«Было б добра, калі б у беларусаў з'явіліся металічныя грошы»

Выстава Валерыя Калясінскага «Медалі. Жэтоны. Малюнак» адкрылася 1 кастрычніка ў Мінску, у Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа.



2_belary.jpg

Будучы скульптар і даследчык гісторыі айчынных грошай нарадзіўся ў 1960 годзе. Скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. У 1998 – 2001 гадах працаваў скульптарам у акадэмічных творчых майстэрнях Міністэрства культуры. З 2002 па 2006 год — аспірант Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Даследаваў медальернае мастацтва Беларусі 1950 – 1990 гадоў. З 2000 году — сябра Беларускага саюза мастакоў.
У сваёй творчасці асноўную ўвагу мастак надае медальернаму мастацтву: даследуе беларускія і звязаныя з Бацькаўшчынай медалі і манеты, а таксама стварае ўласныя пластычныя творы.
На выстаўцы прадстаўлены аўтарскія медалі, выкананыя ў адзінкавым экзэмпляры, а таксама тыя, што выходзяць тыражом па трыста адзінак. Тэматыка разнастайная: рэлігійныя медалі і медальёны, медалі і манетавідныя жэтоны (у адрозненне ад манет не з’яўляюцца грашовым сродкам і не знаходзяцца ў грашовым абарачэнні — М.Г.) на гістарычную тэматыку, а таксама творы медальернага мастацтва, прысвечаныя знакамітым людзям мінулага і сучаснасці. Для сваіх работ мастак выкарыстоўвае бронзу, алюміній і латунь. Спецыяльна для выстаўкі ў музеі Якуба Коласа Валерыем Калясінскім быў зроблены і адчаканены манетавідны жэтон наміналам ў 1 колас з выяваю народнага паэта Беларусі . Акрамя таго, у экспазіцыі прадстаўлены малюнкі медалёў, гіпсавыя мадэлі і штампы, а таксама графічныя замалёўкі з выявамі краявідаў Стаўбцоўшчыны і Валожыншчыны.

1_kolas.jpg


Кандыдат філалагічных навук Міхась Кенька адзначыў, што ў экспазіцыі дэманструюцца арыгінальныя і цікавыя творы медальернага мастацтва, выкананыя з выдумкай і гумарам.

«Шкада, што манетавідныя жэтоны, створаныя скульптарам, не знаходзяцца ў грашовым абарачэнні і з’яўляюцца толькі аб’ектам калекцыянавання нумізматаў. Было б добра, калі б і ў беларусаў з’явіліся свае металлічныя грошы, зробленыя па ўзорах экспануемых твораў», — сказаў Кенька. 


Ён выказаў удзячнасць Валерыю Калясінскаму за выданне ўнікальнага даследавання пра гісторыю беларускіх папяровых грошай, а таксама за працу над кнігай, прысвечанай гісторыі айчынных памятных манет.
Старшыня праўлення Беларускага рэспубліканскага грамадскага аб’яднання калекцыянераў Іосіф Суднік распавёў, што ў аб’яднанне, створанае ў 1980 годзе, уваходзяць 1.187 калекцыянераў з усіх регіёнаў краіны, якія прысвячаюць свой вольны час збору і вывучэнню розных аб’ектаў калекцыянавання па 88 напрамках. Паводле ягоных слоў, праўленне аб’яднання прыцягнула Валерыя Калясінскага да працы над дызайнам манетавідных жэтонаў і памятных медалёў, што распаўсюджваюцца сярод нумізматаў па сабекошце.
Сярод твораў медальернага мастацтва, створаных скульптарам для аб’яднання, Іосіф Суднік назваў памятныя медалі, прысвечаныя 450-годдзю выдання Сымонам Будным ў Нясвіжы першай кнігі, надрукаванай на тэрыторыі Беларусі на старабеларускай мове, 150-годдзю з дня нараджэння акадэміка Яўхіма Карскага, а таксама абранню Нясвіжа культурнай сталіцай Беларусі.
Затым Іосіф Суднік распавёў пра гісторыю з’яўлення манетавіднага жэтону наміналам у 2 белары, выбітага па дызайну Валерыя Калясінскага: 

«Мы звярнуліся ў Нацыянальны банк і ва ўрад з прапановаю ўвесці ў Беларусі грашовую адзінку белар па прыкладу літоўцаў і латышоў, якія ўвялі адпаведныя грашовыя адзінкі літы і латы. Але паколькі мы атрымалі толькі падзяку за сваю прапанову, дык вырашылі самі зрабіць манетавідны жэтон наміналам у 2 белары і распаўсюдзіць яго сярод нумізматаў».


Выстава працуе да 19 кастрычніка.