Беларусь — гэта пейзаж

Любая краіна, любая буйная культура існуе настолькі, наколькі яна асэнсаваная ў мастацтве. Не можа быць значнай сацыяльнай з’явы, якая не пакінула б адбітку ў галіне сімвалічнага.

md13_800x642.jpg



Выстава «Сучасная Беларусь вачамі мастакоў», якую Нацыянальны мастацкі працягнуў да жніўня, — надзвычай цікавая спроба асэнсаваць Радзіму, якая паўстала вакол нас у апошнія дзесяцігоддзі.

 

Гэта гала-выстава, памеры і ахоп якой адпавядаюць амбіцыйнасці задумы. Тут шмат імёнаў, і кожнае з іх — з’ява, ікона, часцяком нават асобная школа, з вучнямі і пераймальнікамі. Май Данцыг суседнічае з Уладзімірам Цэслерам, Руслан Вашкевіч — з Леанідам Шчамялёвым, Леанід Хобатаў (асобны дзякуй арганізатарам, што ўлучылі яго!) — з Паўлам Масленікавым. У гэтай самавітай калекцыі знайшлося месца фантастычнай Зоі Літвінавай ды загадкаваму Аляксандру Родзіну, паўнавартаснаму рэзідэнту берлінскага Тахелеса. Менавіта там, у той нямецкай камуне мастакоў, мы са спадаром Аляксандрам і пазнаёміліся асабіста, а праз месяц Тахелес закрыўся…

 

Наогул, выстава, дзе можна ў межах адной прасторы азнаёміцца і з Родзіным, і з Гаўрылам Вашчанкам, не можа не зрабіцца этапнай для мастацкага асэнсавання сучаснасці. А менавіта з такіх асэнсаванняў выбягае патрыятызм, любоў да свайго. Так што галерыст цяпер ёсць постаццю значна больш важнай за міністра ці тэлевядоўцу.

 

Я ўпэўнены, што пра гэтую выставу будуць успамінаць. Нягледзячы на тое, што асаблівага тлуму ў медыях яна не нарабіла. Апошняе здарылася не ў апошнюю чаргу праз адсутнасць уплывовых і фінансава мажных спонсараў. Але было б дзіўнавата пабачыць «Газпрам» фундатарам мастацкага асэнсавання нашых суверэнных рэаліяў. Да таго ж «пры падтрымцы Мінінфарма» ў межах выставы выпушчаны альбом, які акрамя жывапісу і скульптуры рэпрэзентуе цудоўную графіку, кшталту твораў Сяргея Баленкі і Валера Славука.

 

Дык што паведамляе нам пра Беларусь гэтая выстава, якая абагульняе гады незалежнасці? Я наведаў яе два разы, першы — прыкладна тры тыдні таму. Тады «загалоўнай» працай на франтальным пралёце лесвіцы быў «Мой Мінск» Мая Данцыга, і мне гэта падалося спрэс сімвалічным: тое, што сучасная краіна вызначаецца праз адзін з самых пазнавальных сімвалаў савецкай Беларусі. Тым больш што ў той шэрай зімовай панараме з мостам амаль нічога не змянілася — Мінск у снежні роўна такі, як і ў 1967-м, хай сабе далягляд цяпер скарлючаны гаргарынай Чыжа. Але ў другі мой прыход на мінулым тыдні Данцыга замянілі «Ільнамі Беларусі» Віктара Грамыкі. «Ільны» ствараюць зусім іншы настрой, задуменна-рамантычны, сугучны Баршчэўскаму (па колеры і настроі «Ільны» нагадваюць самае цудоўнае з Драздовіча).

 

Асноўная прастора на другім паверсе музейнай галерэі падзеленая на дзве сімвалічныя часткі. Злева вісяць умоўныя «авангардысты» — то бок мастакі, якіх хутчэй можна было б аднесці да нерэпрэзентатыўных кірункаў, справа — не меней умоўныя «рэалісты», больш-менш класічныя майстры (класічныя, зразумела, з папраўкай на час, што мінуў з першага «Салона адрынутых» у Парыжы, бо які ж Шчамялёў класіцыст). Паўтаруся, абодва пласты сучаснага беларускага мастацтва прадстаўленыя тут хэдлайнерамі, і вельмі  цікава глядзець, што адабранае з геніяў, каб выбудаваць наратыў «беларускасці»!

