Фільм пра нястомнае сэрца Алеся Бяляцкага выкладзены ў інтэрнэт (відэа)
Фільм пра праваабаронцу Алеся Бяляцкага з дакументальнага цыкла “Нястомнае сэрца” (A Heart That Never Dies) скандынаўскіх дакументалістаў Эрлінга Боргена і Тома Хэйнэмана выкладзены ў інтэрнэт.
Цыкл складаецца з шасці фільмаў. “Гэтая гісторыя пра шасцёх чалавек — кожны з нястомным сэрцам”, — кажуць рэжысёры пра
сваю працу. Іх героі — журналісты, юрысты, палітычныя актывісты, праваабаронцы з Сербіі, Гватэмалы, Егіпта, Бангладэш, Свазілэнда і Беларусі — штодня ў сваіх краінах супрацьстаяць
рэжымам, якія падаўляюць мірнае ажыццяўленне асноўных свабодаў і правоў чалавека.
“Гэта серыя стужак пра змагароў за правы чалавека з шасці розных краінаў, і я гляджу на кожнага з іх як на героя. Больш чым калі-небудзь, свет мае патрэбу ў такіх людзях. Мне было важна паказаць, што кожны можа нешта змяніць у свеце сёння”, — тлумачыць Эрлінг Борген сваю рэжысёрскую задуму.
У анатацыі да часткі пра Алеся Бяляцкага адзначаецца, што “нягледзячы на 1050 дзён зняволення яго голас працягвае гучаць”.
Прэм’ера стужкі з удзелам беларускага праваабаронцы адбылася ў Осла ў чэрвені 2015 году, пасля прайшлі паказы на скандынаўскім тэлебачанні — у Даніі, Швецыі і Нарвегіі. За гэты час фільм атрымаў узнагароду італьянскага фестывалю “Кіно за мір”.