930_6b95fcb863c0f667e966b25be773407d.jpeg

Святло дзяцінства — не заўсёды шчаслівае: экспазіцыю дапаўняе прапанаваны Офісам спецыяльнага прадстаўніка генеральнага сакратара ААН па ўдзеле дзяцей у ваенных канфліктах фотапраект «Дзеці вайны: разбуранае дзяцінства». Што ж, важны дадатак, хаця ў Беларусі, як і на ўсёй постсавецкай прасторы, ці не істотней была б тэматыка «Дзеці таталітарнага і посттаталітарнага грамадства». Гледачы старэйшыя за сённяшніх юнакоў прыгадалі б пятнаццацігадовай даўніны цыкл Артура Клінава «Смерць піянера».
Але ўлічваючы драматычны лёс «Падземкі», чыя выставачная актыўнасць і нестандартнасць фармулявання экспазіцыйных ідэй паставіла перад ёй непераадольныя праблемы, цяжка чакаць ад невялікіх, тым больш дзяржаўных галерэй, прэтэнзій на аналітычную рэфлексіўнасць. Таму ў светлых мроях дзяцінства шукаем пераважна станоўча-аптымістычнае. Як у выставе малюнкаў 16-гадовай Марыі Коўзун «Вось яны, мае ўлюбёныя і забаўныя», што прадстаўляюць 11 гадоў сталення мастачкі ў студыі Рышарда Мая. Зрэшты, гісторыя росту творцы-пачынальніка — з дзіцяці ў маладую дзяўчыну — таксама цікавы тэматычны ракурс (галерэя «Вільнюс» на Каліноўскага, 55, па 29 чэрвеня).
У Палацы мастацтва (Казлова, 3) — змена экспазіцыі. 31 мая закрылася выстава кніжнай і часопіснай графікі «Мастак і Кніга», якая ўвасабляла сабой удалую спробу Саюза мастакоў адрадзіць колішнюю практыку штогадовых імпрэзаў ілюстратараў, якія праводзіліся з 1997 года звычайна ў звязцы з правядзеннем Мінскага кніжнага кірмашу (канцэпцыю тады распрацоўвалі Пётр Васілеўскі і Уладзімір Лукашык). Змяніла кніжную графіку выстава «Сад Венеры», што адкрылася 3 чэрвеня.
«Сад Венеры» — зварот да не самай пашыранай у беларускім мастацтве тэмы «ню», аголенасці, да аналізу фізічнага, эстэтычнага, культуралагічнага пераасэнсавання ў мастацтве чалавечага цела ў першатворнай адкрытасці. Галерысты абяцаюць прывабіць гледача вобразамі вытанчанай прыгажосці і гармоніі, і насычаных калізій. Тэма «ню» патрабуе ад творцы, пазбаўленага магчымасці скарыстаць знакавы шэраг сацыяльных і культурных прывязак у атрыбутах і дадатковых дэталях, узмацнення паэтычнасці мастацкай мовы і яе фармальнай экспрэсіі.
Галоўны Нацыянальны мастацкі музей краіны (на Леніна, 20), прываблівае чарговымі знаёмствамі з культурай блізкіх і далёкіх краёў. Творчасць Пятра Асоўскага (выстава «Рамантыка славянскіх земляў»), прадстаўніка пакалення слыннага «суровага стылю» 1960-х, збольшага вядомая гледачу: экспрэсія яркіх фарбаў і «рубленых» лаканічных форм, эстэтыка больш шчырых і простых вобразаў, народжаная хрушчоўскай адлігай. Сёння: адчуванне спецыфічнага духу «агульнаславянскай» з’яднанасці, у межах мастацкай «паліткарэктнасці», але не без адчування духу вялікай палітыкі.
Затое «Традыцыйнае мастацтва Карэі», прадстаўленае па ініцыятыве амбасады Рэспублікі Карэя і падтрымцы Дзяржаўнага музея этнаграфіі гэтай

farm4.static.flickr.com__3304_3602860619_ac7ae15bc52bc78ae7169f16181fe26f.jpeg

краіны — падарожжа ў далёкі і нязнаны край.
Творы будысцкага жывапісу і скульптуры, вынік пераасэнсавання рэлігійных прынцыпаў на нацыянальнай глебе. Узоры першага ў свеце

разборнага металічнага шрыфту XV стагоддзя (азбука Хангыль), створаныя па ўказе правіцеля краіны караля Сечжона ад 1443 года.
Мастацтва керамікі высокага тэхналагічнага ўзроўню, запазычанае з Кітаю, але пераўвасобленае на свой эстэтычны лад: разнастайныя формы, нестандартны дэкор. А таксама выдатныя творы дэкаратыўнага мастацтва, інкрустацыя перламутрам, бычыным рогам, металічныя вырабы.

Дадайце паказаныя копіі жывапісных работ прафесійнага майстра побытавых, жанравых, анімалістычных, рэлігійных сюжэтаў і партрэтаў Кіма Хонда (1745–1806) — энцыклапедыю жыцця Карэі XVIII — пачатку XIX стагоддзя. Каля 30 работ, копій твораў класічнага карэйскага мастацтва, перадаецца ў падарунак Мастацкаму музею Беларусі. Як не прыгадаць дыскусію на нядаўніх чытаннях у гонар 100-годдзя шматгадовай дырэктаркі Мастацкага музея Алены Аладавай пра неабходнасць стварэння якасных копій з беларускіх ікон, старых партрэтаў — хоць бы дзеля экспанавання ў сваіх правінцыйных музеях або дзеля вяртання пазык беларускім храмам. Капіраванне — гэта і пашырэнне, зберажэнне культурнай традыцыі.

 Здымак 2: Экспазіцыя выставы карэйскага мастацтва

 Здымак 3: Карціна Марыі Коўзун