Андрэй Хадановіч: Удалы верш — маленькая выспачка добрых навін у бязмежжы дэпрэсіі

Беларускі паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч завітаў у Варшаву з прэзентацыяй сваёй новай кнігі «Фантомныя радасці».

a0a85016_ff5c_4600_8e6a_402eabf8cb10.jpg

У выданні змешчаны 70 вершаў у двух моўных версіях — беларускай і польскай. У кнізе ўпершыню друкуюцца гэтак званыя паслявыбарчыя вершы.

Кнігу ўкладаў сам Андрэй Хадановіч. Тры чацвертыя кнігі — гэта выбранае з сямі папярэдніх кніг, якія паэт пісаў апошнія 20 гадоў. Апошняя чвэрць — гэта зусім новыя актуальныя вершы, якія ў Беларусі яшчэ не выдаваліся. Расказвае Андрэй Хадановіч.

Гэта вершы, якія пісаліся роўна апошні год, пачынаючы з гарачага жніўня. Але большасць была напісаная ў халодным студзені. Улетку мне было не да вершаў, я з кнігамі і гітарай бегаў па дваровых пратэстах. Узімку зрабілася шмат вольнага часу і шмат новых дэпрэсіўных эмоцый. Людзі масава паехалі за мяжу, пратэсты пачалі спадаць.

Я ўпершыню дазволіў сабе на некалькі тыдняў з’ехаць у Польшчу. Я сядзеў у Краснагрудзе, на польска-літоўскім памежжы, завалены сумётамі. Было шмат часу на роздум, як з таго боку мяжы мая сям’я. Апошнія вершы ў маёй кнізе для мяне сталі родам псіхалагічнай тэрапіі, спосабам не звар’яцець. Але, змяшчаючы іх у сацыяльныя сеткі, я заўважыў, што і для многіх чытачоў яны былі небескарысныя. Няхай гэта слабая сімвалічная падтрымка, але ўсё-ткі.

Для многіх удалы верш — гэта маленькая выспачка добрых навін у бязмежжы дэпрэсіі. Калі з гэтым сутыкаешся, то адразу не дазваляеш сабе расслабляцца і пішаш гэтую гісторыю далей. Заканчэнне кнігі далёкае ад звыклага чытачу Хадановіча. Гэтыя тэксты больш лірычныя, больш сур’ёзныя, больш трагічныя. Хоць я спрабую не пісаць тэкстаў, якія б не заканчваліся надзеяй, бо дэпрэсіі хапае і без мяне.

У сітуацыі, у якой аказаліся беларусы пасля выбараў у жніўні мінулага года, кожны па-свойму рэагаваў на боль. Адны крыкам, іншыя, як паэты, словам. Немагчыма было заставацца па-за палітыкай — гаворыць Андрэй Хадановіч.

www.polskieradio.pl