«Дзяды»: спектакль, які чакалі чвэрць стагоддзя
Літоўскі рэжысёр паставіла спектакль па польскім творы беларускага паэта пра ліцьвінаў. Па ўзрушэнні ды імпульсе актуальнай беларускасці «Дзяды» Кудзманайтэ можна параўнаць хіба што з «Тутэйшымі» Пінігіна.
Фота:budzma.org
У літоўскай пастановачнай групы з удзелам беларускіх актораў атрымалася стварыць існа нацыянальны беларускі спектакль. У якім, з аднаго боку, прасочваецца моцны бэкграунд, пранікненне аўтара ў эпоху і матэрыял (з дапамогай экспертаў-кансультантаў у этнаграфіі, гісторыі і фалькларыстыцы), са спасылкамі да канкрэтных культурніцкіх традыцый — святкаванне «Дзядоў» (дзень памяці продкаў у беларусаў і аднайменнае шэсце на Курапаты) і гістарычных фактаў (Адам Міцкевіч уводзіць у твор сваіх сучаснікаў, удзельнікаў падзей тых гадоў).
А з іншага — гэта абсалютна сучасная трактоўка паэмы Міцкевіча з акцэнтаваннем на відавочных хваравітасцях беларускага грамадства: палітвязні, забарона нацыянальных сімвалаў, занядбанне традыцый і нацыянальнай памяці, змаганне за свабоду слова, душы ды самаідэнтычнасць. Уздымаецца таксама пытанне грамадзянскага і чалавечага выбару — здрады, помсты, несправядлівага пакарання, салідарнасці.
Вялікая імправізацыя «Дзядоў» — удалы эксперымент з класічным творам, зразумелы і так чаканы на беларускай сцэне. Урэшце тэатр спрабуе не забаўляць пустымі камедыямі і не заціскаць замежнай грувасткай класікай (перадусім — расійскай). А расказваць пра сваё, пра складаныя рэчы мовай генетычна зразумелых беларускіх культурніцкіх кодаў, мовай сімвалаў, але сімвалаў чытэльных і ясных, мовай напраўду прыгожых балючых універсальных метафараў.
Выглядае на тое, што ўсё ж не ў добрым свежым беларускім рэжысёры была праблема і патрэба беларускага тэатра і не ў адсутнасці якаснай айчыннай драматургіі, а папросту ў маштабе асобы, якая б узялася за працу. Незалежна ад яе пашпартнага грамадзянства.
Паэма Адама Міцкевіча ёсць выклікам для любога рэжысёра. Яна не была завершана, і кожная з яе чатырох частак па сутнасці можа лічыцца асобным творам. Але нават гэта спадарыня Кудзманайтэ скарыстала на сваю карысць, карысць спектакля і карысць актораў: пры стварэнні і паказе характараў герояў і выяўленні іх сутнасцяў, якія таксама з’яўляюцца фрагментарнымі (хоць насычасана-запамінальнымі, дзякуючы акторскай трупе) — адпаведных і суадносных самой структуры паэмы.
Таксама варта адзначыць шматкротнае дзеянне на сцэне актораў групамі (а дакладней — актораў як групы, з’яднанай супольнасці), што ёсць данінай традыцыі літоўскай тэатральнай школе (у беларускіх акадэмічных тэатрах такога хіба і не сустрэнеш), што надае твору эмацыйнай паліфаніі і глыбокага дыхання нагбом.
Літоўцы і ліцьвіны
Адно што бянтэжыць: спадарыня Рамуна нязменна паўтарае з інтэрв’ю ў інтэрв’ю, што Міцкевіч пісаў пра Літву і літоўцаў (чаму ніхто з названых у праграмцы экспертаў не патлумачыў аўтарцы адрозненне «ліцьвінаў» (з ВКЛ, па сутнасці — беларусаў) ад «літоўцаў» (цяперашняй Літвы)?
