Стобальнікаў з рэгіёнаў на ЦТ больш, чым з Мінска
Сёлета ў Беларусі цэнтралізаванае тэставанне праходзіла 90125 абітурыентаў. 303 з іх напісалі тэст на 100 балаў. У 292 абітурыентаў 100 балаў па адным прадмеце, у 11 — па двух.
А максімальныя 300 балаў сёлета не набраў ніхто: сёлетняя рэкардсменка — Ганна Скрыпская з Мінска — занесла ў Медуніверсітэт сертыфікаты на 299 балаў па ЦТ.
Сярод абітурыентаў, якія атрымалі сто балаў на сёлетнім цэнтралізаваным тэставанні, 100 — выпускнікі гімназій, 65 — ліцэяў, 85 — сярэдніх школ і 1 — выпускнік сярэдне-спецыяльнай навучальнай установы. А таксама 51 выпускнік мінулых гадоў і 1 абітурыент, які ў гэтым годзе скончыў ўстанову адукацыі не ў Беларусі.
Стобальнікаў з рэгіёнаў на сёлетнім цэнтралізаваным тэставанні больш, чым з Мінска: 96 супраць 82. прычым 9 з тых 96 — выпускнікі сельскіх школ. Статыстыку па сёлетнім ЦТ са спасылкай на Рэспубліканскі інстытут кантроля ведаў публікуе TUT.by.
Больш за ўсё стобальнікаў было на ЦТ па матэматыцы — 69. На другім месцы руская мова — 66. Для параўнання, ЦТ па беларускай мове на 100 балаў напісала 35 чалавек, хаця на яго запісалася ўсяго 28 тысяч абітурыентаў, а рускую мову здавала 75 тысяч чалавек. Трэцяе месца па стобальніках трымаюць замежныя мовы — 49 абітурыентаў.
А вось менш за ўсё абсалютных вынікаў — на тэстах па геаграфіі і сусветнай гісторыі. Там усяго па адным стобальніку.
Паводле Еўрарадыё