Як перамагчы каронавірус бяспамяцтва. Адкрыты ліст дзеячаў культуры

Шэраг дзеячаў культуры Беларусі звярнуліся з адкрытым лістом да кіраўнікоў органаў дзяржаўнага кіравання і грамадскіх арганізацый, з нагоды сучаснага стану беларускай мовы ў нашым грамадстве, яе ўжывання на радые і тэлебачанні, адукацыі і г.д. Публікуем яго з невялікімі скарачэннямі.

unnamed_152.jpg


У №15 «Новага Часу» мы прачыталі артыкул Тамары Мацкевіч «Тэст адукацыі на каронавірус», у якім аўтарка з разуменнем і трывогай канстатуе сумныя факты з галіны нацыянальнай адукацыі і, галоўнае, ставіць пытанне як зберагчы здароўе навучэнцаў ды студэнтаў, і ўсё ж працягваць працэс навучання.
Галоўная думка аўтаркі: трэба рыхтаваць настаўнікаў да дыстанцыйнага навучання. І гэта сапраўды было б вырашэннем праблемы ў галіне навучання. Гэтая практыка дала б і іншы плюс. Дзеці і многія студэнты ўжо залежныя ад гаджэтаў. Многія глядзяць усё запар і гуляюць у розныя віртуальныя гульні. Навучанне з дапамогай камп'ютараў і іншых прыладаў дапамагло б адарваць навучэнцаў ад пустога марнатраўства і пераарыентаваць іх на навучальныя праграмы.
Аднак міністр адукацыі, відаць, спазніўся перайсці з дваццатага стагоддзя ў дваццаць першае, з яго рэвалюцыйна новымі і віртуальнымі тэхналогіямі. Дыстанцыйнае віртуальнае навучанне ў нашых заходніх суседзяў, у іншых краінах даўно не навіна, ды толькі не ў сістэме беларускай дзяржаўнай адукацыі. Вось з такімі «перспектыўнымі» кіраўнікамі Беларусь зноў адстае ад сусветнага досведу. Факт ёсць факт: калі іншыя краіны ва ўмовах пандэміі каронавіруса аператыўна змаглі пераключыцца з вочнага навучання на дыстанцыйна-віртуальнае, беларускія дзяржаўныя навучальныя ўстановы — не змаглі. Вось таму ў гэты час школьнікі цэлымі днямі гулялі па падворках, кантактуючы з дарослымі і пашыраючы небяспеку распаўсюду заразы...
Хаця нам вядомыя факты дыстанцыйнага навучання ў нашай краіне, у некаторых каледжах і школах. Зразумела, гэта прыклады з уласнай ініцыятывы адміністрацыяў навучальных устаноў, а не дзяржаўныя захады. Пандэмія і яе наступствы вызначацца пазней. А весь духоўны каронавірус, вірус бяспамяцтва, невуцтва раз'ядае наша грамадства ўжо 25 гадоў!

Усе міністры адукацыі з 1995 года прыклалі намаганні па ліквідацыі нацыянальнай беларускай школы так заўзята, што таварышу І. Карпенку ўжо нічога не засталося закрываць, ліквідаваць, пераводзіць. Мы кожны год бываем сведкамі, як адкрываюць новыя рускія школы ў нашай краіне. А вось адкрыццё беларускай школы, з удзелам высокай дзяржаўнай асобы, якая б і прамаўляла яшчэ і на роднай мове нашай краіны, нават і ўявіць немагчыма. Таму ратаваць школьніцтва, нацыянальную адукацыю ад каронавірусу бяспамяцтва павінна стаць штодзённым клопатам усяго беларускага грамадства.