Рэжысёр кажа, што «верагодна нават Міцкевіч чуў беларускія песні». Але тое не ёсць дапушчэннем, бо Міцкевіч відавочна чуў і беларускую мову, і песні. Ён пісаў: «Jenzyk bialoruski jest najmniej skorzony ze wszystkich jenzyko'w slowianskich. W ich bajach i pies'niach jest wszystko».
Духі і змагары
Спектакль па сутнасці складаецца з дзвюх частак — духоўнай практыкі і нацыянальнай практыкі, часткі падзеленых паміж сабой антрактам. І з’яднаныя цэнтральным вобразам — паэта.
Калі першая — была вельмі блізкая і зразумелая з бабуліных аповедаў і святкавання дзядоў у нас у хаце, як было, бадай, у бальшыні майго пакаленне, не кажучы пра старэйшае.
З містыкай, рыпам дзвярэй, трывогай і размовамі з душамі, куццёй і свечкамі, зярнятамі… Падказкамі на людское зямное жыццё і скаргамі на жыццё незямное ад заблукалых духаў. У дадзеным кантэксце — з душамі беларускімі: з казак, з бабуліных песень: жорсткія паны, дзеткі-сіроткі, цяжарныя загінулыя маладзіцы — усе тое героі беларускіх паданняў, нашых гісторый і традыцый.
У другой жа частцы — апладысменты зрывала менавіта відавочнасць адсылак да рэчаіснасці сённяшняй. Дый самі стваральнікі нязменна акцэнтуюць у сваіх прамовах на асучасненасці сцэнічнай інтэрпрэтацыі паэмы. Так і ёсць.
Уся група папрацавала па славу. І славу гэты спектакль здабудзе, бо ўжо замацоўвае за сабой месца новай легенды беларускай сцэны.
Вершаваная паэма Міцкевіча матэрыял не з простых, але Максім Клімковіч адабраў найістотная, ствараючы сцэнічную версію твора. Але да гэтага, каб твору з’явіцца, яму трэба было быць перакладзеным, адзначу, выдатна перакладзеным з польскай на беларускую Сержам Мінскевічам.
Нягледзячы на літоўскія пашпарты, літоўская каманда, стварыла па сутнасці нацыянальны спектакль. Безумоўна, галоўная роля тут належала рэжысёру. Але ўсё спрацавала, выбухнула менавіта з таго, што ўсе працавалі адзін на аднаго, на адну ідэю. Нягледзячы на тое, што ўся работа над спектаклем заняла меней за тры месяцы.
Але, відаць, не жартуюць акторы і рэжысёр, кажучы, што іх «вялі анёлы» і блаславіў сам дух Адама Міцкевіча. Былі і містычныя здарэнні, што адбываліся з выканаўцам галоўнай ролі Раманам Падалякам і Рамунай Кудзманайтэ.
Але цяпер пра спектакль.
Паўтарацца, каб быць пачутым
Скрозь увесь спектакль выкарыстоўваюцца рэфрэны. Героі часта паўтараюць знакавыя фразы, засяроджваючы на іх гледача. Паўтарэнне прамоўленага адпаведнае задуме.
У першай частцы на вясковых могілках варажбіты гукаюць, прамаўляюць замовы на аблудныя душы (Пан, Сава, хлопчык Юзя, дзяўчынка Рузя), што затрымаліся паміж пеклам і раем — у Чыстцы.
Тураванні гучаць і з вуснаў для заблукалых духаў. «Душачкі, выгнанцы раю, паспяшайце на Дзяды, для палёгкі, для ратунку… сюды, сюды, сюды!!!». Выдатная знаходка з вакном, праз шыбіны, якога, як і праз іншыя адлюстэркваючыя прынады: ваду, люстэркі, вокны, нават хатні медны посуд — можна ўбачыць душы памерлых.
