Даступнае мастацтва: што чакаецца ад рэканструкцыі Нацыянальнага мастацкага музея

Ці стане пасля рэканструкцыі Нацыянальны мастацкі музей Беларусі больш даступным для людзей з інваліднасцю, агенцтву «Мінск-Навіны» распавёў генеральны дырэктар установы Уладзімір Пракапцоў.

1019982282.jpg

— Стварэнне безбар'ернага асяроддзя прадугледжана праектам арганізацыі музейнага квартала, які аб'яднае дамы № 20 і 22 на вул. Леніна, № 25 на Кірава і № 24 на К. Маркса. Кожны будынак рэканструююць і абсталююць з улікам патрабаванняў дзяржаўнай праграмы па стварэнні безбар'ернага асяроддзя. Так, у дзеючым музеі з'явіцца пад'ёмнік для інвалідаў-калясачнікаў. З левага боку корпуса зробім для іх асобны ўваход, каб з вуліцы яны падымаліся на другі паверх, дзе размешчаны выставачныя залы. Можна будзе перасоўвацца па ўсіх чатырох карпусах, паколькі іх злучаць пераходныя галерэі. Гэта стане магчымым гады праз чатыры, не раней, — дзеліцца планамі Уладзімір Пракапцоў.
Зараз завяршаецца рэканструкцыя будынка на вул. К. Маркса, 24. Выканана прыкладна 70% будаўнічых работ. Адкрыццё запланавана на 2019 год. Там размесцяцца новыя выставачныя пляцоўкі, музейная крама і арт-кавярня.
Наступны на чарзе дом № 25 на вул. Кірава. У ім абсталююць фондасховішчы, бібліятэку, архіў. Затым возьмуцца за будынак на вул. Леніна, 22, у якім зараз адміністрацыя і майстэрні. Пасля рамонту там адкрыюць новыя выставачныя плошчы і цэнтр стажыроўкі рэстаўратараў. Апошнім абновяць галоўны корпус, ён пабудаваны ў 1957-м. Па праекце фасад будынка адрэстаўруюць, а ўнутраныя прасторы мадэрнізуюць.
Аднак ужо сёння людзі з абмежаванымі магчымасцямі могуць наведваць Нацыянальны мастацкі музей. На ўваходзе ў будынак абсталяваны пандус. Падняцца ж у экспазіцыйныя залы інвалідам-калясачнікам дапамогуць супрацоўнікі музея.
— У мінулым годзе мы набылі ручны пад'ёмнік гусенічнага тыпу, паколькі ўсталяваць пандусы на мармуровай лесвіцы, якая унікальная ў сваім родзе, не ўяўляецца магчымым. У прыбудову можна падняцца на ліфце, — адзначае Пракапцоў. — Для людзей са слабым зрокам ёсць карціны і скульптуры для тактыльнага вывучэння. Гэта копіі твораў вядомых беларускіх мастакоў, выкананыя з фаянса. Яны абсталяваныя аўдыягідам. Таксама для інвалідаў па зроку створаны асобны аўдыягід з апісаннем 25 карцін. Для людзей, што слаба чуюць, распрацаваны відэагід «Ажыўшыя карціны». Арганізуюць у музеі і спецыяльныя экскурсіі, выставы і мерапрыемствы для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Мы вельмі дружалюбна ставімся да ўсіх катэгорый наведвальнікаў і імкнемся зрабіць мастацтва даступным.