«Хай крадуць!», або Вынікі анкетавання сябраў СБП па пытаннях аўтарскага права

Як вядома, 25 верасня 2015 года на міжнародным кніжным кірмашы ў Гётэборгу (Швецыя) Саюз беларускіх пісьменнікаў быў уганараваны прэміяй “Heroes of Copyright 2015” за актыўную дзейнасць у абароне аўтарскага права.



prawa_712.jpg

Такое высокае прызнанне дзейнасці Саюза падштурхоўвае да далейшай дапамогі сябрам арганізацыі ў рэалізацыі ўласных аўтарскіх правоў. Не сакрэт, што дадзеная сфера з’яўляецца для многіх аўтараў-сябраў Саюза “terra inсognita”. Хаця пісьменнікі, літаратары, паэты — адныя з тых, дзеля каго стваралася міжнароднае і нацыянальнае заканадаўства па дадзенай тэматыцы.

Для таго, каб высветліць, якія з пытанняў аўтарскага права найбольш важныя для сябраў Саюза, было вырашана правесці спецыяльнае даследаванне — апытанне сябраў Саюза.

Апытанне паводле спецыяльна распрацаваных анкет праводзілася ў верасні-кастрычніку 2015 года. Методыка правядзення даследавання складалася з двух відаў назірання:

1. Непасрэднае анкетаванне сябраў Саюза, якое праводзілася шляхам запаўнення папяровых анкет (68% рэспандэнтаў);

2. Запаўненне рэспандэнтамі электроннай формы анкеты, дасланай ім асабіста на адрасы электроннай пошты (32% рэспандэнтаў).

Агулам у даследаванні на ўмовах ананімнасці ўзялі ўдзел 65 чалавек. Размеркаванне рэспандэнтаў паводле полу, узросту і месца пражывання, а таксама паводле літаратурнай актыўнасці, адлюстроўвае наступная схема.

www.lit_bel.org__assets_images_2_3a47d09d8da81f272b64d71b3381cf50.png

Агульная характарыстыка рэспандэнтаў

Такім чынам, даследаванне ахапіла большасць асноўных суб’ектаў-творцаў, чые інтарэсы прадстаўляе Саюз і якія ўдзельнічаюць у бягучай дзейнасці Саюза. Дадзеная акалічнасць дазваляе сцвярджаць аб комплексным падыходзе пры аналізе сабранай інфармацыі.

Як паказаў агульны аналіз адказаў, 62% рэспандэнтаў маюць патрэбу ў ахове аўтарскага права. Як указана ў адной з анкет: “Аўтарскае права — балючае пытанне”.

Аналіз анкет паказаў, што праблемы разумення і рэалізацыі аўтарскіх правоў узнікаюць на трох асноўных этапах існавання адпаведных праваадносінаў: стварэнне аўтарскага твора, ягонае выкарыстанне (перадача правоў) і непасрэдная абарона аўтарскіх правоў.

Этап 1: стварэнне аўтарскага твора

Згодна з арт. 8 Закона Республики Беларусь от 17 мая 2011 года «Об авторском праве и смежных правах» (далей па тэксце — Закон “Аб аўтарскім праве”), аўтарскае права на твор узнікае ў моц факта яго стварэння. Закон падкрэслівае, што для ўзнікнення і ажыццяўлення аўтарскага права не патрабуецца выканання аніякіх фармальнасцяў.

 Тым не менш прэтэнзійна-судовая практыка Рэспублікі Беларусь, як  і іншых краін, носіць больш катэгарычны характар. Рэальнасць вымагае ад аўтара часцяком рабіць канкрэтныя захады для пацвярджэння свайго аўтарства перад тым, як перадаваць рукапіс у выдавецтва або распавядаць аб ім сваім калегам. У некаторых краінах існуе практыка ажыццяўлення працэдуры афіцыйнай рэгістрацыі аўтарскіх правоў на літаратурныя, мастацкія ды іншыя творы. Аўтару выдаецца спецыяльны дакумент аб пацвярджэнні дэпанавання (перадачы на захаванне копіі твора з прывязкай да канкрэтнай даты).