Паўсюль — воск, дрэва (драўляныя лавы, ступы, горкі, труны і інш). Варожачы і заклікаючы «тых, хто не дайшоў да брамы раю», анёлы і варажэі хочуць дапамагчы душам здабыць палёгку — пачаставаць іх, паказаць, што іх памятаюць, «каб душа сышла ад цела і ў пекла паляцела» — як было з Панам-нябожыкам, былым уладаром вёскі, які ў халадэчу зімовую выгнаў з хаты цяжарную — і яна з дзіцяткам змерзла на вуліцы.
Але дазнаемся ў тым жа тураванні, што таму, хто пры жыцці «не быў чалавекам, таму чалавек не дапаможа».
Камусьці гуканцы насыпаюць зярнятак гарчыцы, каб душачкі-птушачкі брата і сястры, папросту супакоілася — і захацела сысці з зямлі, дзе было так бесклапотна і светла гуляць у лялькі і бегаць па траве.
Над сцэнаю — выцвілыя старыя абразы як абарона. Да іх як да звышняй сілы пачарговы звяртаюцца героі: то з мальбамі, то з просьбамі, то гневаючыся…
Варажбітка (пазней — анёл: Зоя Белахвосцік, брава!) прымае за аблудную душу паэта-пустэльніка, які забыўся на сябе праз каханне. Толькі і памятае, што яго абраная мела «чужы пярсцёнак». Конрад (пазней — Густаў: Раман Падаляка, брава!) хворы на свае ўспаміны пра каханне. Ягоная душа — у дрэўцы-парастку кіпарысу, у які ён перыядычна хоча самагубча ад безвыходнасці запусціць нож.
Вязні і палітвязні
Гэтым разам у ланцугі закаванае як парастак-душа, так і маладыя студэнты Віленскага ўніверсітэту (іх ролі, апроч Рамана Падалякі, выканалі Генадзь Гараскі, Андрэй Саўчанка, Дзмітры Тумас).
Выдатная сцэнаграфічная знаходка — усе яны прыцятыя да драўняй дошкі (якая чытаецца як папярэчны ашэстак з крыжа Езуса), да якой прамыцаваныя і тры жалезныя кратавыя кубкі. Кожны з іх мае сваё слова — слова пра цяперашняе і былое, слова, што рэжа і кранае.
У другой частцы публіка зрываецца на авацыю ці не паўтузіну разоў. І кожны раз на словах пра волю ці пра тырана? «Не быў хто вязнем — страціў многа!», «Чаму сядзіце ў балоце — бо звыкліся!».
У вобраза вязняў абазнанаму беларусу прачытаюцца цалкам рэальныя асобы Змітра Дашкевіча, Міколы Статкевіча, Паўла Севярынца, Алеся Бяляцкага. Мужныя хлопцы, а за кожным з дручком — жаўнер. Але ён ланцугі ўзняў: глядзіце не цяжкія! Жыве мая радзіма!.. І гэта гучыць куды мацней за відавочнае і ўлобавае: «Жыве Беларусь!».
Жыве мая Радзіма! — праўдзіва і да слёз, — Жыве! — адгукаецца заля сэрцамі. А поруч чатыры жанчыны — іх жонкі… Прыгожыя пакутніцы, маўклівыя гераіні.
Бел-чырвона-белыя анёлы
Літоўскія сцэнограф Марыюс Яцоўскіс, мастак па касцюмах Надзея Гульцяева і кампазітар Фаўстас Латэнасстварылі бліскучыя дэкарацыі і музыку, якія ў сваю чаргу здолелі падкрэсліць містычны нацыянальны каларыт эмацыйна і знакава.
Цягам усёй пастаноўкі — яны падказвалі, акцэнтавалі, дапаўнялі, насычалі эмоцыямі. Аснову склалі натуральныя матэялы — дрэва, вада, сухавецце. Люстэркі, вада, шкло — усё, праз што можна ўбачыць духаў, душы, дзядоў.
