Беларускія колеры “Парыжскай школы”

Непазбежная і доўгачаканая выстава “Мастакі Парыжскай школы з Беларусі, што будзе доўжыцца ў Нацыянальным мастацкім музеі (НММ) да сярэдзіны студзеня 2013 года, вымагае большай увагі, чым шараговая інфармацыя.



1gv.jpg

«Віла Медычы», якая стала «Вуллем»

Арганізацыя выставы
Выстава здзейснена супольнымі намаганнямі НММ РБ, Нацыянальнай камісіяй па справах ЮНЭСКА і ААТ “Белгазпрамбанкам пад старшынствам В. Бабарыка, які стаўся генеральным рухавіком і чальцом арт-праекта.
Арт-праект няблага падрыхтаваны і пададзены, утрымлівае дастаткова распрацаваную суправаджальна-адукацыйную частку: дакументальныя і мастацкія фота, біяграфічныя звесткі, дарэчныя мастацкія інсталяцыі і адмысловы інтэрактыў — “парыжскую кавярню: з кубачкам кавы і сяброўскай тусовачнай гаманой. Дапаўняе асветныя высілкі музея адмысловая дакументальная стужка. У паліграфічны набор, апрача запрашальніка і плаката, увайшлі паштоўкі з рэпрадукцыямі твораў. У межах вернісажу была падрыхтавана прэзентацыя другога выдання кнігі Ул. Шчаснага пра няўрымслівых жыхароў славутага “Вулля, “Вілы Медзічы — гэтай геніяльнай прыдумкі А. Бушэ.

2gv.jpg

Група навучэнцаў малявальнай школы ў Вільна.
Крайні злева М. Кікоін, справа (стаіць) С. Царфін

 

3gv.jpg

У майстэрні Лежэ. У цэнтры – Фернан і Надзя. 1920-я гг.

 

4gv.jpg

Надзя Лежэ наведвае Дзяржаўны мастацкі музей БССР. 1967


Трохмоўны каталог выдадзены тыражом у 500 асобнікаў. Ён мае прадумана-структураваны выгляд і грунтоўна-падрабязны падыход у апісанні твораў, з добра распрацаваным навукова-даведачным апаратам, дакладнай перадачай пазнакаў. Ілюстрацыі пададзеныя ў поўным аб’ёме. Выданне, арыентаванае на прафесіянала, робіцца ўнікальным, а нятанны кошт — аб’ектыўна прымальным.
У экспазіцыю ўвайшло 6 адзінак з фондаў НММ, 3 — з калекцыі Музея Шагала, 39 — з прыватных калекцыяў Беларусі і Расіі, асноўная ж частка — 43 творы — набытая ААТ “Белгазпрамбанк ва ўласнасць. Адзначым удалы экспазіцыйны падыход арганізатараў у падачы выставы. Шануючы гледача, яны не пайшлі па прымітыўным, “блочна-манаграфічным прынцыпе паказу мастакоў, але прапанавалі суцэльна-натуральную плынь “мастацкага часу еўрапейскай сталіцы 1920–1940-х гадоў.
У экспазіцыі…
Плынь часу тоіць і гаркавата-вабны прысмак чорнай кавы, і, здаецца, няспешныя рытмы 20-х гадоў, і прамоклыя грудкі восеньскага золата на брукаванцы, і кастрычніцкі накцюрн дажджу, і лістападаўскія зазімкі, і старасвецкія відарысы тагачаснага Парыжу… Плынь, бы вір, забірае і падпарадкоўвае.
Асобныя з творцаў ужо няблага вядомыя ў Беларусі. Гэта і віцяблянін Марк Шагал, які пахаваны на каталіцкіх могілках Сэн-Поль дэ Ванс. Яго бліскучая персанальная выстава з фондаў Ерусалімскага музея таксама зараз працуе ў НММ…
Гэта і дзявяты сын краўца, чые працы каштуюць зараз мільёны еўра, — небарака Хаім Суцін, якому ў родных Смілавічах прысвечана мемарыяльная экспазіцыя. Мастак, што бачыў прыроду праз шкельца “драмы быцця і пісаў яе, па выразе крытыка, “уласнай крывёй.

