Дзень Швецыі ў Мінску: трэнды, брэнды, аўтазак (фота, відэа)

Мінскія прыхільнікі Швецыі першага чэрвеня наведалі свята, прысвечаннае гэтай краіне, у Верхнім горадзе. На імпрэзе можна было даведацца пра брэнды (ці прадукцыю, што пазіцыянуецца як шведская) і трэнды: экалагічны лад жыцця ды гендэрную роўнасць.

2019_06_01_dzen_szvecyi_a._ljaszkevicz_002_logo.jpg

Святочны настрой псаваў толькі аўтазак, прыпаркаваны насупраць Акадэміі музыкі. Ну а што, гэта Беларусь, дзетка. Святкуй, але не забывайся, у якой краіне жывеш. Аўтазак фонам да спартовай пляцоўкі глядзеўся, канечне, псіхадэлічна. 


Стан навакольнага асяроддзя і гендэрныя пытанні непакояць шведаў. Падчас сацыялагічных даследаванняў 30 % жыхароў краіны адзначаюць, што іх хвалююць пытанні экалогіі (сярэдні паказчык па Еўрасаюзе – усяго 7 %). Прасоўванне экалагічнага ладу жыцця і гендэрнай роўнасці адбываецца на дзяржаўным узроўні. Падчас Дня Швецыі ў Мінску дзейнічала экапляцоўка. Там можна было даведацца і пра беларускія ініцыятывы адпаведнай тэматыкі. Стэнды Цэнтра экалагічных рашэнняў красамоўна распавядалі пра віды смецця, што неперапрацоўвааюцца, і прапаноўвалі альтэрнатыўныя рашэнні. Са здзіўленнем угледзела ўлёткі, што распавядаюць пра супрацоўніцтва экалагічных арганізацый з рэлігійнымі ўстановамі.

Пра сваю дзейнасць каля самаробнага стэнда распавядала беларуская суполка плогераў. Плогінг у Беларусі, ды і ў свеце, – адносна новая з’ява, але пра яе ўжо ўсюды гавораць і пішуць, не так даўно быў рэпартаж на Euronews. Плогінг – ад шведскага plocka upp («падбіраць», «збіраць») і jogging («бег трушком»). Плогеры падчас прабежак збіраюць смецце. Лічыцца, што бег у спалучэнні з нахіламі долу дае яшчэ лепшую кардыянагрузку. Да таго ж карысць для наваколля відавочная. Рух распачаў у 2016-м годзе швед Эрык Альстром. Цяпер яго падтрымліваюць у 40 краінах свету. У траўні 2019-га першы ў Беларусі масавы плогінг прайшоў у мінскім мікрараёне Лошыца. 8-га чэрвеня плануецца забег у Малінаўцы, а потым — у Магілёве ды іншых гарадах.
У экалагічным дворыку распавядалі таксама пра адказнае спажыванне, канцэпцыю Zero waste (нуль адкідаў), праблемы забруджвання мікрапластыкам і нітратамі, праводзілі віктарыны. Удзельнікі атрымлівалі раскладныя гумовыя кубкі, што дазваляюць пазбегнуць выкарыстання аднаразовай тары. Дызайн посуду распрацоўвалі для салдатаў шведскай арміі, кубкі выпушчаныя ў колерах шведскага сцяга – жоўтым і сінім. Падчас Дня Швецыі быў наладжаны асобны збор розных відаў смецця.


Адзін з галоўных складнікаў гендэрнай роўнасці – заахвочванне тат да актыўнага ўдзелу ў выхаванні дзяцей і сямейных справах. Большасць мужчын у Швецыі прысутнічаюць пры нараджэнні ўласных дзяцей і бяруць частку дэкрэтнага адпачынку. На свяце ў беларускай сталіцы гэта ілюстраваў фотапраект Юхана Бэўмана “Шведскія таты”.

Дзейнічалі таксама дзіцячая пляцоўка Ikea, зона прыгажосці Oriflame, гастранамічны тэатр Electrolux, індустрыяльная пляцоўка Husqvarna, пляцоўка кампаніі MagnussonPetfood. Усе гэтыя брэнды нарадзіліся ў Швецыі, але Ikea, напрыклад, вывела галаўны офіс за межы краіны праз высокія падаткі, а замовы для кампаніі робяць па ўсім свеце (нават на прадпрыемстве “Магілёўдрэў”); Oriflame даўно не ўспрымаецца ў беларускай масавай свядомасці як шведская касметыка.


Дзень Швецыі 1 чэрвеня завяршыў Тыдзень Швецыі ў Беларусі. Звычайна ён праходзіць у канцы траўня – на пачатку чэрвеня і прымяркоўваецца да Нацыянальнага дня Швецыі, які святкуюць 6-га чэрвеня. Наведвальнікам мінскай імпрэзы далі майстар-клас, як адзначаць Midsommar (“Сярэдзіна лета”, шведскаяназва дня летняга сонцастаяння 22-га чэрвеня, якому ў Беларусі адпавядае Купалле). І 6-га, і 22-га ў Швецыі дзяржаўныя выходныя.
Чытаць таксама: Чаму ў Швецыі няма Дня незалежнасці? 
У гістарычных лёсах Беларусі і Швецыі шмат агульнага, а Мінск геаграфічна бліжэйшы да Стакгольма, чым самая паўночная кропка Швецыі. У 1655 – 1657 гг. Вялікае Княства Літоўскае, падпісаўшы Кейданскую унію,фармальна выйшла са складу Рэчы Паспалітай і стварыла са Шведскім каралеўствам адзіную дзяржаву. Скандынавы сёння разглядаюць нашу краіну як частку цыркумбалтыйскага рэгіёну ды імкнуцца наладжваць усебаковае супрацоўніцтва, адной з праявай якога і стаў Дзень Швецыі ў Мінску.

Чытаць таксама: Вікінгі, селядцы і вершы: Дзень Швецыі ў Мінску (фота, відэа) 


Фота і відэа Алены Ляшкевіч