Анёлы ў спектаклі носяць васільковыя стужкі ў валасах і снуюць белыя чырвоныя і зноў белыя ніці, якія выпростваюцца ў відарыс гістарычнага беларускага сцягу, адначасна яны сімвалізуюць і струны беларускай душы, якія напінаюцца альбо мякчэюць у залежнасці ад сітуацыі, што адбываецца з героямі.
Чэрці закоўваюць у кайданкі і ланцугі душы вольнадумцаў і паэтаў. І змагаюцца за душу Конрада, ён жа Густаў. Зрэшты, калі памірае Густаў, нараджаецца Кондар. Калі ў першай частцы Густаў — звар’яцелы ад кахання паэт-ахвяра (ён, як Дантэ, незваротна і безадказна закаханы ў сваю Біятрычэ — Марысю), у другой частцы — ён паэт-змагар, што паўстае на Бога за Беларусь.
Як спяваў у адраджэнскія 1990-я Сяргей Сокалаў-Воюш: «Няхай яны крычаць, што з імі Бог! А з намі — Беларуская Зямля!». І як пісаў Уладзімір Караткевіч: «Хто за Край Свой Родны, за ўсе народы: паўстане нават на Бога!» І Паэт паўстае...
Супраць тырана паўстае паэт
Маналогі маладога і таленавітага актора Рамана Падалякі — эмацыйныя, маладыя, гарачыя і сэнсоўныя. Часама нават карціць займець у іх паўзы ці цішыні для перадыху, асэнсавання, але ён іх не дае.
Эмоцыя ўсе ярчэе, мурашы бягуць па спіне і дыханне гледача зрываецца разам з дыханнем Конрада. І ўжо здаецца, што Конрад крычыць не на Бога, а на цябе, на ўсё навокал. «Дай уладу, роўную тваёй! Свой народ ствару… — не просіць, а патрабуе ён у Звышняга, — Хачу душамі ўладарыць, як ты ўладарыш!», — і кідае чарнавікі сваёй паэмы ў абразы, у неба…
І, здаецца, яшчэ крыху — і Бог адкажа. Але Бог маўчыць. Узняўшыся на Бога, яго не могуць уратаваць нават малітвы, чытаныя ксяндзом (Сяргей Краўчанка), свечкі, абрады, а толькі малітвы і воля. І бел-чырвона-белыя анёлы. Адзінае яго апраўданне — «любіў ён многа і любіў ён многіх».
Супраць тырана паўстае ён — адраджэнец і паэт. І з парастка яго душы, які запальвае іншых, прарастае праз іх, паўстае цэлая зямля парасткаў яго аднадумцаў, зямля засланая белымі кашулямі, крывёю і сэрцамі, — зямля народжаных дзеля Беларусі.
У наступным тэатральным сезоне «Тэатр Андрэя Чорнага» абяцае зладзіць паказы і ў буйных гарадах Беларусі. А пакуль — «Дзяды» едуць па фестывалях. Да сустрэчы ўвосень! Не забудзьцеся забраніраваць месцы загадзя!
КРЫХУ ФАКТАЎ:
Ідэю пастаноўкі паэмы Адама Міцкевіча«Дзяды» прадзюсару «Тэатра Ч»Андрэю Чорнамупадказаў тэлевядоўцаЮрый Жыгамонт. А мастацкі кіраўнікАндрэй Курэйчыкпрывёў у тэатр літоўскую рэжысёра Рамунэ Кудзманайтэ з яе камандай пастаноўшчыкаў. Беларускія акторы былі абраныя на кастынгах, дзе на прагляд кожнага вылучалася не больш за 10 хвілінаў. Да слова, гэта першая работа новастворанага тэатру.
Гэта не першае ўвасабленне «Дзядоў» на беларускай сцэне за апошні час, цягам сезону ішлі і лялечныя «Дзяды».
Тры прэм’ерныя паказы адбыліся ў Рэспубліканскім палацы культуры прафсаюзаў. Апошні з іх — 20 траўня. Усе квіткі на спектакль былі раскупленыя загадзя.
фоткі budzma.org