HALMA MATER: «Мы для іх — апошні фарпост Еўропы»
«І як вам трактары «Беларус»?» — публіка з апошніх сілаў прыдумвала пытанні для пісьменніка Трыстана Х’юза. — «Супер. Яны героі гэтага тыдня: прыбраць столькі снегу! — адказваў Трыстан. — А ўвогуле, я вырас у Канадзе, а бацька мой — фермер, так што ані маразамі, ані агратэхнікай мяне не здзівіш».
«І як вам трактары «Беларус»?» — публіка з апошніх сілаў прыдумвала пытанні для пісьменніка Трыстана Х’юза. —
«Супер. Яны героі гэтага тыдня: прыбраць столькі снегу! — адказваў Трыстан. — А ўвогуле, я вырас у Канадзе, а бацька мой — фермер, так што ані маразамі, ані
агратэхнікай мяне не здзівіш».
Дзіўным у гэтай размове выпадковаму наведніку галерэі «Ў» магло падацца ўжо тое, адкуль у Мінску ў разгар суровай зімы наогул мог узяцца літаратар з Уэльсу. Гэта нечаканае
з’яўленне адбылося дзякуючы еўрапейскай сетцы літаратурнага абмену Halma. Пра спецыфіку дзейнасці гэтай арганізацыі ў Беларусі Алесь Гінзбург гутарыць з Вольгай Гапеевай —
дырэктаркай беларускай філіі Halma.
(На здымку: Дом перакладчыка ў Ty Newydd (Уэльс) — партнёр сеткі Halma)
«Ніякага кантролю няма»
— З якога часу і якім чынам адбываецца «творчы абмен» паміж краінамі Еўрасаюза і Беларуссю?
— Са снежня 2008 года, калі на чарговай сесіі Halma выдавецтва «Логвінаў» прынялі ў арганізацыю, мы маем магчымасць прымаць пісьменнікаў на творчыя стыпендыі. Па-добраму, у
нас павінен быць нейкі ўласны «домік творчасці», як амаль ва ўсіх сябраў аб’яднання, але пакуль не дазваляюць фінансавыя магчымасці — таму ў Мінску пісьменнікі
жывуць на здымнай кватэры ў цэнтры. Прыязджаюць на месяц. Праграма дае магчымасць выбраць дзве краіны запар, і пісьменнікі гэтым ахвотна карыстаюцца. Заяўкі разглядаем не мы. Калі нехта абірае
Беларусь, з намі звязваюцца каардынатары: «Ці можаце вы прыняць пісьменніка ў такі і такі час?» — «Канешне, можам!» Творца атрымлівае грошы на дарогу і
жыццё ў сваіх фундатараў і прыязджае ў Мінск.
— І сядзіць і піша?
— Ну, гэта яго справа, чым ён тут будзе займацца, — ніякага
кантролю няма: можна адпачываць, пісаць, займацца навуковымі доследамі… Многія пісьменнікі — людзі ў веку пасля трыццаці, таму іх звычайны план — «дапісаць
раман» або «скончыць дысертацыю». Адзіны абавязак аўтара — літаратурная імпрэза ў краіне, якая прымае, чытанне дзвюма мовамі, адпаведна, мусіць быць зроблены
пераклад вершаў ці прозы.
— Ці ездзяць беларускія пісьменнікі ў творчыя дамы Halma?
— Пакуль гэта даволі складана. У Halma ёсць фінансавы падзел паміж краінамі: адны дзяржавы самі ў стане аплачваць аўтарам вандроўку і выдаваць стыпендыі, а іншыя — не. Беларусь, як
і прыбалтыйскія, скажам, краіны, — не ў стане. Сама Halma не выдае грошай — яна прапаноўвае цікавыя магчымасці кудысьці паехаць. Так што пры нашай дапамозе ў Еўропе могуць
даведацца: так, мы існуём, і ў нас таксама ёсць цудоўная літаратура, — але стыпендыі беларусы павінны шукаць самі. Да таго ж, мы не можам удзельнічаць у большасці праграм Halma, паколькі
Беларусь не ўваходзіць у Еўрасаюз.
— Якія патрабаванні высоўвае Halma да стыпендыятаў?
