«ГараШныя» тайны Шабаноў і Злучаных Штатаў

Нарэшце пасля лістападаўскай прэм'еры "ГараШ" 11 лютага выходзіць на шырокі беларускі экран. Фільм можна будзе пабачыць як у Мінску, так і ва ўсіх абласцях Беларусі. Што ж чакае гледача?



gara2151022_hjhja.jpg

«Гараш», Беларусь, 2015, каляровы, 61 хв. Рэжысёр: Андрэй Курэйчык. Ролі выконваюць: Аляксандр Кулінковіч, Арцём Курань, Юры Навумаў, Елізавета Шукава, Эвеліна Сакура, Вадзім Гайдукоўскі, Ягор Забелаў. Жанр: побытавая камедыя

У Мінску "Гараш" будзе ісці ў кінатэатрах "Масква", "Перамога", "Арт-Кінатэатр" і "Сільверскрын".

Малады беларус, які працаваў у амерыканскім аўтасервісе, высланы на радзіму. Цяпер знайсці новую працу ён можа толькі ў Шабанах. Але ў мінскіх раёнах свае правілы, што радыкальна адрозніваюцца ад законаў за акіянам.

Карціна «ГараШ» — незалежная стужка, пастаўленая драматургам і сцэнарыстам Андрэем Курэйчыкам па-за межамі дзяржаўнай сістэмы з беларускімі акцёрамі і на дабрадайным беларускім матэрыяле.

garash3_logo.jpg

На здымачнай пляцоўцы. Фота Алега Грушэцкага

Маляўнічы гараж з жалеззем, досціпы аўтамеханікаў, якія абавязкова падзеляцца жыццёвай філасофіяй, схаваныя трупы і няздзейснены стрыптыз, каханне, галюцынацыі, хабар і стабільная Беларусь — што яшчэ трэба для поўнага шчасця маладога чалавека, які толькі вучыцца?

Разынка карціны — дуэт цынічных механікаў — Аляксандра Кулінковіча і Юрыя Навумава. Кулінковіч ужо з’яўляўся ў фільме «Вышэй за неба», над якім працаваў Курэйчык. Там акцёр парадаваў гледачоў кароткімі фінальнымі разважаннямі. Удалы, цынічна-радасны досвед быў жыўцоў перанесены ў «ГараШ», але тут ужо Кулінковіч разгарнуўся напоўніцу.

Развагі пра грошы, працу ды беспрацоўе — актуальныя, адточаныя і зрываюць апладысменты. Жэсты і позіркі — як ударныя рэплікі ў камічных эпізодах, але дзейнічаюць без слоў. А Эвеліна Сакура, якая ў фільме заблукала і пераблытала адрас, шчодра дзеліцца камізмам (і вабнотамі).

garash4_logo.jpg

Творчая брыгада. Фота Алега Грушэцкага

Карціна ўжо была прадстаўленая на фестывалі «Лістапад», выклікала зацікаўленасць публікі, але і крытыку ў свой адрас.

Збівала з панталыку, што паспяховы драматург, які выдатна карыстаецца жанравымі схемамі, зрабіў рэверанс — на думку некаторых, не зусім зграбны, — у бок аўтарскага кіно. Але такі крок ужо быў закладзены стужкай «Вышэй за неба». Акрамя таго, некаторае аслабленне драматургічных спружынаў на карысць аўтарскай меланхоліі нечакана выявіла нейкія важныя адметнасці сучаснага беларускага жыцця.

Герой стужкі, які ў сваёй харызме прайграе старым механікам, не столькі дзейнічае, колькі церпіць, правальваецца ў сны і галюцынацыі, назірае — і вучыцца. Такая рыса — тыповая для сучаснага беларуса, які старанна прыстасоўваецца і ўцякае ва ўнутранае жыццё.

Ёсць яшчэ адзін цікавы канфлікт дый жанравая адметнасць. Герой стужкі спрабуе, як у вестэрне, усталяваць закон на беззаконнай тэрыторыі (музыка Дзмітрыя Фрыгі сумленна адбівае гэтыя вестэрнавыя адсылкі). Беззаконная тэрыторыя «ГараШа» — гэта, увогуле, ледзьве не пячора людажэраў (дасціпныя сцэнкі на гэты конт маюцца).

Але ў «стабільнай» Беларусі жыццё працякае згодна з зусім не-вестэрнавымі законамі. Гэта не-законы — хітрасці і падману, выкрутасаў і махлярства, глупоты і шахрайства, даведзенага да мастакоўскай раскошы. Неабходна проста расслабіцца, каб улучыцца да кругабегу.

kureichik_son_logo.jpg

На лістападаўскай прэм'ере. Фота Алега Грушэцкага

Падман працінае жыццё, няма стратэгічнай мэты, якую варта падстрэліць, ёсць тактыкі выжывання і радасці ад штодзённасці. У гэтай штодзённасці ёсць чысты спірт і гарэлка ў гарбату (супрацьлеглыя наркатычным амерыканскім «трыпам»), ёсць мілая пячора падманшчыкаў-«людажэраў», ёсць Шабаны, якія чакалі свайго часу, каб толькі аб’явіцца — «ажно мільён гадоў».

Не шукайце ў фільме глабальных адкрыццяў. Лепей шукаць нуднага Джармуша, каб наткнуцца на пацешнага Кулінковіча. Шукайце мінскія вуліцы і герояў. Жмені смешных эпізодаў, легендарны раён, абжыванне месца, нясумны беларускі фільм, які насуперак усім сістэмам выходзіць да гледача — гэтыя простыя мінскія тайны даўно былі недаступныя.

kurejchik_novi_chas.jpg

Фота Алега Грушэцкага