Што датычыцца сябраў Саюза, то спосабы аховы аўтарскіх твораў сярод іх размеркаваліся наступным чынам:

www.lit_bel.org__assets_images_2_21644ea6de0ac40191564b6bbf8c015c.jpeg

Пераважная большасць рэспандэнтаў маюць рукапіс (друкапіс) на руках і спецыяльныя меры не прымаюць. Некалькі чалавек даслалі самі сабе арыгінал рукапісу/друкапісу па пошце пакетам ці праз электронную пошту, захоўваюць атрыманы пакет нераспакаваным да моманту ўзнікнення спрэчнай сітуацыі.

6% рэспандэнтаў прымаюць іншыя  меры барацьбы з мажлівым незаконным выкарыстаннем твораў: прадугледзелі дадатковыя меры абароны ў дамове з канкрэтным выдавецтвам; заключылі дамову з дзяржаўнай установай “Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці”. Дадзеная ўстанова ў адпаведнасці з заканадаўствам ажыццяўляе на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь калектыўнае кіраванне маёмаснымі правамі аўтараў ды іншых праваўладальнікаў у выпадках, калі іх цяжка ажыццяўляць свае правы ў індывідуальным парадку. Падобная ўстанова па калектыўным кіраванні можа быць адкрыта і пры Саюзе беларускіх пісьменнікаў па ініцыятыве нашых сябраў.

Этап 2: выкарыстанне аўтарскага твора

38% апытаных маюць патрэбу ў літаратурным агенце, які звычайна слугуе пасярэднікам ва ўсіх пытаннях выкарыстання аўтарскіх твораў. 56% спадзяюцца на ўласную кампетэнцыю ў дадзеным пытанні. Цытата: “У сітуацыі беларускага кніжнага рынку лічу пытанне не слушнае. Дзеля працы за мяжой – так”.

Адносная большасць рэспандэнтаў з’яўляюцца пасіўнымі ўдзельнікамі працэсу рэгулявання і фармалізацыі аўтарскіх адносінаў на дадзеным этапе:  аўтары не ўплываюць на ўнясенне зменаў у тэкст аўтарскай дамовы пры яе ўкладанні, дапускаюць заключэнне вусных дамоўленасцяў аб выкарыстанні твораў, а таксама дамоўленасцяў без выплаты аўтарскага ўзнагароджання. Такая практыка ставіць пад пагрозу творчую свабоду аўтара, свабоду ягонага слова і волевыяўлення, выводзіць пісьменніцтва ў разрад “хобі” на фоне асноўнай працы, часцяком іншага характару.

Важна разумець, што Закон “Аб аўтарскім праве” надае праваадносінам аўтара і праваатрымальніка дыспазітыўны характар. Бакі вольныя пашыраць стандартныя формы дамовы, уносіць свае дэталі, якія будуць мець сілу, вышэйшую за закон. Да таго ж існуе шэраг нарматыўных прававых актаў, якія зацвярджаюць мінімальныя стаўкі аўтарскага ўзнагароджання па відах твораў і таксама павінны выкарыстоўвацца пры заключэнні (укладанні) дамоваў.

Глава 5 Закона “Аб аўтарскім праве” змяшчае катэгарычнае ўказанне на тое, што ўсе дамовы аб пераходзе і перадачы аўтарскіх правоў (дамова саступкі выключнага права, ліцэнзійная дамова, аўтарская дамова, дамова аб стварэнні і выкарыстанні аб’екта аўтарскага права) павінны заключацца выключна ў пісьмовай форме. Выключэнне складаюць аўтарскія дамовы на выкарыстанне твора ў перыядычным друку.

Абавязак заключэння пісьмовых дамоваў датычыцца і пытання выкарыстання аўтарскіх твораў у глабальнай кампутарнай сетцы Інтэрнэт. Безумоўна, невыкананне пісьмовай формы дамовы не вядзе да яе несапраўднасці, але пазбаўляе бакі права спасылацца на паказанні сведак. Паколькі аўтарская дамова мае шэраг асаблівасцяў (прадугледжвае пералік маёмасных правоў, якія перадаюцца, тэрмін, тэрыторыю, мажлівасць перасаступкі правоў трэцім асобам, інш.), то вусная дамоўленасць не вядзе да  перадачы аўтарскіх правоў. У выніку выкарыстанне твора становіцца незаконным і дае мажлівасць аўтару або яго правапераемніку звяртацца ў Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь або судовую калегію па справах інтэлектуальнай уласнасці Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь.

Паказальна, што 75 % рэспандэнтаў сутыкаліся з выкарыстаннем уласных твораў без папярэдняга ўзгаднення, і сярод парушальнікаў лідзіруюць акурат суб’екты сусветнага сеціва Інтэрнэт – 31%. Амаль пароўну раздзяляюць выпадкі такіх парушэнняў недзяржаўныя выданні – 15%, дзяржаўным выданні – 14% і астатнія СМІ – 12%.

Цытаты: “Пастаянна!”, “Сайт “Х” змясціў твор і нават вымагае плату ад мяне за прагляд”.

На плагіят твораў паскардзілася 17% апытаных: Быў выпадак, калі аўтар сам прызнаўся, “У дыпломах студэнтаў”.

Абсалютная большасць рэспандэнтаў не займаецца спецыяльным адсочваннем фактаў незаконнага выкарыстання аўтарскіх тэкстаў.

Этап 3. Непасрэдная абарона аўтарскага права

Даследаванне дазволіла выявіць статыстыку адносінаў рэспандэнтаў да такога вострага ў апошні час пытання, як веданне аўтарам і непасрэдная абарона ім сваіх правоў. Характэрна, што пры вышэй прыведзеных паказніках парушэнняў аўтарскіх правоў абсалютная большасць аўтараў-рэспандэнтаў маюць патрэбу ў навучанні асновам судовай абароны парушаных аўтарскіх працоў, у тым ліку правілам вядзення перадсудовай перапіскі і збору фактычнай інфармацыі для вядзення доказнага працэсу.

Цікава, што толькі адзін чалавек з усіх рэспандэнтаў спагнаў маральную шкоду за незаконнае выкарыстанне ўласнага твора за апошнія тры гады.

ВЫНІКІ:

  1. Большасць рэспандэнтаў маюць патрэбу ў ахове аўтарскага права і інфармаванні аб сваіх правах.
  2. Актуальнымі застаюцца шляхі пацвярджэння аўтарскага права на канкрэтны літаратурны твор, заключэнне пісьмовых аўтарскіх дамоваў, разлікі і шляхі выплат аўтарскага ўзнагароджання па дамовах.
  3. Без актыўнай пазіцыі саміх аўтараў, у тым ліку сябраў Саюза, сістэма аўтарскага права Рэспублікі Беларусь носіць характар малазразумелага рэгламенту, цяжка змяняецца на патрэбы карыстальнікаў, не слугуе зручным інструментам для абароны аўтарскіх правоў. У сувязі з гэтым прадстаўляюцца неабходнымі асветніцка-інфармацыйная кансультацыі і сустрэчы Саюза са сваімі сябрамі па пытаннях у дадзенай сферы, лабіраванне законапраектаў аб правах аўтараў у перспектыве.
  4.    Аўтары актыўна карыстаюць Глабальную сетку Інтэрнэт для размяшчэння сваіх твораў: выкарыстоўваюць электронны кантэнт і электронны кнігазварот. Такое выкарыстанне падлягае рэгуляванню тымі ж нормамі аўтарскага права, што і друк аўтарскіх тэкстаў.
  5.   Абсалютная большасць аўтараў аддае перавагу дасудоваму вырашэнню спрэчных пытанняў у сферы аўтарскага права.

 

АДКАЗЫ НА ПЫТАННІ, ПАЗНАЧАНЫЯ СЯБРАМІ САЮЗА Ў АНКЕТАХ:

Ці ёсць асаблівасці, калі паэтычны твор кладзецца на музыку, у ахове аўтарскіх правоў? Ці ёсць нейкія асаблівасці для друку тэкстаў такіх песень?

