Фэст у Кярнаве: Наваградку нават і не мроілася...
У
літоўскім мястэчку Кярнаве прайшлі Дні жывой археалогіі. Ужо не першы год там
удзельнічаюць беларускія музычныя гурты і рэканструктары сярэднявечнай
культуры.
У Кярнаве жыве троху больш за 300 чалавек. Тут дзейнічае касцёл, археалагічны музей, музей скульптуры, некалькі маленькіх прыватных гатэляў. Гістарычна-археалагічны комплекс з пяці гарадзішчаў, ля якога праходзяць Дні жывой археалогіі, у 2004годзе ўнесены ў Спіс сусветнай спадчыны UNESCO.
На гарадзішчах у XIII–XIV стагоддзях былі драўляныя замкі,
адзін з якіх слугаваў рэзідэнцыяй вялікім князям літоўскім Трайдзеню, Віценю і,
першапачаткова, Гедыміну. Нагадаем, што апошні перанёс сталіцу ВКЛ у Вільню
толькі ў 1323-м годзе, да таго яшчэ паспеўшы пакіраваць з Трокаў.
Ад Кярнаве да Вільні каля 40 кіламетраў, на пачатку XIV
стагоддзя на месцы цяперашняй сталіцы ці то буяў глухі лес, ці то ўжо жылі
людзі, але параўнацца з Кярнаве па значнасці Вільня тады яшчэ не магла. Легенда
пра заснаванне Кярнаве пераказваецца ў “Хроніцы Быхаўца”. Адпаведна ёй,
паселішча заклалі сын і ўнук легендарнага перасяленца з Рыма Палямона Кунас і
Кернус. Ад імя апошняга Кярнаве і атрымала назву.
“Хроніка” Мацея Стрыйкоўскага згадвае Кярнаве сярод
найбольш істотных адміністрацыйна-палітычных цэнтраў ВКЛ, але адзначае, што
Міндоўг быў каранаваны ў Наваградку. У ранейшых працах Стрыйкоўскі месцам
каранацыі называе Кярнаве. У літоўскай масавай свядомасці горад часта
ўспрымаецца як “першая сталіца Літвы”, цяпер тут 6 ліпеня ўрачыста святкуецца
Дзень каранацыі Міндоўга. Дарэчы, 6 ліпеня ў Літве — дзяржаўнае свята. У ХІХ
стагоддзі Кярнаве даследавалі браты Тышкевічы і Уладзіслаў Сыракомля.
Дні жывой археалогіі прыцягваюць у мястэчка проста натоўпы турыстаў. Здавалася б, ну чым горшы наш Наваградак? Але вялікіх міжнародных фестываляў там пакуль няма. Наплыў людзей, акрамя археалагічнага фэсту, у Кярнаве бывае на Купалле (неапаганская абшчына RAMUVA яго святкуе тут з 1970-х гадоў).
Сёлета ў праграме Дзён жывой археалогіі былі заяўлены
ўдзельнікі амаль з дзясятку еўрапейскіх краін, а таксама з ЗША. "Беларусь прадстаўлялі клубы рэканструкцыі эпохі ранняга сярэднявечча VARGENTORN з Віцебска і TRUE VARING са сталіцы, суполка рэканструктараў побыту крывічоў з Браслава і мінскія музычныя гурты ESSA, LITY TALER, JAVARYNA. Беларусы “зрабілі” значную частку праграмы фестывалю:
каля траціны канцэртаў, палова ўдзельнікаў інсцэніроўкі баёў. JAVARYNA,
напрыклад, выступіла ажно 5 разоў.
Беларускія гурты сярэднявечнай музыкі адрозніваліся
актыўнай працай з гледачамі, танцавальнымі майстар-класамі. LITY TALER і
JAVARYNA зрабілі цікавыя аранжыроўкі добра вядомых аматарам адпаведнага
музычнага накірунку мелодый: латышскага “Garais dancis” (“Павольны танец”), беларускага танца “Лысы”. ESSA
паказала праграму спеваў пад колавую ліру. Што цікава, у сярэднявечнай Заходняй
Еўропе пад гэты інструмент танчылі, а на землях ВКЛ пад ліру толькі спявалі
жабракі.
Музыка Тодар Кашкурэвіч, больш вядомы як дудар, граў не толькі на сцэне: наведвальнікі фэсту вельмі цікавіліся інструментамі, здзіўляліся, што ў Беларусі даўней гралі і на дудах, і на лірах. Другая ўдзельніца гурта ESSA Вольга Кашкурэвіч выканала пад колавую ліру некалькі балад і купалак.
Венгерскі гурт SUGALLO сярод іншых кампазіцый сыграў танец “Drumul Dracule”, вядомы ў Беларусі найперш у апрацоўцы гурта СТАРЫ ОЛЬСА, але папулярны і сярод іншых музыкаў. Падчас вечарыны для ўдзельнікаў фестывалю аказалася, што дзвюма “кананічнымі” схемамі танцавальных рухаў “Drumul Dracule”, вядомых у беларускім танцавальным асяродку, варыятыўнасць танца не вычэрпваецца.
Уразіў падыходам да музычнага матэрыялу латышскі гурт DELVE. Спеў на першым месцы, інструментальнае суправаджэнне застаецца суправаджэннем, вельмі густоўным і ненавязлівым. Такім чынам пашыраецца аўдыторыя, бо не кожны зможа слухаць паўгадзіны акапэльны спеў, але не кожны і хоча яскравых інструментальных кампазіцый, якія толькі “прыпраўляюцца” падпеўкамі.
Галоўная частка Дзён жывой археалогіі ў Кярнаве ўсё ж не
музычная. Рэй вядуць рамеснікі-рэканструктары даўняга побыту, ад Неаліту да
Сярэднявечча. Можна было паглядзець, як рабілі прылады працы з крэменю,
свідравалі бурштын, здабывалі “жывы” агонь, ляпілі гаршкі, ткалі паясы, сукалі
свечкі… Нават былі прадэманстраваны магчымасці лазні “па-чорнаму” і горн для
працы з металам.
Шмат удзельнікаў прыязджалі цэлымі сем’ямі, дзеці — таксама ў рэканструяваных строях і досыць самастойныя: часта можна было заўважыць, як шпацыруюць без бацькоў, самі сабе выдумляюць гульні ды забавы.
На фэсце ў Кярнаве цікава і ўдзельнікам, і турыстам.
Мроіцца, што калі-небудзь і ў горадзе-канкурэнце Наваградку, што аспрэчвае ў
літоўскага мястэчка права лічыцца месцам каранацыі Міндоўга, будуць адбывацца
імпрэзы падобнага маштабу.
Фота і відэа Алены Ляшкевіч