Адкрылася фотавыстава Уладзіміра Суцягіна «Сузіранне»
17 ліпеня ў Мінску, у Гарадской мастацкай галерэі твораў народнага мастака Беларусі Леаніда Шчамялёва адкрылася фотавыстава вядомага беларускага фотамастака Уладзіміра Суцягіна «Сузіранне».

Уладзімір Суцягін. Фота Марата Гаравога
Уладзімір Суцягін нарадзіўся 20 лістапада 1955 году ў Ніжнім Ноўгарадзе. Пасля заканчэння сярэдняй школы ў 1973 годзе стаў асвойваць спецыяльнасць «фатограф шырокага профілю» ў прафесійна-тэхнічным вучылішчы. З 1975 па 1978 гады служыў у ваенна-марскім флоце СССР на атамнай падводнай лодцы. З 1980 году жыве ў Мінску і працуе ў сферы рэстаўрацыі помнікаў культуры. Удзельнічаў у 40 фотавыставах у Беларусі, Бельгіі, Італіі, Расіі, Украіне і Эстоніі.
Кіраўнік галерэі, мастацтвазнаўца Таццяна Бембель адзначыла, што ў сваіх лепшых працах Уладзімір Суцягін перадае іншым мажлівасць перажыць ціхія экстазы малітоўнага сузірання сам-насам з Прыродаю, у якой разліты Дух.

Паводле яе словаў, глыбокая ўкаранёнасць у сэнсавай традыцыі выяўленчага мастацтва, кампазіцыйная культура, аналіз дасягненняў 500-гадовай гісторыі жывапісу як святлапісу, прычым не толькі і не столькі дзеля фармальнага эфекту — усё гэта ў нечым важнае вылучае Уладзіміра Суцягіна сярод многіх цудоўных прафесіяналаў з выдатнай фотатэхнікай у руках.
Мастацтвазнаўца паведаміла, што экспазіцыя з’яўляецца анонсам альбома Суцягіна «Встречая свет», прэзентація якога адбудзецца ў жніўні пад час закрыцця выставы «Сузіраннне».

Вядомы беларускі фотамастак, заслужаны работнік культуры Беларусі Юрый Васільеў адзначыў, што творчасць Уладзіміра Суцягіна займае асобае месца ў беларускім фотамастацтве. «Людзей, якія здымаюць на фотаплёнку класічныя здымкі з найтанчэйшымі нюансамі, з пастаўленым ці падгледзеным светам, з дасканала выразнымі кампазіцыямі, у краіне засталіся адзінкі. Сваёй творчасцю Суцягін пераконвае, што фатаграфія ўсе ж такі штосьці значыць», — сказаў Юрый Васільеў.
Фота Марата Гаравога
Працы Уладзіміра Суцягіна










