«Біблейскія гісторыі Старога Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі». Выйшла ўнікальная кніга
На сайце Ridero з'явілася новая кніга Лявона Карповіча «Біблейскія гісторыі Старога Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі».
Больш за сто гадоў таму, у 1919 годзе, была выдадзена кніга «Біблейскія гісторыі Новага Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі». Новую кнігу, як і папярэднюю, варта паглядзець тым, каго цікавяць Біблія, мастацтва і філатэлія.
Кніга ўнікальная па тэматыцы і змесце. Яна можа быць цікавай як дарослым, так і дзецям. На яе старонках каля 90 артыкулаў і каля 800 ілюстрацый (!). Гэта мініяцюры з выявамі твораў вялікіх мастакоў: ад Мікеланджэла, Рафаэля, Бацічэлі да Босха, Далі і Шагала. Аўтар дзеліцца досведам спробы пазнання сэнсу Бібліі і адначасова знаёміць з мастацкімі творамі, якія адлюстроўваюць біблейскія гісторыі.
Некаторыя артыкулы з кнігі надрукаваныя асобна. Напрыклад: «Зачараваны Бібліяй. Песня песняў Марка Шагала», «Подзвіг Юдзіф і… Скарына» (вэб-часопіс «Культура. Нацыя», №26, снежань 2020, 76-87; sakavik.net), «У свеце было чатыры найпрыгажэйшыя жанчыны…», напісана разам з Рут Маркус (Тэль-Авіў).
Кнігу можна паглядзець, спампаваць электронны ці заказаць папяровы варыянт на сайце Ridero і ў інтэрнэт-крамах.
Лявон Карповіч хоча падзяліцца з чытачом сваімі развагамі і запрашае адгукнуцца на зварот Францішка Скарыны вывучаць Біблію — «каб быў дасканалым Божы чалавек». А яшчэ Лявон спасылаецца на Кірыла Андэрсэна, які адкрывае кнігу «Біблейскія легенды» словамі:
«Не засталося ніводнага імя, ні адзінай падзеі, згаданай у Бібліі, якое не было б шматкроць перакладзена на мову паэзіі, музыкі, фарбаў і філасофіі. Аднак прыходзіць наступнае пакаленне і выяўляе скарбы Бібліі ніколькі не збяднелымі і кожны раз адкрывае іх для сябе наноў, быццам гэта не адна і тая ж кніга, а велізарная, бясконцая бібліятэка».