Імпрэза да 70-годдзя Ніны Мацяш

70-годдзю з дня народзінаў Ніны Мацяш была прысвечаная сустрэча “Шчаслівай долю назаві...”, якая адбылася вечарам 20 верасня ў Мінску, у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук пры падтрымцы Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.



macjash_1.jpg

На вечарыне да 70-годдзя Ніны Мацяш выступае Ала Сямёнава

Выбітная беларуская паэтка і перакладчыца, лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова і заслужаная дзяячка мастацтваў Беларусі Ніна Мацяш (20.09.1943, вёска Нівы Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці — 19.12.2008) скончыла Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моў. У студэнцкія гады трапіла ў аварыю, з-за чаго была прыкутая да інваліднага крэсла. У літаратурнай скарбонцы пісьменніцы — сем зборнікаў паэзіі, пятнаццаць кніг перакладаў з французскай, нямецкай, польскай і ўкраінскай моваў. Дзякуючы Ніне Мацяш, беларускія чытачы пазнаёміліся з творчасцю славутых замежных літаратараў, у тым ліку Жана Аліўе, Жоржа Сімянона, Антуана дэ Сент-Экзюперы, Ліны Кастэнкі і Віславы Шымборскай. Сем кніжак падрыхтавала пісьменніца дзеткам, напісала некалькі тэлесцэнарыяў і п’ес для тэатра. Паасобныя творы Мацяш выдаваліся за мяжой, у тым ліку на рускай, украінскай, англійскай, польскай, французскай, нямецкай і балгарскай мовах. Многія вершы паэткі пакладзены на музыку, а да некаторых сваіх вершаў яна сама напісала музыку.

macjash_4.jpg

Выстава “Агмень яе душы”

Літаратуразнаўца Ала Сямёнава назвала Ніну Мацяш “каралевай айчыннай паэзіі і паэткай высокага еўрапейскага кшталту, якая адчувала жыццё на высокіх хвалях  і даказала, што і па-беларуску можна ўзнёсла пісаць”.  

Як адзначыў старшыня камісіі па літаратурнай спадчыне Ніны Мацяш, паэт Міхась Скобла, у дзень народзінаў пісьменніцы яе слова гучыць і на яе радзіме ў горадзе Белаазёрску на свяце “Бабіна лета”, заснаваным паэткай.  “І гэта самыя шматлікія творчыя вечарыны, якія мне давялося бачыць за сваё жыццё, што сведчыць пра шчырую любоў землякоў да сваёй выбітнай паэткі”, — падкрэсліў Скобла. Ён выказаў сардэчную удзячнасць былому мэру Белаазёрска Віктару Банасевічу, настаўніцы Галіне Скарыне і бібліятэкарцы Тамары Кузняцовай, якія зрабілі спецыяльныя пандусы ў гарадскім Доме культуры і ў доме, дзе жыла Мацяш, для яе інваліднага вазка, увекавечылі  памяць пісьменніцы не толькі мемарыяльнай шыльдай, але і назвалі мясцовую бібліятэку імем Ніны Мацяш, а зараз ушаноўваюць яе спадчыну.

macjash_2.jpg

Пра паэтку распавядае Міхась Скобла

 

“Сваёй творчасцю Ніна Мацяш падключала творчасць беларускіх паэтаў і празаікаў да сілавога поля сусветнай літаратуры, пра існаванне якога пісаў Алесь Адамовіч”, — сказаў Міхась Скобла. Ён зазначыў, што сапраўдным паэтам часам бракуе паэтычнага слова і яны самі ствараюць неалагізмы. У якасці прыкладаў аўтарскіх неалагізмаў паэткі Скобла прывёў такія новастворы, як “угнездавацца”, “прыластаўчыцца”, “вільгота”, “чуйнар”, “сыплівы” і “сонечніца”. Напрыканцы свайго выступу Скобла нагадаў адзін мудры і ёмісты радок з паэзіі Мацяш: “Гасподзь схіляецца да ўсіх, ды ніцых духам ён не чуе”.    

Паэтка Раіса Баравікова назвала сваю зямлячку і сяброўку Ніну Мацяш “мужнай жанчынай, якая думала пра сонейка, нягледзячы на тое, што ёй кожны дзень трэба было думаць пра крэсла; чалавекам, які жыў унікальнай моваю свайго паэтычнага краю”, а таксама “беларускай, якая магла шмат чаго — і карову падаіць, і перакласці на беларускую вытанчаную французскую паэзію, і стварыць больш за сто цудоўных твораў шаўкаграфіі, многія з якіх упрыгожылі яе кнігі”. Баравікова выказала надзею на тое, што ў Белаазёрску неўзабаве з’явіцца помнік Ніне Мацяш, “такі задумлівы і рамантычны”.

macjash_3.jpg

 Успаміны Раісы Баравіковай ілюструе адзін з твораў шоўкаграфіі Ніны Мацяш

Падчас вечарыны дэманстравалася кніжная выстава “Агмень яе душы”, прагучалі  вершы Ніны Мацяш і песні на яе творы.