10gv.jpg

Хаім Суцін. Вялікія лужкі ў Шартры каля віядука. Каля 1934. Палатно, алей


Гэта і Надзя Хадасевіч-Лежэ (1904 года нараджэння) з вёскі Асецішча ля Докшыцаў, канструктывісцкія творы якой так ашчадна захоўвала ад сурочлівага вока савецкіх чыноўнікаў дырэктар ДММ Алена Аладава. Яна на ўсё жыццё засвоіла трагічны досвед бацькі, арыштаванага 27 жніўня 1930 года ў Оршы і расстралянага нібыта за контррэвалюцыйную дзейнасць. На золку перабудовы творы Лежэ ўжо экспанаваліся ў Мінску.

11gv.jpg

Надзя Лежэ. Супрэматызм. Кампазіцыя з чырвоных, чорных і шэрых геаметрычных фігур.
1920–1960-я Папера, шаўкаграфія. З калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь


Гэта і Восіп Цадкін (Віцебск, 1888 — Парыж, 1967), “выдатны французскі скульптар, як назваў яго Жак Шырак.
Але большасць з іх — мастакі, якія ў статыстычных рэйтынгах продажаў на сусветных аўкцыёнах хоць і не займаюць зорных пазіцыяў, але трывала пачуваюцца ў гісторыі мастацтва, і іх працы каштуюць не адзін дзясятак тысяч еўра.
Сярод іх сын рана памерлага інжынера Савелія з мястэчка Магільна Ігуменскага павета (зараз Уздзенскі раён) Яўген Зак (нарадзіўся 15.12.1884), які ў 1892 годзе жыў ужо разам з маці ў Варшаве. Па прыездзе ў 1902 годзе ў Парыж Яўген Зак змяніў некалькі навучальных установаў: Школу вытанчаных мастацтваў — майстэрню Ж.-Л. Жэрома, Акадэмію Каларосі, а ўжо пасля паездкі ў Італію трапіў да А. Ашбэ ў Мюнхен (1903 год).

8gv.jpg

Яўген Зак. Арлекін (П'еро) Папера, гуаш, туш, аловак. З прыватнай калекцыі


Жыццё не надта заможнага мастака было насычана творчымі пошукамі і знаходкамі, выставамі ў розных кутках свету, вандраваннямі, удзелам у прафесійна арганізаваных супольнасцях (Таварыстве польскіх мастакоў — “Штука), прафесарствам у Акадэміі Ла Палет, чыннасцю ў “Новым аб’яднанні мастакоў (Мюнхен) і ці невыпадковым супрацоўніцтвам з мастакамі аб’яднаня “Forma. Дарэчы, супрацай вельмі нядоўгай, бо неўзабаве ён стаў адным з завадатараў эстэтычна супрацьлеглай фармістам асацыяцыі мастакоў “Rytm (Варшава). Жонка Яўгена — мастачка з Чэнстахова Ядвіга Кон — заснавала пасля яго раптоўнай смерці ад сардэчнага прыступу ў 1925 годзе ў Парыжы галерэю “Zak, дзе выстаўляліся амаль усе мастакі з Заходняй Беларусі. Твораў Зака ў экспазіцыі вобмаль, але адзін з задуменна-самотных “Паяцаў (П’ер), якіх ён шмат намаляваў у 1923 годзе, кранае музыкай светлага, прывіднага, рэнесансна-арыстакратычнага ўспаміну дзяцінства.
Крохкая чысціня, прыгажосць і непасрэднасць “ружова-блакітнага дзяцінства ўвасобленая ў кранальным імпрэсіяністычным творы Якава Балглея “Партрэт дзіцяці. Сын равіна з Брэста Літоўскага (нарадзіўся ў 1891 годзе) пайшоў наперакор нацыянальна-рэлігійнай традыцыі і асмеліўся маляваць чалавека. Гэта ўжо было пасля таго, як бунтоўны юнак кінуў архітэктурнае аддзяленне Адэскай рысавальнай школы, каб працягнуць навучанне ў Парыжы.
Агаломшвае каларыстычны вадаспад Сэма Зарфіна, сына смілавіцкага гандляра скурамі, чый шлях да Парыжу быў даўжэйшы, чым у іншых, бо пралягаў з Віленскай школы не напрасткі — праз Берлін, але праз Зямлю Абетаваную ў Палесціне, службу ў брытанскім войску.
Міхаіл  Кікойн (1892–1968) — сын гомельскага банкіра, які трапіў у Парыж, маючы падрыхтоўку ў майстэрні мастака Я. Кругера і школе І. Трутнева. Падчас Другой сусветнай вайны, застаўшыся ў акупаваным немцамі Парыжы, мастак насіў “жоўтую зорку, якая ўшчэнт пасварыла яго з сябрам віленскіх часоў — Суціным. Цягам творчага жыцця Кікоін, не зважаючы ні на што, не ўтаймоўваў бесклапотна-шчаслівы шал сонца сваёй палітры. Светаносныя палотны яго абуджаюць у свядомасці вобразы мінскага нонканфарміста Анатоля Ржэвуцкага. Суадносіны чалавека ў Кікойна з наваколлем — вёскай, горадам і сусветам увогуле — робяць яго жывапіс адметна філасафічным і вельмі чалавечным.

