Алег Трусаў, старшыня ГА «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны: Родная зямля без роднай мовы — чужына

Зараз, фактычна, мы перажываем жорсткі крызіс моўнай, нацыянальнай і культурнай самаідэнтыфікацыі беларускага народа.

Што маем

Гэты год указам прэзідэнта абвешчаны Годам роднай зямлі. Указ выйшаў “у мэтах зберажэння і пашырэння нацыянальнага, духоўнага і культурнага набытку, гістарычнай спадчыны і прыродных багаццяў краіны. Адразу ўзнікае рытарычнае пытанне: “А ці можна існаваць родная зямля без роднай мовы, якая, несумненна, наш асноўны духоўны і культурны набытак?



c06d06da9666a219db15cf575aff2824.jpg

Зараз, фактычна, мы перажываем жорсткі крызіс моўнай, нацыянальнай і культурнай самаідэнтыфікацыі беларускага народа.
Што маем
Гэты год указам прэзідэнта абвешчаны Годам роднай зямлі. Указ выйшаў “у мэтах зберажэння і пашырэння нацыянальнага, духоўнага і культурнага набытку, гістарычнай спадчыны і прыродных багаццяў краіны. Адразу ўзнікае рытарычнае пытанне: “А ці можна існаваць родная зямля без роднай мовы, якая, несумненна, наш асноўны духоўны і культурны набытак?
Адказ просты — не, не можа, бо спачатку было слова, а спрадвечнае беларускае слова, вытокі якога сягаюць у першае тысячагоддзе нашай эры, аб’яднала і захавала наш народ як еўрапейскі этнас, што здолеў аднавіць сваю незалежнасць у межах сённяшняй Рэспублікі Беларусь.
На працягу апошніх 14-ці гадоў у Беларусі адбываецца няўхільнае скарачэнне колькасці беларускамоўных школ, класаў, дзіцячых садкоў. З года ў год змяншаецца колькасць вучняў, якія навучаюцца па-беларуску, колькасць дашкольнікаў, якія чуюць беларускую мову ў садках, колькасць студэнтаў, якія слухаюць беларускамоўныя лекцыі ў ВНУ. З года ў год змяншаецца колькасць вучняў, якія ідуць у беларускамоўныя першыя класы. Па звестках Міністэрства адукацыі, на пачатак 2008–2009 навучальнага года ў агульнаадукацыйных установах з беларускай мовай навучання ўсіх тыпаў вучыцца 18,4 працэнта вучняў. У гарадскіх школах краіны ў першых класах на беларускай мове вучыцца толькі 1,9 працэнта вучняў. Мы бачым моцны крызіс моўнай і нацыянальна-культурнай самабытнасці нашага народа.
Негатыўныя тэндэнцыі ў беларускамоўнай адукацыі яшчэ ў 2001 годзе былі прызнаныя Міністэрствам адукацыі, якое для паляпшэння сітуацыі 27 жніўня выдала Пастанову № 48 разам з “Праграмай дадатковых мер па пашырэнні сферы выкарыстання беларускай мовы ў сістэме адукацыі. Аднак гэтыя дакументы засталіся, за некаторым выключэннем, толькі на паперы, як і праграмы аналагічнага зместу абласных выканаўчых камітэтаў.
Разам з тым, беларускае грамадства рэальна губляе навыкі беларускага маўлення. Страчваецца нацыянальная тоеснасць і адметнасць. Па-сутнасці, узнікае касмапалітычны соцыум, што ў эпоху глабалізацыі нясе рэальную пагрозу існаванню беларускага этнасу і беларускай дзяржавы.
Што патрабуем
У сувязі з гэтым Рада ТБМ заўсёды выказвала крайнюю занепакоенасць тымі наступствамі, якія нясе Беларусі страта моўнай самабытнасці. Быў заяўлены рашучы пратэст супраць бяздзеяння ўладаў у галіне беларускамоўнай адукацыі і выказана патрабаванне неадкладна вярнуцца да поўнага выканання “Праграмы дадатковых мер па пашырэнні сферы выкарыстання беларускай мовы ў сістэме адукацыі 2001 года.
ТБМ канстатуе гатоўнасць усіх рэгіянальных структур нашага аб’яднання аказаць на месцах самую дзейсную дапамогу ўстановам адукацыі ў выкананні вышэйназванай праграмы і звяртаецца да ўсіх грамадзян Беларусі, асабліва да бацькоў будучых першакласнікаў, каб яны ўжо зараз падавалі заявы пра жаданне навучаць сваіх дзяцей на беларускай мове. ТБМ прапануе беларускім студэнтам таксама патрабаваць з верасня гэтага года беларускамоўнага навучання і ўжо зараз аб’ядноўвацца ў адпаведныя групы і плыні ў сваіх ВНУ.
