Магілёў: на лесвіцу з каскадам грошы ёсць, на пад'ёмнік для інвалідаў — няма
Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва ўзгадніла ўладкаваннепад'ёмніка для фізічна аслабленых асоб на нядаўна пабудаванай вялікай лесвіцы з каскадам фантанаў, якая вядзе з плошчы Арджанікідзэ ў парк Падміколле ў Магілёве, паведамілі ў Магілёўскім аблвыканкаме.
![mogilevnews.by mogilevnews.by](/img/v1/images/img_9157_2.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
mogilevnews.by
У кастрычніку 23 жыхара Магілёва звярнуліся да гарадскіх уладаў з патрабаваннем зрабіць нядаўна адкрытую лесвіцу больш даступнай для людзей з інваліднасцю і ўсталяваць там пад'ёмнік па прыкладзе пад'ёмніка на Пацёмкінскай лесвіцы ў Адэсе. Зварот быў ініцыяваны Магілёўскай абласной арганізацыяй Аб'яднанай грамадзянскай партыі.
У сваю чаргу старшыня Магілёўскай арганізацыі рэабілітацыі і спорту інвалідаў-калясачнікаў Алег Юркоў звярнуў увагу, што людзям на калясцы будзе вельмі цяжка карыстацца пандусам на лесвіцы, паколькі парэнчы зробленыя рознаўзроўневымі.
Дадзеная лесвіца не прадугледжана для самастойнага руху інвалідаў-калясачнікаў, а будаўніцтва пад'ёмніка не ўяўляецца магчымым, заявіў у сваю чаргу намеснік старшыні Магілёўскага гарвыканкама Уладзімір Дудараў.
«Магілёўскім гарвыканкамам прапрацоўваюцца варыянты ўладкавання пад'ёмніка за кошт бюджэтных сродкаў або прыцягнутых сродкаў зацікаўленых інвестараў. Аднак праз тэхнічныя асаблівасці і значныя фінансавыя выдаткі на дадзеныя мерапрыемствы, у цяперашні час устанавіць канкрэтныя тэрміны рэалізацыі ўладкавання пад'ёмніка не ўяўляецца магчымым», — гаворыцца ў лісце намесніка старшыні Магілёўскага аблвыканкама Руслана Пархамовіча актывісту АГП Міхаілу Шараметаву адносна адсутнасці мерапрыемстваў па стварэнні безбар'ернага асяроддзя пры будаўніцтве лесвіцы ў парк Падміколле.
Лесвіца вышынёй каля 30 метраў з каскадам фантанаў з плошчы Арджанікідзэ ў парк Падміколле была адкрыта перад правядзеннем у Магілёве V Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі (10—12 кастрычніка) і з'яўляецца прадметам гонару гарадскіх уладаў.
naviny.by