Час вяртання, Або мой шлях да Наталлі Арсенневай

Сёння, 20 верасня, — 110 гадоў з дня народзінаў знакамітай паэтэсы Наталлі Арсенневай, чыя творчасць усё яшчэ не можа вольна вярнуцца ў Беларусь, так, як ніколі не вярнулася сюды аўтарка.  



get_img_1_16.jpg

Наталля Арсеннева

Выйшла ў свет першая ў айчынным літаратуразнаўстве кніга «Наталля Арсеннева: Шлях да Беларусі», прысвечаная творчасці беларускай паэтэсы-эмігранткі. Аўтар даследавання — кандыдат філалагічных навук Ала Петрушкевіч — разгледзела творчасць Наталлі Арсенневай і ў кантэксце часу, і ў кантэксце айчыннай літаратуры. Наклад выдання — 100 асобнікаў…

Вашай увазе — эсэ-ўступ з названай кнігі.

Лета, 1989 год. Курсы настаўнікаў у Інстытуце ўдасканалення ў Гародні. Слухаю лекцыю Аляксея Міхайлавіча Пяткевіча пра творчасць беларускіх пісьменнікаў-эмігрантаў. Між іншым размова ідзе і пра паэзію Наталлі Арсенневай. Да таго гэтае імя сустракала ў друку. Але ніколі ў часе вучобы на філалагічным факультэце. Аляксей Міхайлавіч раіць набыць кнігу «Туга па Радзіме», якая нядаўна выйшла. Не думала тады, што гэта будзе першая кніга ў маім неблагім на сёння зборы твораў беларускіх эмігрантаў. Як не марыла нават, што праз нейкі час менавіта мне давядзецца прапанаваць у Гродзенскім дзяржуніверсітэце для студэнтаў беларускага аддзялення курс «Творчасць пісьменнікаў беларускага замежжа».

Напачатку 90-х, калі працавала над дысертацыяй па творчасці Дануты Бічэль, пачула ад кіраўніка, акадэміка Івана Якаўлевіча Навуменкі:

— Што гэта ваша Данута адна, як Піліп з канапель, выскачыла? Каго яшчэ побач паставіце?

— Ларысу Геніюш.

— Пастаўце і Наталлю Арсенневу. Але ж і кампанія!

І калі я пабедавала, што больш няма дзе прачытаць яе вершаў, апроч як у анталогіі «Туга па Радзіме», падказаў, што ў аддзеле рэдкай кнігі акадэмічнай бібліятэкі ёсць першы зборнік паэткі «Пад сінім небам». Лішне казаць, што ў той жа дзень я ўжо трымала ў руках тую кнігy.

Падборка вершаў у анталогіі, як мне здавалася, зусім не благая, сама паэтка, праўда, была не надта задаволена («падбор твораў нейкі дзіўны»). Але чамусьці тыя вершы і блізка не зрабілі на мяне такога ўражання, як тая незвычайная кніга. Яна і сапраўды незвычайная. У руках яе трымала сама Наталля Арсеннева. І бацька Максіма Багдановіча Адам Ягоравіч, якому кніга і была падараваная. «Бацьку майго ўлюбёнага паэты...» — аўтограф паэткі сведчыў пра тое. Не магла адвесці вачэй ні ад гэтага надпісу, ні ад фотаздымка, ні ад сціплай, але такой далікатна-прыгожай зжаўцела-белага колеру вокладку. І вершы ўспрымаліся зусім па-іншаму. Ад іх веяла такой пяшчотай, такой выкшталцона-жаноцкай тугой па высокім сінім небе, па золаце восені. І чымсьці, што нельга вытлумачыць проста словам, а толькі вершам, тымі яе вершамі. Увесь час, чытаючы паэтычныя радкі, бачыла яе, уяўляла нават, як яна выглядае, як апранута. Мо смешна, але здавалася, што адчуваю водар яе парфумы... Не заўважыла, як закончыўся дзень, бібліятэкapкa ветліва папрасіла вяртаць кнігі. Назаўтра зранку я ізноў трымала гэтую кнігу ў руках.

