«Дзеяслоўскую» рок-анталогію прэзентавалі ў Маладзечне

12 чэрвеня ў Маладзечне адбылася прэзентацыя Анталогіі перакладаў расійскай рок-паэзіі, змешчанай у часопісе «Дзеяслоў» № 69. З гэтым адметным праектам «дзеяслоўцы» ўжо выступілі ў Мінску і ў Магілёве. 



ivaszczanka.jpg

Анатоль Івашчанка
Сярод маладзечанцаў таксама аказалася нямала прыхільнікаў рок-музыкі, часопіса “Дзеяслоў” і роднай мовы. Імпрэза прайшла ў межах грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”
Нагадаем, што ў выданні апублікаваныя тэксты 12 расійскіх выканаўцаў, пераствораныя па-беларуску 13 перакладчыкамі. Сярод “зоркавых” імёнаў — Андрэй Макарэвіч, Барыс Грэбеншчыкоў, Юрый Шаўчук, Віктар Цой, Эдмунд Шклярскі ды іншыя. Перакладчыкамі выступілі такія беларускія творцы, як Сяргей Балахонаў, Вольга Гронская, Марыя Мартысевіч, Макс Шчур, Андрэй Хадановіч…   
Вечарыну адкрыў Анатоль Івашчанка — паэт, перакладчык, адказны сакратар “Дзеяслова”, адзін з ініцыятараў праекта, які распавёў і пра само выданне, і ўласна пра тое, як была рэалізаваная Анталогія. Як вядома, “Дзеяслоў” — тоўсты літаратурны часопіс, на старонках якога з першых дзён заснавання друкуюцца творы самых аўтарытэтных і самых таленавітых прадстаўнікоў сучаснага літаратурнага працэсу. Таму не дзіва, што з “Дзеясловам” звязаныя найбольш актуальныя праекты, у тым ліку рок-анталогія.
З лёгкай рукі спадара Івашчанкі па-беларуску загучалі песні Аляксандра Башлачова, Барыса Грэбеншчыкова, Канстанціна Кінчава, Віктара Цоя. Некаторыя са сваіх перакладаў Анатоль выканаў для маладзечанскай публікі.
Музыкант Юры Несцярэнка перастварыў на беларускую мову тэксты песень Андрэя Макарэвіча і склаў з іх паўнавартасную праграму. Лідар “Машыны часу” адобрыў работу Юрыя, дазволіў публікаваць і выконваць пераклады. Дарэчы, менавіта Юрыю першасна належыць ідэя Анталогіі, але, як прызнаецца музыкант, “задума гэтага праекта літаральна “насілася ў паветры”, таму была горача падтрыманая калектывам часопіса і многімі таленавітымі беларускімі літаратарамі.
“Засталося толькі ўгаварыць спадароў Андрэя Вадзімавіча, Барыса Барысавіча, Юрыя Юліянавіча праспяваць па-беларуску — тады народзіцца ўнікальны дыск!” — жартавалі выступоўцы і гледачы.
Арцём Сітнікаў (гітара) і Вікторыя Букоўская (скрыпка) выканалі некалькі кампазіцый Барыса Грэбеншчыкова — іх версіі вельмі “асвяжылі” класічныя тэмы “Акварыума”. Прыемнай нечаканкай стала песня на мелодыю Ігара Талькова (арыгінал мае назву "Памяці Віктара Цоя"), праспяваная Арцёмам на верш Рыгора Барадуліна.
Музыкант Раман Яраш, вядомы як заснавальнік і ўдзельнік многіх праектаў па папулярызацыі нацыянальнай культуры, у прыватнасці, фолькавых, з цікавасцю далучыўся да “абеларушвання” расійскай рок-паэзіі. У выкананнні Рамана прагучалі песні Барыса Грэбеншчыкова (у матыў “Горада залатога” былі па-майстэрску ўплеценыя адгалоскі гімна “Магутны Божа”), а ў даважак — аўтарскія кампазіцыі і пераклады з Боба Дылана.
Публіка доўга не адпускала гасцей — канцэрт доўжыўся больш за дзве гадзіны. Напрыканцы гледачы атрымалі ў падарунак нумары “Дзеяслова”, “Літаратурнай Беларусі” і прызы ад кампаніі “Будзьма!”.
lit-bel.org