Беларусь у малюнках Першай сусветнай вайны
Сёння а 17.00 у Нацыянаьным гістарычным музеі адкрываецца ўнікальная фотавыстава «Мастакі на вайне. Беларусь у малюнках Першай сусветнай вайны».

Баранавічы. Царква на могілках. Малюнак невядомага аўтара на нямецкай паштоўцы палявой пошты. 1916.
У экспазіцыі з прыватнай калекцыі вядомага беларускага фатографа і даследчыка Уладзіміра Багданава экспануюцца больш за 200 здымкаў асобных лістоў з выданных у Германіі альбомаў літаграфій і малюнкаў, арыгінальных накідаў і мініяцюраў, а таксама шматлікіх паштовак нямецкай палявой пошты з замалёўкамі помнікаў беларускага дойлідства і прыроды, момантаў жыцця і быту суайчыннікаў ва ўмовах ваеннага ліхалецця. Апроч таго, у экспазіцыі — унікальныя рэчы часоў Першай сусветнай вайны са збораў Нацыянальнага гістарычнага музею.

Гняздо бусла на Буге. Малюнак рэзервіста Карла Людэвіга. Травень 1916.

3. Від на разбураны касцёл у Смаргоні. Аўтар Вінклер. 21 лютага 1916.
Мастакі на вайне служылі мэтам прапаганды. Творцаў камандзіравалі на фронт, каб яны штотыдзень, як мінімум, малявалі адзін эскіз, а штомесяц — карціну. Аднак мастакі-прафесіяналы часьцяком замалёўвалі рэаліі вайны. Гэта, дарэчы, рабілі звычайныя салдаты і афіцэры нямецкага войска, якія на бланках паштовак палявой пошты фіксавалі не толькі віды з акопаў, але рабілі іі замалеўкі мясцінаў, куды іх закінула вайна, а таксама малявалі сцэнкі з паўсядзённага жыцця беларусаў.

Вёска Грэйці ў Пастаўскім раёне Віцебскай вобласці (зараз не існуе). Аўтар Альфрэд Ліпперт. Зіма 1917-1918.

Малюнак невядомага аўтара (ініцыялы P.S.) з краявідам дарогі Вішнева-Слайкаўшчына ў Валожынскім раёне Мінскай вобласці
Сярод экспануемых твораў — працы вядомых нямецкіх мастакоў: Германа Штрука (у 1923 годзе даваў урокі графікі Марку Шагалу) і Фрыца Маурышата (уладальніка кінематаграфічнага «Оскару» 1954 году за лепшую працу мастака-пастаноўшчыка)

У сялянскім доме на Гарадзеншчыне. Малюнак невядомага аўтара. 1916.

Навагрудак. Рыначная плошча. Малюнак невядомага аўтара (ініцыялы I.R.) 1916.

Пінск. Від на горад з касцёла іезуітаў (не захаваўся). На пярэднім плане – комплекс кляштара францысканцаў з касцёлам Узнясення Панны Марыі XVIII cтагоддзя. Аўтар малюнка невядомы. 1915.
Выстава — трэці праект Уладзіміра Багданава ў Нацыянальым гістарычным музеі. Першы — выстава «Праз 90 год і лінію фронта. Першая сусветная вайны ў Беларусі» быў здзейснены ў 2004 годзе, а другі — «Мясцовае насельніцтва» — завяршаецца на пачтку ліпеня.

Лаўка старызніцы ў Гародні. Герман Штрук. 1915.

Палац ў Шчорсах (не захаваўся ў Наваградскім раёне Гарадзенскай вобласці) «пасля разбурэння рускімі». Аўтар М.Гурыяр. 1916.
Выстава працуе да 6 жніўня.