Ганна Хітрык запісала першы альбом пасля эміграцыі ў 2017 годзе

Спявачка і акцёрка Ганна Хітрык прэзентавала новы альбом. Гэта адбылося праз 4 гады пасля эміграцыі артысткі ў Ізраіль. Апошні дагэтуль альбом быў запісаны яшчэ ў Беларусі.

05030000_0a00_0242_6819_08d9986cb80f_cx0_cy3_cw0_w1023_r1_s.jpg


У 2017 годзе Ганна Хітрык з’ехала ў Ізраіль. Чатыры гады яна не выступала на сцэне. Аднак у кастрычніку 2021 году калектыў «Ань Хитрик band» прадставіў у Тэль-Авіве альбом «Тень», піша Радыё Свабода са спасылкай на Naviny.by.

Альбом даступны на сайце гурту, а неўзабаве з’явіцца на розных музычных платформах. Прэзентацыі адбудуцца таксама ў Хайфе і Раанане.

Пра прэзентацыю альбому Хітрык сказала, што ў Тэль-Авіве было шмат жадаючых трапіць на канцэрт, але не ўсе здолелі: «У нас уведзены зялёныя пашпарты, і ўваход у клуб быў дазволены толькі тым, хто атрымаў тры вакцыны. Так што нехта не трапіў на канцэрт, бо разумеў, што не здолее прайсці. Нехта прыйшоў, а яго не прапусцілі. Адна дзяўчына мне напісала, што не змагла ўвайсці, і ўвесь канцэрт прасядзела за дзвярыма, слухаючы нас. Гэта вельмі кранальна».

Хітрык адзначыла, што калі яе запытваюць пра Беларусь, то першая карцінка, якая ўсплывае перад вачыма — забітыя, пакалечаныя, збітыя. Яна цалкам падтрымлівае рашэнне вядучых акцёраў Купалаўскага сысці з тэатру ў жніўні 2020 году.

«Думаю, я б была ў першых шэрагах тых, хто сышоў з Купалаўскага тэатра. У той момант іграць што б там ні было на сцэне азначала скакаць на касцях. Гэта антычалавечна — рабіць выгляд, што нічога не адбываецца, калі людзей знішчаюць, збіваюць. Я лічу, што тое, што засталося зараз ад Нацыянальнага тэатра імя Янкі Купалы — гэта будынак, які чакае сваіх акцёраў. Яны вернуцца туды абавязкова, я ў гэтым упэўнена. Пакуль я ўспрымаю тое, што адбываецца там, так: у памяшканне прыйшлі нейкія людзі і граюць у тэатр».

Нават з улікам пастаяннай вайсковай пагрозы ў Ізраілі артыстка адзначае, што становішча там больш бяспечнае, чым на радзіме: «Я жыву ў Ізраілі, які знаходзіцца ў перманентным стане вайны. Мы сядзелі ў бамбасховішчах, многія людзі загінулі. І ў такой сітуацыі ты разумееш, што знаходзішся тут у большай бяспецы, чым у Беларусі».

Беларусь Хітрык пакідала таму, што ў яе сына аўтызм. У Ізраілі да яго знайшлі адмысловы падыход, і яму значна лягчэй. У Беларусь сям’я вернецца толькі тады, калі адчуе, што Сцяпану там будзе лепей.