— Аддаюць перавагу тым, хто ўжо праявіў сябе ў літаратуры і мае пэўны патэнцыял: пісьменнік павінен мець прынамсі адну кнігу. Нікога не турбуе, якое выдавецтва прадстаўляе аўтар і ці
ўваходзіць ён у нейкія творчыя саюзы. У некаторых выпадках аўтару неабходныя рэкамендацыі ад аўтарытэтных дзеячаў культуры на радзіме ці за мяжой. Творчасць апліканта, калі яна не па-нямецку ці
па-англійску, павінна мець пераклад на адну з гэтых моваў, каб журы магло ацаніць яго ўзровень. І гэта яшчэ адна праблема сучасных беларускіх літаратараў на шляху да еўрапейскіх стыпендый: нас няма
каму перакладаць. Мы, зразумела, можам перакласці сябе самі, чым і займаемся, але гэта моветон у перакладчыцкай традыцыі. Важна вырасціць пакаленне перакладчыкаў з беларускай на замежныя мовы, для
якіх гэтыя мовы — родныя… У Еўропе неверагодная колькасць фінансавых праграм для літаратараў, стыпендыяты якіх могуць паехаць у творчыя дамы Halma. Прафесійны пісьменнік з
пашпартам Еўрасаюза можа ўсё жыццё толькі і рабіць, што мяняць дамы творчасці.
Рональд, Анна, Трыстан
— Якія заходнія аўтары да нас ужо прыязджалі? Чаму яны абралі менавіта Беларусь і ці спраўдзіліся іх чаканні ад паездкі?
— На дадзены момант у нас было тры «візіцёры». Швейцарац Рональд Райхен прыязджаў у жніўні 2009 года. Гэта быў наш першы госць, і мы вельмі перажывалі, як усё пройдзе. Яго
паездка была ўдалай: было лета, сонца, Рональд шмат з кім тут пазнаёміўся. Пасля ад’езду я спыталася пра яго ўражанні, ці не трэба нам нешта змяніць, палепшыць. Рональд адказаў захопленым
лістом: «У мяне залатыя згадкі пра Беларусь!» Канешне ж, было прыемна пачуць такія словы. Прычына, па якой ён прыехаў, — Райхен ніколі не быў у гэтай частцы Еўропы. Творчая
стыпендыя — выдатная нагода зрабіць такі ваяж, на які ён ніколі не адважыўся б самастойна, а Мінск — самая ўсходняя кропка сеткі Halma. Я так зразумела, мы для іх — апошні
фарпост Еўропы перад ледзь не Сібір’ю.
Другая госця — Анна Кім, аўстрыйская пісьменніца карэйскага паходжання, піша па-нямецку. Ёй не надта пашанцавала з часам, бо была тут самай дэпрэсіўнай парой, у лістападзе-снежні 2009 года.
Яе паездка была звязаная з творчасцю: першы раман Анны быў прысвечаны вайне ў Косава, другі яна будзе пісаць пра Ісландыю. Здаецца, яна паспрабавала праверыць, наколькі суровую зіму ў стане
вытрымаць. Ну і, канешне, Беларусь цікавіла Анну як краіна з няпростым палітычным фонам.
Трэці пісьменнік — Трыстан Х’юз — валійска-канадскага паходжання, які гасціў у студзені 2010-га. Ён дапісваў тут свой чацвёрты раман. Яго чытанні ў межах
«Літаратурнай кавярні», дарэчы, сабралі найбольш народу: магчыма, паўплывала большая пашыранасць у нас англійскай мовы. З Беларусі Трыстан паляцеў на выспу Радос на другую частку
стыпендыі.
Навошта паэту грошы
— Сацыёлаг Алена Гапава, уражаная агучаным у прэсе невысокім памерам пенсіі народнага пісьменніка Рыгора Барадуліна, спыталася ў сваім блогу: «Якая пенсія мусіць быць у
паэта?» І адзін малады хлопец, які піша вершы, ёй адказаў так: «Я думаю, гэта, па-першае, прыніжэнне, а па-другое, подласць — браць у грамадства грошы за тое, што ты паэт
(…) Паэзія — твой асабісты выбар, і наўрад ці камусьці сапраўды патрэбны паэт, а вось сантэхнікі, пекары, прадаўцы патрэбныя. Ім і пенсія». Магчыма, паводле свайго
службовага становішча ў Halma, ты кампетэнтная адказаць: навошта ўкладаць грошы ў людзей, якія пішуць?
— Гэта розніца ў менталітэтах (хоць я вельмі не люблю гэтага слова). Да таго ж, кніжны рынак у нашай краіне функцыянуе зусім іначай, чым на Захадзе. У нас і за мяжой сапраўды рознае
стаўленне да таго, кім ёсць пісьменнік. Вельмі нямногія творцы ва ўсім свеце здольныя жыць са сваёй творчасці. У нас, калі ты працуеш выкладчыкам, журналістам, грамадства бачыць гэта і задаволенае:
працуй, паэт, ты ж здольны сам сябе пракарміць! А літаратура лічыцца хобі, якім ты займаешся ў вольны час.