 

Першае, што кідаецца ў вочы, — з левага боку дамінуюць пейзажы. Ёсць тут творы і іншых звычайных жанраў, напрыклад, ажно два нацюрморты і адзін інтэр’ер, але ў мастацкім плане, па выразнасці, па wow-эфекце, лідзіруюць менавіта пейзажы. І вось калі выводзіць «наратыў Беларусі» з левай сценкі выставы «Сучасная Беларусь вачамі мастакоў», дык атрымліваецца, што нашая Радзіма — гэта не проста пейзаж, але зімовы пейзаж. Маркотная прастора з белых плямаў унізе, шэрых нябёсаў уверсе ды графічных аголеных дрэваў на трэцім плане. Выкананы ў вельмі складанай тэхніцы (я б абазначыў яе як «постпуантылізм») «Зімовы спакой» Анатоля Бараноўскага, па-матысаўску сакавітае «Бабіна лета» Міхаіла Рагалевіча, «Веснавы сум» Канстанціна Качана, «Зіма ў Жыровічах» — гэта ўсё не пра людзей (на апошняй выяве яны ёсць, але не людзі ў ёй галоўнае), а пра прыроду.

 

Найвышэйшага майстэрства развагі экспанентаў пра зіму сягнулі ў «Прысвячэнні сыну Івану» Барыса Казакова ды ў «Сам-насам» Валера Шкарубы. На першым палатне бачым казачны зімовы сад, які, калі вы будзеце ўглядацца дастаткова доўга, абавязкова прыйдзе ў вашыя сны. Перспектыва тут вызначаецца пакручастымі галінамі яблыняў, тут усё як у вершах Бродскага — крыху нерэальна і ў той самы час — звышрэальна і фота-рэпрэзентатыўна. Што да Шкарубы, дык настолькі дасканала схопленага адчування зімовых ялін, белага гарызонту, ветру ды шурпатага подыху завеі вы не бачылі ніколі і нідзе. Трэба быць беларусам, мець вопыт прагулянкі праз беларускія заснежаныя палеткі, каб потым стварыць вось такое. Яліны і снег Шкарубы робяць літаральна балюча вачам. Халодна!

 

А вось сценка насупраць не складаецца ў адно апавяданне. Беларусь «авангардыстаў» паўстае як нешта фрагментаванае, не схільнае да адной тэмы ці агульнасці вобразаў. «Крэшчэнда» Літвінавай — гэта такі «супрэматычны проўн» у колеры, «Сон» Хобатава — чырвона-ружовае мленне, побач з якім можа прымроіцца Гаген. Каляровы выбух «Дыялогу» Віктара Шылко, фірмовая гіпердэталізаваная абстракцыя Родзіна (якую нават апісаць проста складана), цягнічок Цэслера, жартачкі з тэнісным шарыкам Руслана Вашкевіча. Ці Беларусь гэта? Ды як яе зразумець праз такую стракатасць? Мой унутраны рэдактар шэпча мне тут: і добра! Гэта і ёсць сапраўднай свабодай, калі няма ні еднасці жанраў, ні падабенства тэхнік, ні нават агульнасці тэм! Але ў сухім астатку мы маем простае: сучасная Беларусь гэта пейзаж. Зімовы пейзаж. Яліны, снег, шэрае неба. Усё!

 

«Галоўнай асаблівасцю развіцца выяўленчага мастацтва, якая абумовіла яго небывалы наватарскі пошук ды самабытнасць, зрабілася магчымасць свабоднай творчай самарэалізацыі мастакоў без знешняй ідэалогіі і цэнзуры», — кажа нам эксплікацыя выставы. Але дзеля трыумфу адчування свабоднай творчай самарэалізацыі «Сучаснай Беларусі» (і сучаснай Беларусі!) не хапае крышачку герояў. На новых грашах, на старым тэлебачанні — усюды. Партрэтны жанр на выставе прадстаўлены постаццю скульптара Анатоля Анікейчыка, «Крысцінай» Міхаіла Савіцкага і выявай нейкага «Ю. Пуплікава», выкананай Віктарам Альшэўскім.

 

Калі я гуляў па галерэі, альбом Мая Данцыга побач з ягонай карцінай быў адкрыты на партрэце Васіля Быкава. Вельмі трапны дадатак да незавершанага аповеду пра сучасную Беларусь.

 

budzma.by