Напэўна, гэта праўда: чалавек прыцягвае да сябе тое, што жадае мець. Наступная сустрэча з паэзіяй Наталлі Арсенневай адбылася ўжо ў часе маёй працы ва ўніверсітэце. Здавалася б, зyсім выпадкова атрымала ў якaсці падарунка ад калегі з суседняй кафедры кнігу. Выпадкова зайшла да іx, ён таксама выпадкова з’явілася там, нешта патрэбна было яму ў сейфе, дзе, апроч усяго іншага, ляжалі кнігі, якія ён атрымліваў з Амерыкі. Узяў адну і працягнуў мне. «Дару. Напэўна, табе гэта спатрэбіцца», — было сказана як пра нейкае звычайнае выданне, якое лёгка можна было набыць у кожнай кнігарні. А была гэта кніга, што стане адной з самых дapaгіx для мяне ў маёй бібліятэцы, — Наталля Арсеннева. Між берагамі. Адзіная, якую нікому ніколі не пазычаю, бо не магу дазволіць сабе страціць яе, як тое ўжо здарылася з многімі. Заўсёды прыношу на лeкцыі і паказваю студэнтам, але папярэджваю, што кніга не выдаецца. Менавіта тады, кaлі займела гэтае выданне, вырашыла, што распрацую для студэнтаў курс пра тую нашу міжбераговую літаратуру.

«Між берагамі» — гэта кнігa, атрымаўшы якую, Наталля Арсеннева (як яна пра тое сведчыла пазней) адчула сябе паэткай. Вокладка колеру марской хвалі, яpкa-біpyзoвaя, у цэнтры залатым цісненнем профіль аўтаркі. Прадмова самага знакамітага эмігранцкага крытыка Антона Адамовіча, якая і сёння ўспрымаецца як вельмі цікавае, цэласнае, грунтоўнае даследаванне і жыццёвага шляху, і творчасці паэткі. Змешчаны партрэт работы Пётры Мірановіча. Прыгожая жанчына прыгожа-восеньскага веку, часу залатой, жоўтай восені. Размытыя абрысы. Толькі выразна вылучаюцца вочы, яркія, цёмныя. І столькі ў іx болю, столькі стратаў адбілася. А погляд — удалечыню, напоўнены мудрасцю і тым унутраным спакоем, якога здольны дасягнуць натуры моцныя, нескароныя. Не ведаю, у якіх колерах выкананы партрэт, але ўяўляю, што ў блякла-жоўта-залатых. Пра паперу адмыслоўцы, напэўна, могуць сказаць: няякасная. А як па мне, то цудоўная, моцная і пажоўклая, як тая згадка ў эпіграфе Максіма Багдановіча да ягонага «Вянка». «Між страніц старыx, пажоўклых» заўсёды знаходжу для сябе тое, што дапамагае выжыць і ў пару вясновую, калі неба такое сіняе-сіняе, а ў душы холадна-холадна, і асабліва ў пару залатой восені, калі так адчувальны подых сцюжы...

Зімой 1998 года ў нашы школы паступіў указ, у выглядзе тэлефоннага званка, пра забарону вывучэння творчасці Наталлі Арсенневай, Ларысы Геніюш, Масея Сяднёва. Прамаўчаць было нельга. Напісалa артыкул, які так і называўся: «Ці можна сёння прамаўчаць?». Ён быў апублікаваны ў «ЛіMe» 25 мая 1998 года пад назвай «Ці дажывём?..» Зразумела, нічога змяніць не здолеў. Сёння такое ў «ЛіМе» не публікуюць. Газета творчай інтэлігенцыі не згадала нават пра 100-гадовы юбілей паэткі. Затое палічыла магчымым пакінуць абразлівыя выказванні на яе адрас з даклада літаратурнага генерала на з'ездзе СПБ...

Да практычных заняткаў па творчасці Наталлі Арсенневай прапаноўваю студэнтам згадаць, што ведалі раней пра паэтку, ці вывучалі ў школе. Дзесьці да 2000 года большасць адказаў былі амаль аднолькавымі: ведалі гэтае імя, вывучалі ў школе паэзію. Пазней многія студэнты гаварылі пра тое, што або ніколі не чулі нават імя, або калі і чулі, то нічога не ведалі пра яе творчасць. Самая недарэчная сітуацыя сёння: ніхто сa студэнтаў-першакуpснікаў ніколі не чуў імя паэткі. Як і імя Ларысы Геніюш.

