Даследчыца беларускай мовы з Аёвы
Застаць дома доктара філалогіі, выкладчыцу кафедры сучасных моваў Універсітэта Паўночнай Аёвы ў горадзе Сідар Фолс штата Аёва ў ЗША беларуску Аліцыю Барута-Садкоўскі вельмі цяжка. Але журналісту «НЧ» Сяргею Чыгрыну ўсё ж удалося сустрэцца з даследчыцай.
Застаць дома доктара філалогіі, выкладчыцу кафедры сучасных моваў Універсітэта Паўночнай Аёвы ў горадзе Сідар Фолс штата Аёва ў ЗША беларуску Аліцыю Барута-Садкоўскі вельмі цяжка. Але
журналісту «НЧ» Сяргею Чыгрыну ўсё ж удалося сустрэцца з даследчыцай.
Нядаўна Аліцыя была ў Маскве. З Масквы вярнулася дамоў, у Сідар Фолс, але зноў яе чакаюць справы выкладчыцкія, справы навукоўцаў-славістаў то ў Еўропе, то ў Канадзе на гадавым з’ездзе
Таварыства амерыканскіх славістаў, то ў іншых краінах і кантынентах. І каб пагутарыць хаця б па тэлефоне ці праз інтэрнэт, нашу зямлячку трэба было шукаць заўсёды. Так я і рабіў некалькі тыдняў і
нават месяцаў, пакуль нарэшце не дачакаўся ад яе весткі. Спадарыня Аліцыя пагадзілася адказаць на мае пытанні і перадала самыя шчырыя прывітанні ўсім беларусам.
— Спадарыня Аліцыя, дзе і ў якой сям’і вы нарадзіліся?
— Я нарадзілася ў Гайнаўцы на Беласточчыне 27 сакавіка 1961 года. Мой бацька быў родам з вёскі Скупава, але, калі ажаніўся, жыў у Гайнаўцы. Яго ўжо няма ў жывых, ён памёр у 1982 годзе. Мама
родам з Ласінкі. Яна, дзякаваць Богу, яшчэ жыве ў Гайнаўцы. Мама і тата ў хаце заўсёды размаўлялі на роднай беларускай мове з мясцовым дыялектам. У іх і я навучылася роднай мове, якую берагу ў сэрцы
да сённяшніх дзён.
Пачатковую і сярэднюю адукацыю я атрымала ў Гайнаўцы. Скончыла ў Гайнаўцы беларускі ліцэй. Затым паступіла ў Варшаўскі ўніверсітэт на факультэт беларуска-рускай філалогіі, дзе ў 1985 годзе атрымала
ступень магістра. Тэмай магістэрскай працы з’явіліся польска-беларускія літаратурныя адносіны ў першай палове 1980-х гадоў, што потым паўплывала на тэму маёй доктарскай працы.
— А які лёс вас закінуў ажно ў Амерыку?
— Калі вучылася ў Варшаве, пазнаёмілася са сваім будучым мужам Конрадам. Ён родам з Польшчы, але ўсё жыццё яго бацькі, браты і ён жывуць у ЗША. Таму пасля заканчэння ўніверсітэта я паехала
да яго, і ў 1987 годзе выйшла замуж. Адсюль у мяне цяпер і два прозвішча: Барута-Садкоўскі. Муж мой — гісторык, выкладае гісторыю Еўропы. У нас растуць два сыны — Бен, яму 17 гадоў,
і Карол, яму 15 гадоў.
У 1988 годзе я паступіла ў Мічыганскі ўніверсітэт у горадзе Ан-Арбор штата Мічыган на кафедру славянскіх моваў і літаратур, дзе ў 1997 годзе атрымала ступень доктара філалогіі.
Па-беларуску тэма маёй доктарскай дысертацыі гучыць так: «Развіццё беларускай літаратурнай мовы ў 1920-х і 1930-х гадах на падставе гарадскіх варыянтаў Гародні, Вільні і Менска і ўплыў
рускай і польскай моваў на гэта развіццё». На англійскай мове гэта тэма гучыць неяк не так доўга, як па-беларуску.
— Чым вы займаліся пасля абароны доктарскай дысертацыі?
— У 1995 годзе я з сям’ёй пераехала ў Аёву ў горад Сідар Фолс, дзе цяпер працую ва ўніверсітэце Паўночнай Аёвы, вяду заняткі па рускай і польскай мовах, па рускай і польскай
літаратуры і агульныя заняткі па гісторыі Расіі, а таксама працягваю свае даследаванні ў галіне беларускай мовы. Часта ўдзельнічаю ў краёвых і замежных канферэнцыях, дзе выступаю з дакладамі пра
беларускую літаратурную мову. Прымала ўдзел у Першым і Другім міжнародных кангрэсах у Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка і ў Трэцім міжнародным кангрэсе беларусістаў.
З’яўляюся сябрам краёвых і замежных беларусістаў і славістаў. Публікую артыкулы пра развіццё беларускай літаратурнай мовы 1920-х і 1930-х гадоў.
У жыцці мы размаўляем на польскай мове, але мае сыны ведаюць і беларускую мову, хоць не так дасканала, як я, але ж ведаюць. Ды і мне самой цяпер даводзіцца рэдка размаўляць на сваёй роднай мове,
часцей за ўсё падчас беларускіх сустрэч, навуковых канферэнцый і г.д. Але, шчыра скажу, Беларусь і беларусы для мяне вельмі блізкія. Кожны раз, калі бываю ў Мінску, мне здаецца, сустракаюся з такой
цеплынёй, якую чалавек атрымлівае толькі ад самых блізкіх людзей. Уладзімір Васілевіч, мой дарагі сябра, з якім вы таксама знаёмыя, і які калісьці прыязджаў у Сідар Фолс і прачытаў даклад пра
беларускую этнаграфію, заўсёды мне дапамагае, калі я ў Мінску.
— А ці часта бываеце ў Гайнаўцы на Беласточчыне?
Амаль кожны год я з мужам прыязджаем у Кракаў, дзе муж вядзе заняткі па гісторыі, а я выкладаю польскую мову. А летам мы едзем у Гайнаўку да маёй мамы. Вось і сёлета ў чэрвені зноў наведалі маму.
Асабліва ў Гайнаўцы любяць бываць мае сыны. А я — тым болей, я ж прыязджаю дадому, дзе чую голас мамы, сваякоў і родную мову.