9gv.jpg

Міхаіл Кікойн Яблыні. Палатно, алей. З прыватнай калекцыі


Марыя Вераб’ёва-Стэбельска, якая працавала ў славутым “Вуліі, згадвала Крэменя з Жалудка (нарадзіўся 28.07.1890) як “спакойнага, аптымістычнага, спагадлівага і ветлага і самага прыемнага з тройцы (Суцін, Кікоін, Крэмень). Пінхус — дзявятае дзіця разбяра па дрэве — засвоіў экспрэсіяністычную манеру яшчэ ў школе ў Вільні. Натуральна, што для ўдзелу ў сваім першым “Салоне Незалежных у 1914 годзе Крэмень абраў скульптуру. Мо таму свет яго пазнейшых вобразаў, абпаленых няшчадна-гарачымі праменямі сонца паўднёвай Францыі, прыхоўвае ў маляўнічай пластыцы моц скульптурнай формы.
Супрацьлеглыя драматычна-спружыненым творам Крэменя працы сына каваля з Гародні Восіпа Любіча (1896 года нараджэння). Яго прасветлены, утаймавана-лірычны жывапіс, які перагукваецца з кампазіцыямі Паўла Южыка, — доказ таго, што майстар упэўнена трымаў сваю Сінюю Птушку.
Роберт Генін нарадзіўся 11 жніўня 1884 года ў мястэчку Высокае. Сын крамніка Генін быў “адкрыты пецярбургскім калекцыянерам А. Радзівонавым, падараваўшым нам надзею зладзіць яго персанальную выставу на Радзіме. Генін стаўся адзіным “вяртанцам, хоць пачатак яго творчага шляху мала адрозніваўся ад сцежак іншых прыяцеляў-калег: пасля вучобы ў Клімавічах (1892–1898) была Школа Трутнева (1898–1900) і Адэская мастацкая вучэльня (1900–1902), у якой ён трапіў пад уплыў сацыялістычных ідэй. Роберт Генін атрымаў для паездкі ў Мюнхен у рысавальную школу Ашбэ ад клімавіцкага дабрадзея 80 рублёў і наказ “заўжды памятаць пра Радзіму…

5gv.jpg

Роберт Генін «Ля крыніцы». 1913. Кардон, алей. 110×96. З калекцыі Аляксея Радзівонава

 

6gv.jpg

Роберт Генін. «Зялёная царква ў Красовічах. Каля 1907


Ва ўсіх творах Геніна ў экспазіцыі пранізліва гучыць мелодыя адзіноты: і ў развітальным краявідзе “Зялёная царква ў Красовічах, і ў квяцістым партрэце “Мужчына з бэзам (Анры Варно), і шчымлівым у сваёй адарванасці ад каранёў адпачываючым “Балалаечніку — персанажы, тысячы якіх у 1920-я раптоўна запоўнілі не толькі Канстанцінопаль, але кавярні і вуліцы Берліна ды Парыжа.

