Агінскі мусіць быць... па-беларуску!

На платформе talaka.by абвешчаны збор сродкаў на выданне мемуараў Міхала Клеофаса Агінскага па-беларуску.

b7ee26ad00ba26ef30f86fd37d3d.png


Міхал Клеофас Агінскі — кампазітар, дзяржаўны і вайсковы дзеяч Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, сенатар Расейскай Імпэрыі. Граф, удзельнік паўстання Т. Касцюшкі, двойчы эмігрант, выдатна прыняты пры большасці каралеўскіх двароў Еўропы, добра знаёмы з імператарамі Напалеонам І і Аляксандрам І. У 1826-1827 у Парыжы выдаў 4-томныя «Мемуары пра Польшчу і палякаў з 1788 да 1815 г» (на французскай мове, у 1870 — 1873 перакладзеныя на польскую мову), у якіх неаднойчы ўзгадвае пра свае беларуска-літвінскія карані. Таксама напісаў «Лісты пра музыку» (1828, выдадзеныя ў 1956). Меў асабістае знаёмства з В.А.Моцартам і Ё.Гайднам, а таксама быў вучнем такіх выбітных майстроў як П.М.Ф.Баё, Ч.Ф.Ляфона, Т.Кампанэлі.
Найлепшыя свае гады Міхал Клеофас правёў у Маладэчне і Залессі блізу Смаргоні. Верагодна, што там жа ён і напісаў свой самы знакаміты паланэз!
«Мемуары Міхала Клеофаса Агінскага павінны нарэшце пабачыць свет па-беларуску!
Надышоў час дзеля іхняга перакладу, бо пераклад на беларускую меморыяў жыцця вялікага дзеяча дасць магчымасць дакрануцца да часоў 18 — 19 стст. – Эпоху Вялікага Злому, калі знікла старадаўняя наша дзяржава, а таксама спазнаць з першакрыніцы пра лад і культуру тых часоў, ды і пра само жыццё і дзейнасць Агінскага!» — кажуць ініцыятары праекту.  

ea9801dc7a4821cbc4dd1d308208.png


Ужо перакладзеныя першыя тры тамы мемуараў, а таксама «Мая біяграфія» і  «Назіранні за падзеямі … у 1830-31гг.». Яны таксама будуць выдадзеныя непасрэдна разам з Мемуарамі. Перакладам займаўся пан Вольф Рубінчык — палітолаг, перакладчык, даследчык, журналіст і вядомы шахматыст. Пераклад 4 тома зойме да 2 месяцаў, пасля чаго можна будзе пачаць падрыхтоўку да поўнага выдання «Мемуараў».
У планах таксама прыцягнуць да справы кваліфікаваных гісторыкаў дзеля стварэння навуковага камэнтару і тлумачэнняў. Чакаецца, што выданне мемуараў М.Кл.Агінскага па-беларуску стане якасна новым прадуктам з пункту гледжання прапрацоўкі ягонай эпохі і азнаямлення з ёй праз асобу выбітнага земляка.

34780c061f3cce965d648ceeba06.png


Кожны партнёр праекту атрымае магчымасць набыць выданне з друку па ільготным кошце, альбо нават у падарунак, але гэта залежыць ад узроўню вашай дапамогі!
Электронная версія з'явіцца праз 6 месяцаў пасля заканчэння збору грошай, друкаваная — у верасні 2017 года. Плануецца друк у літоўскім выдавецтве.
Ахвярадаўцам аўтары праекту прапануюць розныя цікавосткі: шчырыя падзякі, ганаровыя граматы, сувеніры, запрашэнне на баль у старажытным палацы, а таксама «Мемуары… М.Кл.Агінскага» па-беларуску!
На дадзены момант сабрана 60 рублёў з 4500 патрэбных. Вы можаце падтрымаць праект фінансава ці прапанаваць якую іншую дапамогу.