Згодна з п. 1 арт. 992 Грамадзянскага кодэксу Рэспублікі Беларусь, аўтарскае права распаўсюджваецца на творы літаратуры і мастацтва, якія з’яўляюцца вынікам творчай дзейнасці, не залежна ад прызначэння і годнасці твора, а таксама спосабу ягонага выражэння. То бок, выкарыстанне паэтычных твораў для стварэння песень цалкам падлягае пад дзеянне Закона Рэспублікі Беларусь “Аб аўтарскім праве і сумежных правах”. Для пачатку такіх адносінаў неабходна заключэнне паміж аўтарам і праваатрымальнікам пісьмовай аўтарскай (ліцэнзійнай) дамовы на перадачу маёмасных правоў на паэтычны твор для стварэння песні і права на выпуск дадзенага музыкальнага твора ў эфір. Для пазбягання ў далейшым спрэчных момантаў у дамове важна канкрэтна прапісаць, якія спосабы перапрацоўкі паэтычнага твора аўтар дазваляе, а якія не, дакладныя абавязкі праваатрымальніка (напрыклад, унясенне зменаў у тэкст паэтычнага твора, замена ці выдаленне асобных радкоў, наданне песні назвы, адрознай ад назвы паэтычнага твора, указанне аўтара паэтычнага твора, разавасць аўтарскага ўзнагароджання або прывязка выплат да кожнага публічнага выканання песні, парадак справаздачнасці праваатрымальніка аб выкарыстанні паэтычнага твора, інш.).

Для сітуацыі рэгулявання друку словаў паэтычнага твора ў якасці тэксту песні дзейнічае Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 29.11.2011 № 1610 “Аб мінімальных стаўках аўтарскага ўзнагароджання і ўзнагароджання за асобныя работы, звязаныя  з выданнем твораў навукі, літаратуры і мастацтва”. Мінімальная стаўка друку словаў песні разам з музыкай песні складае 0,75 базавай велічыні за адзін твор і можа павышацца ў адпаведнасці з дамовай паміж аўтарам і праваатрымальнікам.

Калі словы песні друкуюцца без музыкі песні, то дзейнічае мінімальная стаўка 5 базавых велічынь за аўтарскі аркуш для вершаў, аб’ёмам, большым за 30 радкоў, і 0,75 базавай велічыні за паэтычны твор аб’ёмам да 30 радкоў).

Хацела б ведаць, ці магу разлічваць на кампенсацыю, калі маю кнігу выставілі ў Сеціве цалкам без згоды са мной?

Пры выяўленні факта размяшчэння аўтарскага твора ў Глабальным кампутарным сеціве Інтэрнэт аўтар мае права звароту да кіраўніцтва сайта з патрабаваннем прыбраць матэрыял. У адпаведнасці з п.2 арт. 56 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб аўтарскім праве і сумежных правах”, у выпадку парушэння выключнага права на аб’ект аўтарскага права аўтар мае права патрабаваць па сваім выбары ад парушальніка замест узмяшчэння стратаў выплаты кампенсацыі ў памеры ад 10 да 50 базавых велічынь, які вызначаецца судом з улікам характару парушэння.

Звярніце ўвагу, што для звароту ў суд трэба падрыхтаваць пацвярджэнне факта парушэння. Можна спасылацца на паказанні сведак. Паспрабуйце таксама скарыстаць сучасныя мажлівасці і выкарыстаць для пацвярджэння факта публікацыі кэш пошукавіка Google, які індэксуе сайты і захоўвае на некаторы час іх копіі з указаннем часу, калі такая копія была зроблена. Мажлівы варыянт засведчання такіх старонак натарыусам.

Падрабязней інфармацыю аб спосабах аховы аўтарскага права і судовай абароне твораў можна атрымаць, звярнуўшыся з канкрэтнай сітуацыяй на нашу пошту: law@lit-bel.org

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"