Культура і жыццё на пракат                                                                            

Апошнія 25 гадоў кіраўніцтва Беларусі прымала самыя энергічныя захады на замену беларускіх асноваў жыцця на формы прышлыя, не нашыя, на чужыя для нашай краіны. Пры развітай нацыянальнай культуры і дасканалай сістэме нацыянальнай асветы наш народ быў бы нацыянальна і духоўна на вышыні культуры. Беларуская школа, як важнейшы сегмент асветы і культуры народа — вялікая перашкода на шляху русіфікацыі, таму выхаванае на камуністычных стэрэатыпах кіраўніцтва пачало знішчаць беларускія нацыянальныя сімвалы і беларускія школы, касуючы некаторыя беларускія выдавецтвы і перыядычныя выданні, не дапускаючы беларусізацыі Універсітэту.Ужо ў 1995 г. наша родная мова была на вышыні Адраджэння — блізу 80% вучняў вучыліся па беларуску. І гэты паказнік інтэнсіўна рос у сістэме беларускай школьнай адукацыі. Тэлебачанне і радыё былі фактычна беларускімі. Адраджэнне паступова ахоплівала многія сферы жыцця: садок, школа, радыё, тэлебачанне, тэатр, музеі, войска, міліцыя і да т.п. Беларускія радыё і тэлебачанне, візуальная рэклама і этыкеткі харчовых прадуктаў і іншых тавараў былі для многіх жыхароў школай роднай мовы.
І вось узнікла недарэчная думка: увесці ў Беларусі другую дзяржаўную мову — рускую. Для чаго гэта рабілася, зразумела, — для хутчэйшай русіфікацыі беларусаў. Вынікі мы зараз і спажываем, цяпер у нашай дзяржаве фактычна пануе мова адна — чужая, навязаная мова суседняй дзяржавы. Няма дэклараванай Канстытуцыяй роўнасці дзяржаўных моў — беларускай і рускай. Родная беларуская мова дзяржаўнымі чыноўнікамі не паважаецца, не ўжываецца, не лічыцца за неабходную. І на агульнадзяржаўным узроўні стаўленне да беларускай мовы, як да другаснай, яе не пускаюць у шырокі свет, ва ўсе сферы ўжытку. У шапіках Белдруку, нават не ва ўсіх, прадаецца самы абмежаваны асартымент беларускай перыёдыкі. Нават афіцыйныя выданні (Полымя, Маладосць, ЛіМ і іншыя) не купіць. А ў кніжных аддзелах супермаркетаў прадаецца толькі маскоўская і піцерская прадукцыя, а беларускай газеты, часопіса ці кнігі са свечкаю не знойдзеш. І, фактычна, на пракат узята ўсё чужое: мова, песні, канцэрты, пераважная колькасць перадач на радыё і тэлебачачанні, і г.д. і да т.п. Рыхтуюць дзяцей да ўдзелу ў розных канцэртах і конкурсах спяваць песні рускамоўныя. Беларуская мова замоўшчыкамі і аўтарамі тых канцэртных праграмаў ігнаруецца. Маладыя выканаўцы спяваюць свае песні, ці іншых аўтараў, па руску, па ангельску. Такім чынам яны самі сябе выключаюць з кантэксту беларускай культуры. І вярнуцца ў яе без асноваў культуры будзе цяжка...
Журналісты, якія працуюць на 1-м радыёканале і радыёканале «Культура», асабліва ў рубрыках «Дыялогі пра культуру» і ў дзіцячай перадачы «ДНК», часта толькі аб’яўляюць па беларуску, хто прымае ўдзел у перадачы, а далей ідзе: «Здравствуйте!» і г.д... У дадзеным выпадку дэманструецца ўпэўненасць, што гаварыць пра культуру на беларускай мове нязручна, неактуальна, папросту не варта. Пра ўсё можна гаварыць на роднай мове, і пра культуру ў першую чаргу — грунтоўна, пераканаўча, праўдзіва і ўпэўнена. Гэта добры прыклад і школа — гаварыць і з дзецьмі і дарослымі на роднай мове. А ў нас, аказваецца, незлічоная колькасць дзеячаў культуры, нават тых, якія ведаюць мову, каторыя лічаць, што гаварыць на беларускай мове зусім неабавязкова. Радуюць іншыя, станоўчыя, факты, калі, напрыклад, на канале «Культура» дзеці, і нават зусім малыя, са сваёй шаноўнай выхавацелькай, а ў апошні час з журналісткай канала спадарыняй Наталляй, вядуць цікавыя перадачы і паказваюць выдатныя веды роднай мовы, прымаюць удзел у цікавых перадачах, звязаных і з моваю, і з фальклорам, і з навыкамі маўлення. І на 1-м канале радыё шмат цікавых перадач на літаратурныя тэмы, па гісторыі, беларусазнаўству наогул.
Яшчэ прыкрыя факты. На квітках у Вялікім тэатры оперы і балета напісана лацінкаю «Bolschoy teatr»... А да 200-гадовага юбілею вялікага кампазітара С. Манюшкі на партрэце класіка было напісана «200 лет». Дык што нейкія квіткі?... У тэатры ўсе спектаклі ідуць на мове арыгінала, а пусціць цітры па беларуску ў дырэкцыі не хапае волі і жадання. І галоўнае, у тэатры фактычна адсутнічае беларускі рэпертуар! А ў дзяржаўным лялечным тэатры ўжо з год як не ідуць беларускія ці беларускамоўныя спектаклі, хаця і ў лепшыя часы існавання тэатра ў яго рэпертуары былі адзін-два спектаклі беларускія. Ці не падстава гэта для непакою Міністэрству культуры, ды і грамадству? І раптам галоўны рэжысёр тэатра ўзнагароджваецца ордэнам Ф. Скарыны. За русіфікацыю тэатра?!
Вялікіх артыстаў, якія прысвяцілі сваё жыццё беларускай песні, такіх, як Міхась Забэйда-Суміцкі, Пётр Конюх, зусім не пачуеш на хвалях беларускага радыё, а на тэлебачанні — тым больш. Няма нават такой практыкі, каб даць песні ў эфір, ці зрабіць перадачы пра выдатных выканаўцаў беларускай песні, як гэта было на пачатку 90-х гадоў. Праўда, на радыёканале «Культура» адзін раз давялося паслухаць перадачу і кароткі канцэрт М. Забэйды-Суміцкага. Нарэшце! Не пачуеш ні на тэлебачанні, ні на радыё цяперашніх выдатных выканаўцаў — