Я “нарадзіўся” там: прадпрымальнік Аляксей Стартэг (Лондан)

Часам на Радзіме для рэалізацыі чагосьці не хапае — і беларусы з’язджаюць. З’язджаюць па лепшае жыццё і самарэалізацыю. З’язджаюць, каб дамагчыся поспеху і прызнання ў свеце. Відавочна, такіх менш. Але ў першую чаргу яны ў іншых краінах фармуюць меркаванне пра нас як нацыю. Менавіта пра такіх беларусаў — сумесны праект часопіса “Большой” і грамадскай кампаніі “Будзьма беларусамі!“. Ведаем сваіх, шануем сваіх і ганарымся імі!



tam_stg.jpg

Хто: Alexey Starteg, прадпрымальнік. Галіна дзейнасці: мабільныя платформы для маркетынгу на стыку online і offline.

Чаму: Таму што не трэба ля-ля, што беларусы — памяркоўныя, спакойныя, пасіўныя, цярплівыя… Мяркуючы па Аляксею, мы бязмежна працаздольныя, крэатыўныя, ясна разумеем, чаго хочам, здольныя жыць, працаваць і любіць са смакам.

Звярнуць увагу на фразу: “Чалавек сам задае хуткасць свайго жыцця. І калі яму сумна ў Мінску, хутчэй за ўсё яму будзе сумна і ў Лондане”.

Месца пражывання — Лондан. Адукацыя: эканоміка, менеджмент, кіраванне інавацыямі.

budzma.by__wp_content_uplo_2ea5016e16f7f9acdf967cc8b89f3010.jpeg

— Мінск і Лондан…

— …вельмі розныя. У Лондане ўсё вельмі хутка, жудасна дорага, а ўзровень канкурэнцыі такі высокі, што многіх гэта не задаволіць. Такі ўзровень інтэнсіўнасці яшчэ, напэўна, толькі ў Нью-Ёрку. Пабудаваць кампанію, адбыцца ў Мінску прасцей. Тое ж датычыць культуры. Тэатры, выставы… тут столькі ўсяго праходзіць, што распешчанага лонданскага гледача мала чым здзівіш. І калі раптам ты захочаш зрабіць уваход на мерапрыемства платным, давядзецца добра абгрунтаваць, чаму яно лепшае, чым 90 іншых бясплатных мерапрыемстваў, якія праходзяць у гэты дзень, лепшае, чым яшчэ 150 таннейшых і 300 — па той самай цане. У Лондане ты спачатку спаборнічаеш з усім светам. І ведаеце, мне гэта падабаецца. Гэта гульня ў найвышэйшай лізе, дзе ты на перадавой. Зазяваўся — адстаў. Пастаянна трэба бегчы, прыдумляць, глядзець, што ў іншых. Таму, калі хочацца паспрабаваць свае сілы ў нечым глабальным і амбіцыйным — прымай выклік гэтага горада і адказвай на яго. Горад вызначае характар.


Кожны раз, калі я сюды прыязджаў, я думаў, што гэта часова. Заставацца не збіраўся. Цягам усяго навучання матаўся на КВЗ, будаваў планы на Мінск. Потым самі сабой з’явіліся цікавыя рабочыя праекты. У мяне спакойнае і свабоднае стаўленне да таго, дзе чалавек жыве. Шукаць трэба тое месца, дзе ў дадзены момант прасцей рэалізавацца. Чалавек сам задае хуткасць свайго жыцця. І калі яму сумна ў Мінску, хутчэй за ўсё яму будзе сумна і ў Лондане. Калі цікава і хутка ў Мінску, тут будзе яшчэ цікавей і хутчэй.

— Ты п’еш гарбату з малаком?

— Я п’ю гарбату толькі з малаком, гэта адна з рэчаў, якая памянялася. Любы пераезд змяняе. Лондан — гэта не першы мой пераезд. Я жыў у Штатах, у Германіі…

— Беларусы тут чымсьці адрозніваюцца ад братоў-славян?


— Гістарычна мы заўсёды жылі сярод моцных дзяржаваў. У выніку ў нас выпрацавалася здольнасць працаваць з любымі людзьмі. Мы лепш адчуваем, больш тактоўныя і памяркоўныя (у добрым сэнсе) да дзівацтваў іншых нацыянальнасцяў. Гэта дазваляе прайсці паласу “збліжэння” нашмат хутчэй.

budzma.by__wp_content_uplo_1bdf153317bbbb79638296289071cc5a.jpeg

Калі мяне пытаюць, з задавальненнем кажу, што я з Беларусі. За апошнія 10 гадоў пра нас даведаліся даволі шмат. Немалаважную ролю ў гэтым адыграў спорт. БАТЭ, тэніс, Чэмпіянат па хакеі зрабілі сваю справу. Іншая рэч, што англічане слаба ўяўляюць памеры краіны і колькасць насельніцтва, які жыве ў Беларусі. Думаюць, што гэта нешта невялікае, кшталту Беліза. Калі ім паказваеш на карце, кажуць “ого!”. Часам просяць: скажыце мне аб вашай краіне нешта такое, каб я яе дакладна запомніў. Тут, вядома, можна казаць усё што заўгодна, але я аддаю перавагу фразе, пасля якой хочацца даведацца больш. І я ім кажу, што мы адзіная краіна ў свеце, у якой няма ні выхаду да мора, ні гары. “А што ў вас?” — дзівяцца. “Ідзіце і паглядзіце!” — адказваю я.

У ангельцаў шмат “дзівацтваў”, якія склаліся гістарычна. Напрыклад, у пераважнай большасці дамоў Англіі асобны гарачы і халодны кран. А даўней было 3 краны з гарачай, халоднай і цёплай вадой, але гэта аказалася дорага. Яны вырашылі аптымізаваць і “аптымізавалі” — выдралі цёплы кран. Бо цёплую ваду заўсёды можна зрабіць з гарачай і халоднай.


Зноў жа, славутая гарбата з малаком. У нашай культуры гарбата — гэта водар, ноты, травы. Яна празрыстая. У ангельцаў чай — гэта тонік. А з малаком можна заварваць да вельмі моцнага ўтрымання. Вось ты пакецік дастала…

— Ну дык, пакуначкі тут вельмі канцэнтраваныя.

— Вось! А ангелец пакінуў бы. Англійская ранішняя гарбата — English breakfast — заварваецца да чарнаты, і атрымліваецца нейкі эквівалент кавы. Але першапачатковая прычына, з якой малако пачалі дадаваць у гарбату, была іншай. Калі пачалі з’яўляцца першыя цырымоніі чаявання ў Лондане, гарбата была вельмі дарагая, але яшчэ даражэйшы быў спецыяльны посуд да яе — кітайскі фарфор. Ад гарачай вады фарфор лопаецца. Таму на дно кубка налівалі халоднае малако, а ўжо потым — гарачую ваду. Далей — 300 гадоў традыцыі, і мы маем “гарбату з малаком”.

— Можаш назваць асноўны крытэр для вызначэння паспяховасці ў Лондане?

— Ой, тут яны вельмі шырокія. Шырэй толькі ў Сіднеі, дзе ідзеш па вуліцы і бачыш вакол толькі шчаслівых людзей. Чаму? А таму што ўсе яны адбыліся. Чалавек можа займацца сёрфам усё жыццё, жыць у маленькай кватэрцы на беразе акіяна, бегаць па пляжы, плаваць — і ведаць, што ён адбыўся. У Лондане фінансавага складніку поспеху пакуль ніхто не адмяняў. Але многія англічане задаюць сабе пытанне: а ці тое я раблю? Ці падабаецца мне гэта? І далей робяць выбар у бок таго, што падабаецца. Гэты крытэр стаў вельмі важным у вызначэнні поспеху-правалу. Прывяду прыклад: попыт на інжынераў-электрыкаў тут вар’яцкі, плацяць ім добра, але ва ўніверсітэце пастаянны недабор. З іншага боку, конкурс на асабістых трэнераў у спартзалах вар’яцкі, хоць атрымліваюць яны ў разы менш. Гэта выбар стылю жыцця. Людзі хочуць траціць свой час на тое, чым ім падабацца займацца, і дапамагаць у гэтым іншым. Зарабляць на жыццё любімым справай — асноўны крытэр паспяховасці тут.

budzma.by__wp_content_uplo_74daeefac807306dc537496070e0b78d.jpeg

— Сябе ты адчуваеш паспяховым?

— Так! Я ж сам выбіраю, чым займацца. Як для жанчыны стаць маці, так для мужчыны неабходна стварыць сваю справу. Важны момант — стварэнне. Калі няма нічога, потым з’яўляецца ідэя, яна атрымлівае ўвасабленне, на цябе пачынаюць працаваць людзі, іх жыцці пачынаюць пераплятацца з тваім… Мне здаецца, мала ў жыцці рэчаў настолькі цікавых, як рабіць нешта сваё з нуля. Неабавязкова бізнес, гэта можа быць тэатр, кіно … Але з нічога — нешта, дзе ты кантралюеш і працэс, і кірунак.

— Чаму тут так шмат стартапаў?

— Ёсць некалькі цэнтраў у свеце — і Лондан адзін з іх, — якія захацелі паўтарыць поспех Сіліконавай даліны. Рэдка адзін чалавек стаіць за кампаніяй, павінная быць кампанія аднадумцаў. А значыць месца, дзе такія людзі могуць мець зносіны і генераваць ідэі. Трэба, каб фінансавы сегмент прысутнічаў і браў актыўны ўдзел у тым, што адбываецца. Вось яны і пачалі актыўна развіваць інфраструктуру. Тут ёсць Сіці, да яго прылягае раён Shoreditch, вакол якога ў свой час пачалі разрастацца кампаніі, што займаюцца тэхналогіямі. Людзі знаходзяцца, ідэі правяраюцца даволі хутка, адкочваюцца, змяняюцца. Раней для таго, каб займацца бізнесам, патрабавалася вялікая колькасць рэсурсаў. Цяпер неабавязкова здымаць офіс, можна здымаць адзін стол і расці паступова. Кошт тэхнікі, камп’ютараў нікчэмны ў параўнанні з тым, што было. Таму стартавыя магчымасці ёсць.

— Як знаходзяцца ідэі для стартапаў?

— Тыя, хто не займаецца бізнесам, лічаць, што самае галоўнае — гэта ідэя. І яны вельмі доўга за яе трымаюцца. Ідэй жа на самай справе велізарная колькасць. Важнейшае тое, ЯК іх зрабіць. Больш за тое, большасць паспяховых кампаній мала падобная да таго, што было першапачатковай ідэяй. З часам робіцца зразумела, што нейкія рэчы не працуюць, нейкія здагадкі памылковыя, а іншыя нечакана выстрэльваюць. Гэта нармальна.

— Колькі часу трэба, каб зразумець, будзе ідэя жыць ці не?

— Гэта магія, памножаная на інтуіцыю і на веданне рынку! Кажуць: “Госпадзе, дай мне сілы ўперціся там, дзе трэба, і мудрасць зразумець, а ці трэба”. Ніхто не ведае адказу.

У Амерыцы бізнесам з высокай ступенню нявызначанасці — стартапам — займаецца маладое пакаленне. Ад 20 да 30 гадоў. У Вялікабрытаніі ўзроставы цэнз вышэйшы — 30-40 гадоў. Адна з прычын — медыцынская дапамога вельмі добрага ўзроўню ў Вялікабрытаніі гарантаваная ўсім. Адпаведна, яны не моцна перажываюць, што на лячэнне можа не хапіць грошай. Медыцынская страхоўка не патрэбная нават пры падачы дакументаў у амбасаду на адкрыццё візы. Калі ўжо Англія пускае да сябе, то бярэ на сябе адказнасць за вас і абавязанне паклапаціцца, што б ні здарылася.

budzma.by__wp_content_uplo_3bcf2a341386a0575ec7d120ca8aef76.jpeg

— Быць прадпрымальнікам — гэта…

— Здольнасць працаваць у больш нявызначаных умовах, чым астатнія. Калі чалавеку патрэбныя гарантыі, упэўненасць і стабільнасць — ён не бізнесмен. Гэта калі ты прымаеш рашэнне, не ведаючы напэўна, бярэш на сябе адказнасць за нявызначанасць. “А заробак будзе?” — пытаюцца іншыя. “Будзе!” — кажа ён, а як — гэта ўжо яго праблема. Быць прадпрымальнікам — гэта адмова выбіраць з двух ліхаў, а будаваць нешта трэцяе, сваё.

— Колькі ў дзень ты працуеш?

— Тут не выключаецца ніколі. І важная здольнасць, каб не перагарэць — умець пераходзіць з аднаго рэжыму ў іншы. У Англіі вельмі добра сыходзяцца ўсе гадзінныя паясы. Перамовы могуць пачацца ў 7 раніцы, а могуць скончыцца ў 12 — гадзіну ночы. Таму ў показцы “Як вы расслабляецеся?” — “А я не напружваюся” ёсць доля праўды. Галоўнае не ўспрымаць тое, чым займаешся, як напругу. Інакш хутка перагарыш. Гэта значыць, неабходна выпрацаваць сістэму, пры якой камфортна працаваць у гэтай нявызначанасці — гэта не будзе стрэсам, а будзе проста стылем жыцця.

Лондан — горад-казка. Шматаблічны і велічны. Поўны паветра, руху, жыцця… Калі табе хочацца разнастайнасці жыцця — едзь у Лондан. Гэта месца збору цікавых людзей з усяго свету, якое прымае ўсіх з іх дзівацтвамі, з іх культурай.

Лондан вельмі касмапалітычны. 50% насельніцтва — не тое што не карэнныя лонданцы, не англічане нават. Англічане ўжо змірыліся, што не ўсе тонка адчуваюць асаблівасці іх сістэмы камунікацыі, і ўсё роўна аддаюць перавагу таму, каб падцягваць іншых на свой узровень ветлівасці, чым апускацца да “недасканалых” спосабаў зносін.


Лонданцы вельмі цікава ставяцца да турыстаў. Вельмі лагодна. Першымі тут з’явіліся пешаходы, таму кіроўцы заўсёды саступаюць, а самі часцяком жартуюць, што пешаход можа быць мёртвы, але не можа не мець рацыі.

А яшчэ Лондан раней за іншых заўважыў праблемы буйнога горада. Гэта быў горад з вузкімі вуліцамі, невысокімі будынкамі. Пасля вайны тут рэзка вырасла колькасць насельніцтва, з’явілася шмат машын і загазаванасць — славуты лонданскі змог, таму што тапілі вугалем, ні прайсці, ні праехаць, жудасна брудная Тэмза… Яны пачалі шукаць вырашэнне сваіх праблем па ўсім свеце. Як ачысціць Тэмзу, вучыліся, напрыклад, у аўстралійцаў. Цяпер гэта самая біялагічна чыстая рака Еўропы. Або вырасла насельніцтва. Чаму б нам не змяніць палітыку і не набудаваць высотак у цэнтры горада? З’явіўся Сіці. І так крок за крокам, паслядоўнымі зменамі частак, адбылося змяненне ўсёй структуры. Яны прыдумляюць рашэнні, якія не псуюць горад, яго гістарычны цэнтр. Таму і здаецца, што тут усё вельмі з розумам зроблена. У гэтым чароўнасць Лондана — у яго ёсць характар, які захаваўся.

budzma.by__wp_content_uplo_fd6119de7a857f89690b65ec1b3c8752.jpeg

— Асноўныя музеі ў Лондане бясплатныя. Гэта нечакана, улічваючы тое, якія калекцыі ў іх сабраныя.

— Так, але ангельцы ў свой час зразумелі, што абмяжоўваць доступ да культуры — сабе даражэй. Таму што калі ў кагосьці ёсць вольны час, але няма магчымасцяў, ён наўрад ці ён патраціць гэты час на культуру і мастацтва, а калі ёсць час і магчымасць прабавіць яго прыгожа і з карысцю, ёсць шанец, што чалавек так і зробіць — знойдзе занятак сабе па душы. Задача мастацтва — натхняць. Чалавек пайшоў, убачыў, натхніўся, вырашыў нешта сваё зрабіць. Але большасць гэтых музеяў усё роўна зарабляе грошы. Проста не на наведніках, а на праектах, вывазе выставаў за мяжу, ну і бюджэтнае фінансаванне ніхто не адмяняў. Плюс дзякуючы высокай наведвальнасці яны прыцягваюць калекцыянераў і куратараў.


— Ангельцы палітычна ангажаваныя?


— Любое рэальнае змяненне ў гэтай краіне пачынаецца са змены адпаведнага закона. Нават калі адбываецца сітуацыя, калі шкода грамадству відавочная, але закон на баку таго, хто гэтую шкоду прыносіць, то ніхто нічога з гэтым зрабіць не зможа. Шмат буйных фінансавых афёр тут мелі месца менавіта таму, што былі ў рамках закона. Гэта тлумачыць, чаму англічане значна больш палітычна ангажаваныя, чым іншыя еўрапейцы. Літару закона тут шануюць настолькі, што Лондан стаў месцам, куды прыязджаюць судзіцца, напрыклад, рускія бізнесмены. Часцяком для іх гэта адзіны спосаб пазбегнуць кровапускання і вырашыць канфлікт. Ну а што да важных пытанняў, як нядаўна з Шатландыяй, яўка проста шалёная — 90 адсоткаў.

— Ты сябе тут кім адчуваеш?

— Нехта разумны сказаў, што ў адных людзей ёсць нацыянальная культура, а ў іншых культуры няма — засталася адна нацыянальнасць. Наогул, я касмапаліт. Застаюся беларусам і ў Лондане, і ў Аўстраліі, і ў Штатах. А быць беларусам — гэта… ну, не ведаю… не толькі мець беларускі пашпарт. Радзіма — гэта месца ў прасторы і часе, дзе ты адчуваеш сваю прыналежнасць да народа. Адчуванне дзяцінства — гэта Радзіма.

— Англія стала домам?

— Так, Англія — ​​цяпер дом. Дом — гэта месца, куды вяртаешся. І ў гэтым сэнсе, калі я прыязджаю ў Мінск, я прыязджаю дадому, і калі прыязджаю ў Лондан, таксама прыязджаю дадому.

budzma.by