Крызіс нацыянальнай самабытнасці беларускага этнасу не менш страшны і цяжкі, чым фінансавы або эканамічны, і патрабуе самай пільнай увагі з боку дзяржавы і ўсяго грамадства.
Чаго дамагліся
Трэба сказаць, што сябры і прыхільнікі ТБМ таксама не сядзяць склаўшы рукі. Дзякуючы ТБМ у ВНУ захаваны абавязковы курс “Беларуская мова. Прафесійная лексіка, а гісторыю і геаграфію ў рускамоўных школах са згоды бацькоў, вучняў і настаўнікаў зноў можна выкладаць па-беларуску.
Напрыканцы жніўня 2006 года ўлады абвясцілі пра будучыя змены ў беларускім правапісе, але абмеркавання ў грамадстве па гэтым пытанні не прапанавалі. Дзякуючы намаганням ТБМ, такое абмеркаванне адбылося ў нашай сядзібе. Прапанаваныя дадаткі і заўвагі былі накіраваныя ў Адукацыйную камісію Палаты прадстаўнікоў. Некаторыя з іх былі ўлічаны, і дзякуючы гэтаму апошняя версія закона, прынятая ў мінулым годзе, стала больш прыдатнай для карыстання.
Некалькі слоў пра поспехі Таварыства беларускай мовы ў рэалізацыі адной з ідэй у сферы СМІ. Вы памятаеце, як 4 гады таму мы ў “Стратэгіі развіцця беларускай мовы ў ХХІ стагоддзі запісалі ў якасці адной з задач — стварэнне беларускамоўнага спадарожнікавага тэлеканалу. З нашай ініцыятывы распачалося грамадскае абмеркаванне гэтай ідэі. Шмат хто заяўляў пра тое, што гэта ўтапічны праект. Аднак, як кажуць, добра смяецца той, хто смяецца апошні. 10 снежня 2007 года пачаў сваё вяшчанне тэлевізійны спадарожнікавы беларускамоўны канал “Белсат, які можна глядзець кожны дзень праз спадарожнікі “Астра і “Сірыус. Напрыканцы мінулага года была створана кансультацыйная рада тэлеканала “Белсат, якую ўзначаліў былы кіраўнік Беларускай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі, сябра Рады ТБМ, паэт Генадзь Бураўкін.
Дзякуючы нашым захадам зараз гучаць у эфіры дзве цалкам беларускамоўныя радыёстанцыі — “Еўрапейскае радыё для Беларусі і “Радыё Рацыя; загаварылі па-беларуску “Нямецкая хваля і “Радыё Швецыі, пашырылася сфера выкарыстання беларускай мовы на транспарце; родная мова загучала ў метро, трамваях, аўтобусах, тралейбусах і электрацягніках. Уся філатэлістычная прадукцыя суправаджаецца тэкстамі на беларускай мове.
Мы імкнёмся, наколькі гэта магчыма, заўважаць і падтрымліваць рупліўцаў беларускай мовы, дасылаем лісты з падзякамі тым прадпрыемствам, якія пачалі выкарыстоўваць роднае слова. Гэта розныя замежныя фірмы і беларускія прадпрыемствы. Мы ўдзячныя Міністэрству сувязі і інфарматызацыі, якое прыслухоўваецца і, па магчымасці, улічвае нашы прапановы па выпуску паштовай прадукцыі на беларускай мове. Шмат гадоў нам спрыяе Федэрацыя беларускіх прафсаюзаў, дзякуючы фінансавай падтрымцы якой мы маем магчымасць падпісаць шэраг раённых школьных бібліятэк, а таксама музеяў на беларускія выданні.
Сумеснымі намаганнямі
Жыццядзейнасць ТБМ, станоўчыя вынікі яго працы наўпрост звязаныя з пастаяннымі стасункамі ўнутры структуры — ад абласных арганізацый да кожнай суполкі і асобных сяброў, а таксама з іншымі грамадскімі арганізацыямі (ЗБС “Бацькаўшчына, Саюз беларускіх пісьменнікаў, ТБШ, ГА “Ветэраны адраджэння, суполка мастакоў “Пагоня, грамадскі рух БНФ “Адраджэнне), і нават з уладнымі структурамі рознага ўзроўню.
Працягваюцца літаратурныя сустрэчы пісьменнікаў з мінчукамі. Яны адбываюцца на сядзібе ТБМ, у школах, навучальных установах, бібліятэках Мінска. Сустрэчы, што праходзяць на сядзібе ТБМ, загадзя анансуюцца ў незалежных СМІ: газетах “Новы час, “Наша слова, “Народная воля, “Наша ніва. Слухачы атрымліваюць бязвыплатна шмат асобнікаў розных цікавых кніг і брашураў.
