Дабронзавыя класікі: Максім Багдановіч

Беларускія прызнаныя літаратары былі жывымі людзьмі са сваімі жарсцямі, рамантычнымі, гумарыстычнымі і драматычнымі гісторыямі. 

funmb.jpg

Вядома, пра гэта нам не распавядаюць у школе, бо там ствараюць набліжаны да іконы вобраз. Але мы, дарослыя людзі, можам уявіць сабе рознабаковасць жыццёвый плыні вядомага чалавека, не пахіснуўшы веры ў веліч яго дзеянняў для нашай культуры.

Гэтым разам пагаворым пра Максіма Багдановіча. 

Першыя беларускія словы

Максім выхоўваўся ў рускамоўнай сям’і. Нягледзячы на прагрэсіўныя погляды, яго бацькі былі ўпэўненыя, што поспеху можна дабіцца толькі на базе рускай культуры. Так, жывую беларускую мову Багдановіч пачуў у тры з паловай гады, калі паехаў з сям’ёй да сваякоў у вёску Вяззе пад Асіповічамі. Якія канкрэтна словы Максім вывучыў, невядома. Але захавалася фраза з ліста яго маці Марыі Афанасьеўны: “В общем и детям не житьё, а Масленица. Схватят кусок ветчины, хлеба, оладьи в руку и пошел. Вот только плохо, что стали говорить по-белорусски. Иногда такое словечко выпалят, что хоть сквозь землю провались». Шкада, што мы так і не даведаемся, чаму гэтакаму навучылі вясковыя дзеці будучага беларускага класіка.

Выбухны навучальны перыяд

Пра перыяд навучання ў Ніжагародскай мужчынскай гімназіі вядома не шмат. Але па звестках, вучнем Максім быў не выдатным. У асноўным у «бальніку» былі тройкі і чацвёркі, выключэнне — хіба што руская мова і заканазнаўства. Пакідалі Багдановіча і на другі год. Магчыма, праблемы выклікаў стан здароўя. Але былі і праблемы з паводзінамі. Так у 1906 годзе (разгар рэвалюцыі) побач з гімназіяй узарвалі жэсцяную банку з нейкім рэчавам. Выбух быў такі моцны, што ў суседніх дамах павыбівала шыбы. Гэта была акцыя супраціву, накіраваная на рэакцыйныя погляды кіраўніцтва гімназіі. Падазрэнне пала на таварыша Максіма Дзмітрыя Крылова, якога бачылі на месцы здарэння. Пасля выбуху Багдановіч пабег да хаты сябра, каб замесці сляды, але ўсе ўлікі схаваць не атрымалася. Сябра атрымаў 5 месяцаў арышту, Багдановіча да адказнасці не прыцягнулі. Праз пару гадоў захапленне анархістамі і іх ідэямі прайшло.

 

 Адна рамантычная гісторыя

Максім да жанчын ставіўся вельмі далікатна. Нездарма адным з галоўных вобразаў у яго паэзіі была Мадонна. Тое ж можна сказаць і пра асабістае жыццё, але пры ўсёй чысціні адносін і памкненняў, здараліся з ім і празаічныя рэчы кшталту курортных раманаў. Багдановіч ездзіў лекавацца ў Крым, і ў адным з пансіянатаў для сухотнікаў пазнаёміўся з замужняй жанчынай Клаўдзіяй Салтыковай. Бурны курортны раман скончыўся, як і большасць з іх, расстаннем. Але колькі радкоў пасля яго засталося:

Забудется многое, Клава,

Но буду я помнить всегда,

Как в сердце шипела отрава

Любви, и тоски, и стыда.

Тебя в темно-синем платочке

И песню, что пела мне ты:

Прошли золотые денечки.

Осталися только мечты.

 1915

Другая рамантычная гісторыя

Сёння натуральна пачаць ліставацца з незнаёмцам. Некаторым нават шчасціць пасябраваць ці закахацца ў чалавека, якога яны ніколі не бачылі. Натуральна гэта было і для часоў Максіма. Ён завёў перапіску са спадарыняй з Мінску. Лісты, на жаль, не захаваліся. Пэўна, яны былі вельмі палымяныя, бо, нягледзячы на супраціў бацькі, Багдановіч вырашыў пераехаць з Яраслаўля ў Мінск. Паводле адной з версій, пераезд быў абумоўлены менавіта ліставаннем з Вандай Лявіцкай, якую ён раней ніколі не бачыў — фота яна не дасылала. Ванда — прыгожая і элегантная жанчына, мела фізічны недахоп — у яе моцна касілася адно вока. Невядома, ці гэта стала прычынай для спынення адносін, ці яшчэ нешта, пра што мы не ведаем. Але асабістай сустрэчы пачуцці не вытрымалі. Багдановіч застаўся на некалькі месяцаў у Мінску, жыў у будынку, што цяпер побач з Універсітэтам культуры. Там ён напіша сваю знакамітую «Пагоню».

budzma.by__wp_content_uplo_27bd7c07ba35701aa6a8d64e22b6f5f4.jpeg

З пачуццём гумару ўсё было добра

Багдановіча ўспрымаюць, як узнёслага паэта і літаратара, часам лірычнага, часам сур’ёзнага, але ён умеў і пажартаваць. Напрыклад, на рукапісным зборніку перакладаў вершаў “Зеляня” — падарунку для сястры — ён пазначыў: Переводы стихов — словно женщины, если красивы, то неверны. А если верны, то некрасивы. Яшчэ ў яго зборы твораў ёсць падборкка афарызмаў, якія ён прыдумаў сам. Сярод іх ёсць, напрыклад, такі: «Мысли [закрэслена]. Женщины, словно пирожки, хороши горячими».

Мара пра дзіця

Максім вельмі любіў бавіць час з маленькімі дзеткамі. Нават прыдумляў страшылкі для маленькай пляменніцы свайго сябра. Калі дзяўчо не слухалася, то па яе магла прыйсці злая Амка і з’есці яе. Нават вершык ёсць:

Слушай, Рона, эту сказочку про «гагу»:

Мама просит, чтоб в кровать она легла;

«Гага» маме говорит: «Не лягу», —

Мама «гагу» «амке» отдала.

Если, Роночка, ты встанешь спозаранку

Или если спать не будешь по ночам, —

Позову я к нам большую «амку»,

Этой «амке» Роночку отдам.

Таксама ён шмат распытваў цяжарных жанчын пра іх адчуванні. Сябры ва ўспамінах пра Багдановіча адзначалі, што Максім меў веды пра цяжарнасць і родавыя пытанні, як дасведчаны акушэр. Паводле ўспамінаў Лявона Зайца, у Багдановіча была звышмэта — пакінуць пасля сябе дзіця, нават калі яно будзе выхоўвацца ў чужой сям’і. Ведаючы, што з сухотамі яму засталося нядоўга, надзеяй на шчаслівае сямейнае жыццё паэт сябе не цешыў.


budzma.by/