Інакш у Еўропе. Той жа Трыстан Х’юз мае вучоную ступень у літаратуразнаўстве, але ўжо доўгія гады не працуе выкладчыкам: гэта адцягвае яго ад творчасці, кажа ён. Яшчэ, відаць, прычына ў тым, што ў Еўропе ёсць рэзерв грошай, які можа быць выдаткаваны на ўтрыманне літаратуры. Да пісьменнікаў ставяцца як да аўтарытэтаў у публічных пытаннях, да іх прыслухоўваюцца. Ёсць разуменне: прагрэс літаратуры — гэта прагрэс грамадства ў цэлым. У нашых жа чыноўнікаў такога разумення няма.
Мінск прадстаўлены ў сетцы Halma як «Горад Сонца»
— Якім беларускія партнёры Halma бачаць свой будучы дом творчасці? Мне, прынамсі, з таго, што мы можам прапанаваць Еўропе экзатычнага, уяўляецца такі сабе «хутар на
балоце»…
— Я разумею чаканне экзатычнага, якое маюць, едучы сюды, замежнікі. Але пісьменнікі розныя па натуры: адным лепш працаваць у бязлюднай вёсцы, другім — у шумным горадзе. Будуючы свой
дом, усім не дагодзіш. Збудаваць такі дом у Мінску па фінансавых прычынах нерэальна. Таму аптымальны варыянт — дом непадалёк ад Мінска. Напрыклад, у Ракаве ці Заслаўі. Магчыма пацягнуць
набыццё будынка ці сялібы ў 200 кіламетрах ад сталіцы, але гэта малаверагодна. Бо любы вясковы ідылічны дамок патрабуе давядзення да ладу: прыбіральня, душ, інтэрнэт, пісьмовы стол, ложак. Нават
аскетычны варыянт вымагае гэтага джэнтльменскага набору. Паўстае вельмі шмат выключна побытавых, нятворчых пытанняў.
— Але я маю на ўвазе хутчэй гісторыка-культурнае значэнне такога «дамка творчасці». Соус, пад якім падаецца Мінск у каталозе Halma, — гэта
«Горад Сонца» Артура Клінава. Якую яшчэ гісторыю, легенду ў ідэале можна было б прапанаваць пісьменнікам пра Беларусь або нейкі яе куточак?
— Гэта не наша мэта — прыдумляць легенды і шукаць нейкі цымус. Ты кажаш пра «хутар на балоце» — у эстонскіх партнёраў Halma прыкладна так і ёсць.
Палескімі камарамі нікога не здзівіш. Няма сэнсу даваць нейкую адмысловую рэкламу, усё адно чалавек з-за мяжы вырашае ехаць у Беларусь па нейкіх сваіх, мала зразумелых нам прычынах. У якім менавіта
асяроддзі яны будуць тут жыць — рэч для замежнікаў малаважная. Калі людзям наогул цікавая краіна, ім тут усё будзе цікава.
-------------------------------------------------------------------
Даведка:
Halma network — сетка літаратурных дамоў, якая на дадзены момант уключае ў сябе 26 інстытуцый. Само слова «хальма» абазначае гульню накшталт шашак. У нас вядомы яе варыянт
пад назвай «вугалкі». Гульня была вынайдзена ў 1884 годзе ў ЗША, яе сэнс — у перамяшчэнні фішак на квадратнай дошцы са свайго кута ў кут суперніка. Прыкладна гэткім жа
чынам працуе сетка Halma, мэта якой — «перамяшчэнне літаратуры», пісьменніцкі абмен у Еўропе дзеля таго, каб розныя творцы «адчулі на сабе разнастайнасць
культураў». Пісьменнік, які прымаецца да ўдзелу ў праграмах абмену, можа выбраць два дамы творчасці па ўсёй Еўропе, у кожным з якіх мае права жыць і працаваць месяц. Halma пачыналася з саюзу
ўсяго некалькіх творчых дамоў у Польшчы, Германіі, Аўстрыі. І толькі нядаўна атрымала сапраўды шырокую геаграфію. Беларускае выдавецтва «Логвінаў», якое падтрымлівае стыпендыяльныя
праграмы ў Беларусі, — партнёр Halma са снежня 2008 года.
Паводлеhttp://www.halma-network.eu