Кіно замест хлеба

Кожная краіна шукае свае метады супрацьстаяння крызісу. У Казахстане на фоне 85-працэнтнага падзення курсу тэнге задумалі зняць серыял. Прычым такі, які б не саступаў славутай «Гульні тронаў». Навошта казахскім чыноўнікам кіно падчас крызісу, распавядае праваабаронца з Алма-Аты Андрэй Грышын.  



maxresdefault6.jpg

Фота www.vrk.news

— На базе дзяржаўнай кінастудыі «Казахстанфільм» пачынаюцца здымкі серыяла «Казахскае ханства». Плануецца зняць аж тры сезоны. Прычым аўтары серыялу паставілі перад сабой вельмі высокую планку — твор павінен быць не горшы за «Гульні тронаў». Аднак перш за ўсё ў вочы кідаецца адна супярэчнасць — серыял прымеркаваны да 500-гадовага юбілею Казахскага Ханства, аднак той юбілей, быццам, святкавалі ў мінулым годзе.

— Гэты каляндарны дысананс заўважыў шмат хто. Нацыянал-патрыятычная грамадскасць была вельмі абураная тым, як улада тасуе важныя для нацыі гістарычныя даты. Вырашылі праблему хутка і арыгінальна. Прыдворныя навукоўцы тэрмінова вылічылі новую дакладную дату казахскай дзяржаўнасці, і яна цудоўным чынам «акруглілася» ў гэтым годзе, пра што і паведаміў народу асабіста Назарбаеў.

— Прадзюсар фільма кажа, што яго падштурхнулі на здымкі словы Пуціна пра адсутнасць у казахаў дзяржаўнай традыцыі. Наколькі фільм можна разглядаць як адказ Пуціну? Ці здольны серыял падняць узровень нацыянальнай свядомасці?

— Сапраўды, у цэлым ідэя фільму падобная на адказ Назарбаева на скандальную пуцінскую эскападу. Што тычыцца высокай місіі фільму, дык гэта — як пашанцуе. Не так даўно выпусцілі фільм «Тысяча адважных хлопцаў» пра супрацьстаянне казахаў джунгарам. І ён сабраў унутры краіны прыстойную касу. Але асноўная маса гістарычных фільмаў і баявікоў пасля першага паказу кладуцца на паліцу — і не праз забароны, а проста таму, што ніхто іх не глядзіць. Кожны год выходзіць па адным дарагім фільме пра жыццё Назарбаева, але глядзіць яго адзіны і самы галоўны глядач. Так што просты народ вырашыў: атрымаецца цікава — паглядзім, але ва ўсякім разе грашыма скідацца не станем (на здымкі фільма грошай не хапае, таму яго стваральнікі вырашылі скарыстацца краўдсерфінгам).

— Як этнічныя рускія краіны, асабліва ў месцах кампактнага пражывання, рэагуюць на прапаганду казахскай ідэнтычнасці?

— Нельга сказаць, каб з захапленнем, але па-сапраўднаму пра гэта мала хто задумваецца, паколькі ўся прапаганда ідзе ў казахскамоўнай прэсе і такім жа сегменце інтэрнэту, куды рускамоўным з прычыны неразумення дзяржаўнай мовы доступ закрыты.

— Што ўвогуле ўяўляе сёння казахскае нацыянальнае кіно?

— Нацыянальнае кіно падзялілася на пяць умоўных узроўняў: першы — дзяржзаказ. Гэта гісторыка-біяграфічныя фільмы, меладрамы; другі — камерцыйнае кіно, разлічанае на мясцовага гледача (і калі пашанцуе, то на расійскага). Трэці — фестывальнае кіно. Вельмі нядрэннае, але разлічанае на паказ «там». Чацвёрты — падпольнае кіно, калі маладыя рэжысёры здымаюць фільмы за капейкі. Часам атрымліваецца нават вельмі не кепска, хаця паказ гэтых фільмаў абмежаваны інтэрнэтам. Нарэшце, пяты — чымкенцкае кіно. Вельмі своеасаблівая тэма. У паўднёвым горадзе Шымкент (Чымкент) выходзіць некалькі дзясяткаў фільмаў у год. Гэта, як правіла, меладрамы, камедыі або дэтэктывы, разлічаныя на паўднёвы менталітэт тутэйшых (наўрад ці іх сталі б глядзець у іншых частках Казахстана). І гэта спрацоўвае! Фільмы збіраюць поўныя кінатэатры, прадаюцца на DVD, увогуле акупляюцца і нават прыносяць, хай не Бог ведае які, але прыбытак. Нешта падобнае ёсць у Афрыцы, так званы Нолівуд у Нігерыі або кінематограф Уганды.

— Запуск здымкаў неяк звязаны з парламенцкай кампаніяй, якая стартавала на днях? Чым цяперашняя парламенцкая кампанія адрозніваецца ад папярэдніх? Ці будуць у парламенце новыя палітычныя сілы?

— Наўрад ці ёсць нейкая сувязь паміж фільмам і выбарамі. Усе даўно ведалі, калі яны адбудуцца. Тым больш, нацыянал-патрыёты не ўдзельніча­юць у гэтым свяце жыцця, а фільм па большай частцы апелюе да іх.

Што тычыцца вынікаў кампаніі, то сюрпрызаў ніхто не чакае, асабіста калі ўлічыць, што і папярэднія парламенцкія выбары былі датэрміновымі, пасля таго як дэпутаты таксама раптам «запатрабавалі» самароспуску. На манежу ўсё тыя ж партыі і асобы. Да таго ж улада перастрахавалася загадзя, і за паўгода да гадзіны Х закрыла Камуністычную партыю Казахстана — хай слабую, але адзіную рэальна апазіцыйную сілу, якая магла трапіць у парламент.

— У фільме будзе здымацца Алія, дачка Назарбаева. Ці не значыць гэта, што Алія ўступае ў бітву за тытул «спадчынніка»? Хто зараз, дарэчы, фаварыт у негалосным спаборніцтве пад назвай «транзіт улады»?

— Цяжка сказаць, хто ў фаворы. Многія робяць стаўку на прэм’ер-міністра Карыма Масімава, але таямніцы нашага Мадрыдскага двара застаюцца ўнутры. Або, што таксама вельмі верагодна, Назарбаеў да гэтага часу не вызначыўся і нікому не выказвае асаблівага даверу. А Алія Назарбаева — проста дачка, вельмі багаты чалавек (гэта ў роўнай ступені адносіцца да ўсіх дачок прэзідэнта), ніколі ў палітыцы не ўдзельнічала, затое раней знялася ў іншым фільме — «Байканур» (дарэчы, таксама негалосна забароненым у краіне).