Алена Макоўская: першы крок павінна зрабіць дзяржава
Пасля завяршэння працы пятага з’езда беларусаў замежжа новаабраная кіраўніца МГА «ЗБС «Бацькаўшчына» Алена Макоўская падзялілася сваімі меркаваннямі
адносна таго, як яна бачыць перспектывы супрацоўніцтва паміж беларусамі замежжа і дзяржавай.
— Ці задаволеныя Вы прысутнасцю на з’ездзе прадстаўнікоў органаў дзяржаўнага кіравання?
Пасля завяршэння працы пятага з’езда беларусаў замежжа новаабраная кіраўніца МГА «ЗБС «Бацькаўшчына» Алена Макоўская падзялілася сваімі меркаваннямі
адносна таго, як яна бачыць перспектывы супрацоўніцтва паміж беларусамі замежжа і дзяржавай.
— Ці задаволеныя Вы прысутнасцю на з’ездзе прадстаўнікоў органаў дзяржаўнага кіравання?
— «Бацькаўшчына» доўгі час апелявала да ўладаў у плане вырашэння пытанняў беларускай дыяспары. І я лічу заканамерным, што нарэшце мы былі пачутыя. Я спадзяюся, што наконт
пытанняў, якія былі агучаныя на з’ездзе, наконт выніковых дакументаў будуць прынятыя пэўныя канструктыўныя крокі дзяржавы ў дачыненні да беларусаў замежжа.
— У якім рэчышчы Вы бачыце магчымае супрацоўніцтва з дзяржавай?
— «Бацькаўшчына» прадстаўляе інтарэсы сваіх сяброў. А сяброў у нас шмат, і раскіданыя яны па ўсіх кантынентах. Гэта людзі абсалютна розных палітычных поглядаў, канфесій,
пакаленняў. Але ўсіх іх аб’ядноўвае адно — любоў да Беларусі. Гэтыя людзі вельмі шмат могуць даць сваёй краіне. Я думаю, што дзяржаўны інтарэс можа быць у падтрымцы гэтых людзей. Бо
гэта — наш інтэлектуальны, эканамічны патэнцыял, гэтыя людзі могуць ствараць іміджавыя цэнтры Беларусі ў свеце. Таму натуральна, што ўзаемадзеянне паміж Беларуссю і беларускай дыяспарай
мусіць ажыццяўляцца на дзяржаўным узроўні. А «Бацькаўшчына», якая аб’ядноўвае суполкі беларусаў у 25-ці краінах свету, можа рабіць маніторынг заўваг і прапаноў, абараняць і
прадстаўляць інтарэсы сваіх сяброў тут, будаваць разам наш беларускі дом.
— Леанід Гуляка выказаў меркаванне, што прагучала мала прапаноў, якія тычыліся эканамічнага, гандлёвага прадстаўніцтва...
— Такое пытанне таксама можа стаяць. Паралельна адбывалася секцыя бізнесоўцаў, былі прадстаўнікі нацыянальнага бізнесу. Ішла размова пра адказнасць бізнесу за развіццё нацыянальнай культуры.
Я ведаю, што былі прапановы зрабіць пэўныя інфармацыйныя захады, каб да ініцыятывы далучалася больш людзей. Думаю, гэта можа быць першым крокам. Мы разумеем, што цяпер эканамічны крызіс, і важна
прыцягненне інвестыцый, у тым ліку і ад беларусаў замежжа. Але хачу сказаць, што першы крок насустрач беларусам замежжа павінна зрабіць дзяржава. Калі ён будзе адчувальны, то беларусы замежжа
адгукнуцца, пойдзе хваля пад’ёму культурных, эканамічных праектаў. Але Рэспубліка Беларусь мусіць паказаць, што беларусы замежжа ёй патрэбныя.
— Якія бліжэйшыя задачы стаяць перад новаабраным кіраўніцтвам «Бацькаўшчыны»?
— Першасная задача — навесці парадак у адпаведнасці з прынятымі праўкамі і дапаўненнямі ў дакументах з’езда, менавіта адносна праграмы дзейнасці арганізацыі, а таксама
адносна прыняцця закона «Аб беларусах замежжа». Быў ухвалены шэраг дакументаў адносна беларускай культуры, ідэнтыфікацыі. Працы багата, і па многіх пытаннях мы будзем звяртацца да
органаў улады Рэспублікі Беларусь, бо без іх немагчымае станоўчае вырашэнне гэтых пытанняў.
— Напярэдадні з’езду многа размоў было наконт магчымай палітычнай афарбоўкі мерапрыемства, абмяркоўваліся кулуарныя інтрыгі.
— Размоваў было шмат, бо шмат было людзей. Але давайце меркаваць па выніках. З’езд прайшоў канструктыўна, нармальна, станоўча, прынятыя нармальныя дакументы, людзі задаволеныя, і
гэта галоўнае. Цяпер для нас пачынаецца штодзённая праца.
* * *
Упаўнаважаны па справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка:
— Калі я буду пералічваць, з чым згодны, а з чым — не, то трэба патраціць яшчэ два дні. Дзяржаўныя органы ўлады ставяцца да беларусаў замежжа і гэтага з’езда, я лічу, з
павагай. Дастаткова сказаць, хто тут быў і пра што сказаў. Я быў на з’ездзе ад пачатку да канца і валодаю сітуацыяй вельмі добра. Прагучала шмат слушных прапаноў. І, безумоўна, тыя
матэрыялы, якія накіруюць у самыя высокія органы ўлады, будуць разгледжаныя, вывучаныя, і тое, што магчыма, будзе ўспрымацца так, як успрымае дзяржава. Хацелася б, каб гаварылася не толькі пра
справы, звязаныя з беларускай мовай, законам аб замежжы. Хацелася б, каб больш было прапановаў узаемадзеяння, эканамічнага, гандлёвага і г. д. На жаль, гэтых прапановаў тут амаль не гучала. Будзем
вывучаць матэрыялы з’езда і выбудоўваць да іх стаўленне дзяржавы.