Folker: Віктар Шалкевіч: Прафесія — жартаўнік
Беларусь, роўная па тэрыторыі палове Нямеччыны, зачараваная краіна за мяжой Еўрасаюза, спіць разам са сваімі дзесяццю мільёнамі жыхароў, часам смелым сном усялякага здаровага розуму, бо былы старшыня калгасу моцна трымае краіну ў жалезных дыктатарскіх кіпцюрах.
Што можна спяваць у акружэнні трох спецслужбаў, дзе цэнтралізм дыстылюецца ў сталіцы і ўвасабляецца ў выглядзе Галоўпаштамту і цэнтральнай паліклінікі? Што можна спяваць там, дзе бронзавая статуя галоўнага чэкіста Дзяржынскага, здаецца, штодня павялічваецца ў памерах нейкім таямнічым чынам? Пра беларускага барда і шоўмэна Віктара Шалкевіча піша ў нямецкім музычным часопісе FolkerДытэр Калка.
Так, Шалкевіч спявае. Усё яшчэ. І гэта само па сабе цуд. Не высланы ў Сібір, не выкінуты з краіны, ні разу не затрыманы сярод ночы. Хапіла б толькі аднаго: што яго голас усё яшчэ прысутны. Між тым, ён стаў культавым у краіне. Верагодна, апошні сапраўдны бард, які спраўляецца з напалову наладжанай гітарай, сваімі грымасамі і няспыннай плынню жартаў стварае людзям добры настрой і між іншым спявае свае з’едліва-сумныя балады. «Паручнік быў, на жаль, жыдом — а!.. а!.. — і камсамольцам!». Змястоўна выказана, з высока паднятымі брывамі.
Віктар Шалкевіч з малаком маці увабраў у сябе культурную ідэнтычнасць руска-польска-габрэйска-беларускай сумесі народаў сваёй радзімы: неабсяжныя абшары краіны, гордая польска-патрыятычная літаратура, ад якой ён ахвотна адштурхоўваецца, беларуская сціпласць і габрэйскі гумар. За гадзіну Шалкевіч распавядае сорак жартаў. Песні пра каханне чаргуюцца з «беларускім блюзам». У песні «Яна праваслаўная, я — каталік» ён выказвае наіўнае жаданне гармоніі і прымірэння супрацьлегласцяў. Калі Шалкевіч шукае мацнейшую форму выказвання, ён дасціпна і з шармам выкарыстоўвае танга, часам дзеля таго, каб праз перабольшанне з халодным цынізмам падкрэсліць страту ўсялякіх надзей на спраўджанне свайго імкнення. Ён рэгулярна звяртаецца да габрэйскай тэматыкі — так, як у песні пра Касю на Брукліне, што забылася на сваіх габрэйскіх сяброў, або ў «Добрай раніцы», загалоўнай песні чацвёртага альбому: «Добрай раніцы, жлобская нацыя!». Альбо ў «Juden Tango» ён раіць жыдам не ўцякаць так проста.
Шалкевіч, нягледзячы на сур’ёзны падтэкст, сярод бязрадаснасці, верагодна, найбяднейшай краіны Еўропы, з’яўляецца гарантам прынамсі адной гадзіны асалоды. Ён святкуе бачанне будучыні без страху, дотык дэмакратыі, які таксама быў з’явіўся у Беларусі ў 1991-1994 гг., пакуль Аляксандр Лукашэнка не знішчыў усялякую надзею. У славянамоўным краі ад Польшчы да Расіі Шалкевіч — у дарозе, і там ён, сапраўды, мае патрэбу толькі ў самім сабе і сваёй гітары. Дагэтуль ён выпусціў шэсць альбомаў: гэта сола або запісы ўжывую з невялікім ансамблем, але адзін з іх — студыйны запіс з выбранымі песнямі, які мае назву «Добрай раніцы. Выбранае» і быў выдадзены BMA Group у 2002 г. Гэта вельмі складаныя ў музычным плане творы, разнастайныя стылістычна (ад року да «рускіх народных»), з выкарыстаннем акардэона, электрычных гітарных рыфаў, фагота і іранічна ўстаўленай балалайкай. Але становіцца чутно: карані яго музыкі ляжаць глыбока ў яго беларускай радзіме і не маюць нічога супольнага з усялякага кшталту капіяванай амерыканскай лухтой.
З улікам умоў яго працы Шалкевіч заслугоўвае ўзнагароды за настойлівасць. Але што такая ўзнагарода ў параўнанні з Ордэнам Усмешкі* — ганаровай міжнароднай узнагародай, лаўрэатам якой Шалкевіч з’яўляецца, і, дзякуючы гэтаму, знаходзіцца ў славутай кампаніі разам са Стывенам Спілбергам, чатырнаццатым Далай-ламам, Папам Рымскім Янам Паўлам II, Астрыд Ліндгрэн і маці Тэрэзай.
Тыя, хто хоча запрасіць вельмі занятага музыку, што выступаў у Нямеччыне ўжо ў канцы дзевяностых у Вальдэку**, мусяць загадзя паклапаціцца пра візавыя фармальнасці і замовіць адразу цэлы гурт. Гэта таго варта.
Актуальны альбом:
«Шчаслівая сямёрка» — новыя песні і анекдоты (BMA Group, 2010)
* Ордэн Усмешкі (польск. Order Uśmiechu) — першапачаткова польская, а пазней міжнародная ўзнагарода, якая прысуджаецца вядомым людзям, што прыносяць дзецям радасць (www.orderusmiechu.pl).
** Вальдэк, крэпасць Вальдэк (Burg Waldeck) — месца ў заходняй Нямеччыне, дзе ў 60-ыя праходзілі першыя ў краіне open air фестывалі
Пераклад з нямецкай — Таццяна Фадзеева. Заўвагі перакладчыка.
Бліжэйшы канцэрт Віктара Шалкевіча «па заяўках да дня усіх закаханых» адбудзецца 14 лютага ў 19.00 у мінскім Палац культуры ветэранаў (вул. Я.Купалы, 21). Усім парам з нагоды дня Святога Валянціна — кампакт-дыск у падарунак!
Квіткі ад 120 000 да 190 000. Даведкі па тэлефонах: (029) 6490888, (033) 3091137.