Францысканскі кляштар “закансервавалі” ад бамжоў з дапамогай фанеры (фота)
Яшчэ пару гадоў таму ў будынку былога кляштару Францысканцаў у Воршы жылі людзі. Пасля адсялення жыхароў гістарычны помнік апанавалі бамжы, якія разводзілі вогнішчы проста ў памяшканнях. Які лёс цяпер чакае кляштар?
Вокны кляштара забітыя фанерай, на сцяне шыльда: “Ахоўваецца дзяржавай”, але пад гэтай шыльдай помнік ператвараецца ў руіну.
Мураваныя жылы корпус францысканскага кляштару пабудаваны ў 1714 годзе, пасля паўстання 1863 кляштар быў прыстасаваны пад турму, у 1920–30-я — рамеснае вучылішча. Касцёл святога Антонія з'яўляўся творам мураванай архітэктуры барока.
Касцёл зруйнаваны ў канцы 1960-х гадоў. На сённяшні дзень сталі вядомыя імёны тых, хто кіраваў руйнаваннем касцёла святога Антонія ў 60-я гады, які знаходзіўся на вуліцы Дамініканскай насупраць цяпер дзеючага касцёла Святога Язэпа. У архівах знайшліся і дакументы, паводле якіх гэтым людзям выпісваліся прэміі па 30 рублёў.
У суботні вечар, калі камісія павінна была аглядаць касцёл святога Антонія, каб вызначыць рэстаўраваць яго ці падрываць, было вельмі халоднае надвор'е. Мароз за трыццаць, снег 40–50 сантыметраў. І, мяркуючы па ўсім, яны не хадзілі аглядаць касцёл святога Антонія, а сфальсіфікавалі акт пра аварыйны стан будынку. З архіўных матэрыялаў таксама стала вядома, што кіраўнік камісіі пісаў пра пісьменніка Уладзіміра Караткевіча, які гэта «дрэнны нацыяналіст».
Паліна Сцепаненка, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтаркі