«Хачу, каб Малдова была, як Беларусь», — Дадон перад сустрэчай з Лукашэнкам
Прэзідэнт
Малдовы Ігар Дадон прыедзе з рабочым візітам у Беларусь 12–14 ліпеня,
перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам запланаваныя на 13 ліпеня ў Віцебску, у дзень
адкрыцця «Славянскага базару».
На перамовах
плануецца абмеркаваць супрацу ў палітыцы, эканоміцы і сацыяльнай сферы,
узаемадзеянне ў інтэграцыйных аб’яднаннях. Дадон таксама мае сустрэцца з
малдоўскай дыяспарай у Беларусі і беларускімі бізнэсоўцамі.
Напярэдадні сустрэчы з Лукашэнкам Дадон выступіў у перадачы «Актуальнае інтэрв’ю» на тэлеканале «Беларусь-1». Як і раней, ён хваліў беларускія ўлады і Лукашэнку асабіста. Ніжэй цытаты Дадона з перадачы паводле БелТА.
Дадон хоча паўнамоцтвы, як у Лукашэнкі, каб «навесці парадак»
Да 2009 году Малдовай кіравалі камуністы, але ў 2009 годзе яны прайгралі парламенцкія выбары кааліцыі праеўрапейскіх партыяў. Але дзеянні праеўрапейскіх уладаў не задаволілі народ: квітнела карупцыя (у 2014 годзе кудысьці знік 1 млрд далараў дзяржаўных грошай), эканамічная сітуацыя пагаршалася, трывалі масавыя пратэсты. Дадон, лідэр партыі сацыялістаў, прыйшоў да ўлады ў 2016 годзе і ў першую чаргу зняў з рэзідэнцыі сцяг Эўразьвязу.
«Я на ўсіх сустрэчах з выбарнікамі апошнія тры-чатыры гады ўсюды казаў, што хачу, каб Малдова была, як Беларусь. Патрэбны моцны лідар, патрэбна жорсткая вертыкаль улады, трэба навесці парадак у эканоміцы, трэба вярнуць тое, што было добрае пры Савецкім Саюзе. Вы змаглі гэта захаваць, а ў нас усё разбурылі. Трэба сябраваць з усімі».
«Я лічу, што з Беларусі мы можам браць прыклад у вельмі многіх кірунках. Першае — гэта будаўніцтва дзяржаўнай палітыкі: прэзідэнцкая краіна, паўнамоцтвы прэзідэнта. І тады ўсё запрацуе, не будзе вось гэтай анархіі — гэта не дэмакратыя, гэта анархія атрымліваецца. У вас гэтага няма, і гэта плюс».
«Вы захавалі ўсё, што было ў Савецкім Саюзе. Вы не разбурылі калгасы, саўгасы. Вы захавалі буйныя гаспадаркі, вы ім дапамагаеце. У вас вельмі сурʼёзная вытворчасць, і не толькі ў сельскай гаспадарцы — у вас і сурʼёзная прамысловасць. Тое, што мы разбурылі, вы захавалі».
Замест Эўразьвязу — ЭАЭС?
Дадон выступае супраць асацыяцыі з ЕС, прапануе разарваць дамову. Ён перакананы, што будучыня краіны — у Еўразійскім эканамічным звязе. У красавіку ён падпісаў мемарандум аб супрацы з ЭАЭС, які, на што ён сам звяртае ўвагу, супярэчыць іншым міжнародным пагадненням Малдовы. Дадон падаў заяўку, каб Малдова атрымала статус назіральніка ў ЭАЭС. Ён не выключае, што Малдова цалкам далучыцца да ЭАЭС, але дапускае, што гэтае рашэнне давядзецца выносіць на рэферэндум.
«За гэтыя 3 гады мы бачым, што, на жаль, вынікаў станоўчых ня дадзена. Карупцыя расце пры гэтай парламенцкай уладзе, інвестыцыі рэкордна ўпалі за апошнія 20 гадоў. Дзіўна, нам абяцалі, што, калі мы пойдзем у Еўропу, то інвестыцыі вырастуць. Яны ўпалі, ніколі такога нізкага ўзроўню не было. Мясцовых вытворцаў мы забіваем гэтай палітыкай, таму што мы адкрылі рынкі і сюды хлынулі еўрапейскія тавары, якія субсідуюцца ў краінах ЕС».
«Калі бярэш усе гэтыя моманты, думаеш, для чаго гэта было падпісана? У інтарэсах каго? У Малдовы я пакуль што не бачу ніякіх вынікаў. Вядома, усё гэта трэба пераглядаць. Я гэта адкрыта і сумленна казаў і ў Брусэлі, калі мы сустракаліся ў лютым з кіраўнікамі Еўрапейскай камісіі, ЕС. Сказаў: „Слухайце, я буду адстойваць нацыянальныя інтарэсы. Калі вы не будзеце згодныя нешта мяняць у такіх падыходах, то народ Малдовы прыме рашэнне і ўсё гэта адменіць. А як па-іншаму? Мы што, павінны станавіцца калоніяй кагосьці ці інструментам, пешкай у нейкі вашай рэгіянальнай, геапалітычнай гульні?“ Не, мы гэтага не дапусцім».
Малдова хоча дапамагчы Беларусі ці Дадон хоча дапамагчы Лукашэнку?
Дадон перадаў беларусам, каб яны цанілі беларускую стабільнасць. Ён разьлічвае на цесную эканамічную супрацу з Беларуссю, асабліва ў галіне сельскай гаспадаркі. У Малдове ўжо збіраюцца беларускія трактары і тралейбусы. Валавы ўнутраны прадукт Малдовы ў 7 разоў меншы за беларускі пры меншым у 2,6 раза насельніцтве; доля прамысловасці ў ВУП у Малдовы ўдвая меншая за тую ў Беларусі, а сельскай гаспадаркі — удвая большая; ВУП дзьвюх краін расце і падае практычна сінхронна.
«У нас нармальныя стасункі [з Беларуссю], а будуць яшчэ лепшыя. Будзьце ўпэўненыя, што ў Малдове ёсць сябры, надзейныя партнёры».
«Малдову трэба разглядаць не толькі як рынак продажу тавараў, але і як пляцоўку, адкуль можна рухацца далей. Тут, у свабодных эканамічных зонах, можна наладзіць зборку, вытворчасць, атрымаць нашы сертыфікаты і на іх падставе рухацца на еўрапейскі, азіяцкі рынкі».
«Спадзяюся, некаторыя прапановы, якія тычацца зборкі, зацікавяць беларускіх партнёраў, і пасля гэтага мы пяройдзем да больш канкрэтных праектаў».