А раней былі вельмі цікавыя выключэнні. Аднойчы пачула такі аповед. Студэнтка працавала летам у дзіцячым садку ў заходнебеларускім мястэчку. У адным з пакояў, на ўсю сцяну, па-мастацку напісаныя словы «Малітвы». Спытала ў дзяцей: «Што гэта такое?». Малыя адказалі: «A xібa вы не ведаеце? Гэта ж наш гімн “Магугны Божа”!». Якім жа было мае здзіўленне, калі на пытанне, хто тая патрыётка-выхавацелька, пачула: «Ваша аднакурсніца». І назвала імя вельмі мілай, прыгожай дзяўчынкі, якая ў студэнцкія часы не вельмі ўлягала за навукай, здавалася, была зусім абыякавай да нейкіх нацыянальных праяваў жыцця. «Яна і ёсць тая дзіўная, бо зрабіла тое, чаго ад яе не чакалі», — гэтак ахарактарызаваў яе наш калега прафесар Ігap Васільевіч Жук, калі пасля заняткаў расказала на кафедры пра вельмі прыемны для мяне выпадак.

Параўнальна нядаўна пачула аповед, як дырэктар школы ў адным з гарадоў, што на Гарадзеншчыне, падкрэсліваў у размовах з вучнямі, што сапраўдным гімнам Беларусі з’яўляецца «Магутны Божа». І гэта ў наш час! Ёсць жа яшчэ і дырэктары!.. Дзяўчынка запомніла гэта. Як ім, вучням, важным бывае слова настаўніка. Як часта яно падае на вельмі ўрадлівую глебу. Менавіта пра гэта не раз чула ад аднаго з самых лепшых нашых беларускіx настаўнікаў з Гудзевічаў Алеся Мікалаевіча Белакоза.

Адна са студэнтак вучылася ў музычнай школе, спявала ў хоры. Песня, якую выконвалі амаль заўсёды, — «Магутны Божа». З тых часоў памятала яе, але імя паэткі не ведала. Наогул, часта студэнты памятаюць малітву, якую яны чулі ці спявалі ў касцёле. Але вельмі рэдка ведаюць імя аўтаркі верша.

Апошнім часам усё меней аповедаў пра Наталлю Арсенневу. Варыяцыі на адну і тую ж тэму: нічога не ведала са школы, вельмі шкада, што паэзія не вывучаецца. Дабавілася яшчэ адно нечаканае ўспрыняцце: калі ў школе ў аглядзе сучаснай паэзіі пачула гэтае імя, падумала, што гэта маладая сучасная паэтка. Студэнтка-выдатніца, у тым часе вучаніца-выдатніца, у якасці прызу на aлімпіядзe па роднай мове атрымала кнігу Лідзіі Савік «Пакліканыя» (Які цуд! Як бы ні глядзелі ўсе іx ідэалагічна-вертыкальныя цэнзары, усё ж і нашы кнігі даходзяць нават да школьнікаў і такім чынам). Тады і прачытала ўпершыню гэтае імя. Але тэкст падаўся занадта складаным, чытаць не стала, а вось ужо ва ўніверсітэце!..

Гэтая кнігa стваралася на працягу амаль пятнаццаці гадоў. Многае з напісанага было прэзентавана на навуковых канферэнцыях. Праўда, далёка не ўсё можна было надрукаваць у нашых зборніках. Таму артыкулы ў большасці сваёй выходзілі ў навуковых і перыядычных выданнях Польшчы, па-за межамі Беларусі.

Да гэтага часу не выдадзена ні адна кніга пра Наталлю Арсенневу. Даследчыцай творчасці беларускіх паэтаў-эмігрантаў Лідзіяй Савік напісаны грунтоўны раздзел пра паэтку ў манаграфіі «Пакліканыя. Літаратура беларускага замежжа». Літаратуразнаўцу з Беласточчыны Яну Чыквіну належыць артыкул «Між Вільняй і Рочэстэрам (Творчасць Наталлі Арсенневай)», змешчаны ў кнізе «Далёкія і блізкія. Беларускія пісьменнікі замежжа». Ён з’яўляецца аўтарам і манаграфічнага артыкула пра паэтку ў «Гісторыі беларускай літаратуры XX ст.». Мікола Мішчанчук — аўтар артыкула «Між берагамі (Лёс і творчасць Наталлі Арсенневай)». Гэта самыя грунтоўныя працы пра творчасць паэткі.

20 верасня 2013 года спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння Наталлі Арсенневай, чыя творчасць усё яшчэ не можа вольна вярнуцца ў Беларусь, так, як ніколі не вярнулася сюды аўтарка. У лісце да яе літаратара Антона Адамовіча чытаем: «Вы зусім правільна пісалі, што Вас будуць чытаць і разумець па смерці. Гэта ж з паэтамі часта бывае, а з запраўднымі — бадай заўсёды». Час — чытаць і разумець творы паэткі — xібa ж не прыйшоў?

Наталля Арсеннева, бясспрэчна, вартая таго, каб кнігі пра яе з’явіліся…