Украіна набірае папулярнасць у турыстаў з Беларусі, Расія — губляе

За год амаль у тры разы павялічылася колькасць беларускіх турыстаў, якія наведваюць Украіну. У той жа час колькасць беларусаў, якія наведваюць Расію, скарацілася амаль у два разы.

tourism.jpg

Такія дадзеныя прыводзіць Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі.
Калі ў 2015 годзе Украіну наведала ўсяго 18 508 арганізаваных турыстаў, то ў 2016 годзе іх колькасць узрасла да 45 919 чалавек. У той жа час, калі ў 2015 годзе арганізаваных турыстаў з Беларусі ў Расію налічвала 130 517 чалавек, то ў 2016 — ужо 71 503 піша «Штодзённік».
Раней турыстаў у складзе арганізаваных груп з Беларусі ва Украіну традыцыйна ездзіла больш, чым у Расію. Да прыкладу, у 2010 годзе розніца прэваліравання ўкраінскага напрамкі перад расійскім перавышала 10-кратны паказчык (у Украіну адправілася звыш 132 тысяч турыстаў, у Расію — каля 26 тысяч).
Спад папулярнасці Украіны, як месцы турыстычнага паломніцтва беларусаў адбыўся ў 2014 годзе, калі ва Украіну з`ездзіла ўсяго 5 638 беларускіх арганізаваных турыстаў. Відавочна, што расійская анэксія Крыма і ўзброены канфлікт на тэрыторыі Усходняй Украіны сур'ёзна адбіліся на турплыні з Беларусі. У той жа час, як паказвае практыка, сітуацыя з Крымам, не асабліва прыбавіла папулярнасці расійскаму кірунку для беларусаў і не наблізіла Расію да ранейшых украінскіх паказчыкаў у беларускай статыстыцы.
Характэрна, што Украіна, мабыць, адзіны напрамак, у якім турплынь беларусаў актыўна павялічваецца. Бо і колькасць арганізаваных падарожнікаў з Беларусі ў краіны па-за СНД ў 2016 годзе ў параўнанні з 2015 скарацілася з 585 тысяч да амаль 378 тысяч.
Мяркуючы па ўсім, Украіна набірае папулярнасць у беларусаў як краіна, якая прапануе бюджэтны адпачынак на беразе Чорнага мора. А з-за зацягнутага эканамічнага крызісу ў Беларусі гэты адпачынак у 2017 годзе можа стаць яшчэ больш запатрабаваным.
Паводле thinktanks.by