7gv.jpg

Мужчына з бэзам (Андрэ Варно?). 1935


Адзінота душы, адсутнасць сям’і, нервовая знясіленасць і немажлівасць ніяк дапамагчы свайму народу (“інваліду служыць няма чым) — усё гэта прывяло да трагічнай развязкі ўвосень 1941 года, да перадазіроўкі морфію.
Дыяпазон творцаў, з якімі перагукваюцца “мастакі парыжскай школы, шырокі: згадваецца і старэйшы Басаў, і Альгерд Малішэўскі з каларыстычнымі пошукамі 1960-х гадоў. Цешыць, што ў гэтым шэрагу годна глядзеліся б і маляўнічыя творы Віталя Чарнабрысава і іншых з ліку “не заўважаных у 1970–1980-я гады.
Уражанні
Углядаешся ў творы, суадносіш і параўноўваеш іх, знаходзіш новыя факты і аналогіі з жыцця і творчасці майстроў з Беларусі. Яны вызнавалі сябе як расійскія габрэі, узгадаваныя ў “вольным свеце, навучаліся ў школах Германіі і Францыі ці ўвогуле былі самавукамі, што не зазналі аніякай школы. Радуешся мужнасці, жыццёвай энергіі і іх мэтаскіраванасці, радуешся іх нацыянальнай еднасці і ўзаемнасці ва ўсім. Радуешся жывым пачуццям і шчасліваму каханню, якое непазбежна адбівалася прысутнасцю сонца ў іх палітрах, часовай галечы і наступнаму дабрабыту... Радуешся пазбаўленню ад шмат якіх стэрэатыпаў, навязаных прапагандай, — да прыкладу, гібелі бацькоў Суціна ў Смілавіцкім гета, якія насамрэч памерлі ў 1932 і 1938 гадах. Радуешся, што “мастакі парыжскай школы знаходзілі не толькі крытыкаў, але і “прыхільнікаў (Г. Стаін).
Радуешся, што творы іх можна глядзець (выстава працуе да 14 студзеня), і ўвесь час адкрываць штосьці новае. Экспазіцыя асвятляе адзін з гіпатэтычных накірункаў, у якім магло б крочыць мастацтва, каб не сацыяльныя землятрусы, таталітарны ізаляцыянізм і ідэалагічныя дыктаты стагоддзя…
Музей прыватных калекцый
Выстава — пралог да запачаткавання Фонда Музея прыватных калекцыяў, які мусіць мець перасоўны характар. Рашэнне было абвешчана В. Бабарэкам, калі ён, быццам той Альфрэд Барнс у майстэрні Суціна ў 1922 годзе выдыхнуў: “Купляем усе!
Музей — з’ява больш значная за зямное і штодзённае. Тым больш, што аналагі мінскай выставе прайшлі летась у “сталічных гарадах Расіі, а экспазіцыйныя вынаходніцтвы, што ўражваюць мінскага гледача, даўно вядомыя...
Да гонару Беларусі адзначым, што “Музей прыватных калекцыяў ужо быў. У Віцебску ад 22 ліпеня 1993 года — першага дня першага “Славянскага Базару. Але за 19 гадоў існавання, замацаваўшы спеласць грамадзянскай супольнасці, ён быў зачынены ў першы дзень “Славянскага Базару–2012.
“Формула калекцыі
Са скрухай успрымаючы думку аб “затарможанасці беларусаў, “незавершанасці фарміравання тытульнай нацыі і яе другаснасці, усё ж спадзяешся, што на гэты раз фундатар-дабрадзей дакладна і свядома вызначыць “формулу калекцыі, як гэта зрабіў гаспадар Маскоўскага музея мастацтва авангарда (ММА), 55-ы бізнесмен па версіі “Forbes 2009 года, В. Кантар. Вызначаючы вартасць твораў і па адзінках набываючы іх — Суціна, Шагала, Цадкіна, Крэменя, Кікойна і іншых — ён меў на мэце сабраць “самае рускае… самае выдатнае. Будучы “бацькам сваіх дзяцей і сынам габрэйскага народа, праблемы з канцэпцыяй не меў.
Вярэдзіць душу каліва спадзеву, што беларускія культурніцкія аптавікі — збіральнікі мастацтва, усвядоміўшы сваё пакліканне быць сацыяльна і нацыянальна адказнымі перад сваім народам, выкажуць цікаўнасць да збірання (а потым і вывучэння) твораў Віленскай школы. Тых рэчаў, якіх нямала блукае дагэтуль на абсягах ад Варшавы, Прагі, Берліна, Парыжа… І мо тады пачне здзяйсняцца мара — другое “адраджэнне традыцыяў Віленскай школы, што супольна з іншымі чыннікамі будзе спрыяць пашырэнню эстэтычнай і гуманістычнай прасторы ў Беларусі.



Даведка
“Парыжская школа (Еcole de Paris) — вызначэнне, што існуе з лёгкай рукі Андрэ Варно, які назваў ім пярэстую інтэрсупольнасць творцаў-нефармалаў: Дэрэн, Утрыльё, Мадыльяні, Пікаса і іншыя. Зараз так завуць класікаў, заснавальнікаў найноўшых накірункаў, што на пачатку ХХ стагоддзя як птушкі зляцеліся ў Парыж і звілі гнёзды на блаславёнай Гары Парнас (Манпарнас). На Манмартры ж, Гары Пакутнікаў, заселенай майстрамі старэйшага пакалення (ХІХ — пачатак ХХ стагоддзя), па большасці — этнічнымі французамі, схіляліся да імпрэсіяністычнага і постімпрэсіяністычнага бачання і адлюстравання навакольнай рэчаіснасці.