На курсах беларускай мовы, якія ладзіць Алена Анісім, прысутныя спасцігаюць навуку быць беларусамі: знаёмяцца з каляндарна-абрадавымі святамі, даведваюцца пра цікавыя, але малавядомыя мясціны ў Беларусі, практыкуюцца ў карыстанні беларускай мовай у розных сітуацыях. І з гэтага практычнага вопыту выразна праступае наступная задача ТБМ — неабходнасць стварэння беларускамоўных асяродкаў, магчыма, у выглядзе розных клубаў ці чагосьці падобнага. А калі глядзець далей і шырэй — арганізацыя моладзевага руху ўнутры ТБМ. Вядома, без залішняй фармалізацыі, але з рэальнымі цікавымі для моладзі справамі і акцыямі. Гэта, у сваю чаргу, дапаможа вырашыць справу з кадрамі.
Акрамя таго, на курсах беларускай мовы вырашана распачаць працу над стварэннем размоўнікаў “Як гэта сказаць па-беларуску. Удзельнікі курсаў рыхтуюць беларускую частку. А для ажыццяўлення перакладных частак — нямецкай, італьянскай, шведскай, англійскай — будзем шукаць партнёраў.
Будзьма!
З 1 кастрычніка ТБМ у супрацоўніцтве з ЗБС “Бацькаўшчына, Саюзам беларускіх пісьменнікаў і іншымі грамадскімі арганізацыямі бярэ актыўны ўдзел у грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма. У аснове акцыі — пашырэнне ўяўлення маладых пра сябе як прадстаўнікоў беларускай нацыі, пачуванне сябе беларусамі. Лічым, што менавіта сёлета, у год чарговага перапісу насельніцтва, вельмі важна несці ў народ роднае слова. У межах кампаніі ТБМ арганізавала сустрэчы ў розных гарадах Беларусі: Мінску, Баранавічах, Лідзе, Наваполацку, Магілёве, Валожыне, а таксама ў Дзятлаўскім, Лідскім, Нясвіжскім, Мінскім і іншых раёнах.
Да 200-х угодкаў В. Дуніна-Марцінкевіча, якія адзначаліся 4 лютага 2008 года, мы падрыхтавалі і надрукавалі кішэнны каляндар на 2008 год. Па нашай прапанове ўлады выдалі паштовую марку і адмысловы канверт з выявай класіка беларускай літаратуры, у Бабруйску быў пастаўлены адпаведны помнік.
Да пачатку 2008–2009 навучальнага года ў сувязі з 220-мі ўгодкамі Івана Насовіча пабачыў свет кішэнны каляндар ТБМ, прысвечаны аўтару першага слоўніка беларускай мовы. Быў адноўлены выпуск адрыўнога беларускамоўнага календара “Родны край на 2009 год. Ён паступіў у продаж у верасні і хутка разышоўся.
У красавіку 2008 года ўлады Беларусі падвысілі арэндную плату за офісы ТБМ у 10 (!) разоў. Такім чынам, існаванне нашай арганізацыі стала праблематычным. Мы мусілі адмовіцца ад аплаты сядзібы ТБМ у Салігорску і звярнуліся праз СМІ да грамадзян Беларусі па фінансавую дапамогу.
Мы вельмі ўдзячныя рэдакцыі газеты “Новы Час за друкаванне нашых зваротаў з нумарам банкаўскага рахунка ТБМ. Людзі адгукнуліся, неслі і дасылалі свае ахвяраванні і складкі. Дзякуючы ім мы існуём у сённяшніх умовах і змаглі правесці Х з’езд Таварыства беларускай мовы.
Я прашу прабачэння ў тых, каму мы не здолелі даслаць асабістую падзяку і не паспелі надрукаваць іх імёны ў “Нашым слове. Усім нашы найлепшыя зычэнні і нізкі паклон.
Дарагія сябры, дзякуючы вашай падтрымцы сабраных грошай хапіла, каб плаціць высокую арэндную плату пачынаючы з красавіка мінулага года. Па прычыне дэвальвацыі беларускага рубля, зараз мы сталі плаціць за арэнду значна больш, чым у мінулым годзе. Але ж выстаялі.
Я зноў звяртаюся да чытачоў “Новага Часу, сяброў і прыхільнікаў роднага слова з просьбай ахвяраваць на наш рахунак (№ 3015212330014 у гардырэкцыі ААТ “Белінвестбанк, код 764) некалькі тысяч рублёў. Пакуль мы разам, мы жывём! Дык будзем з нашай мілай, роднай мовай і любай Бацькаўшчынай у любое надвор’е. Тады, упэўнены, абавязкова распагодзіцца.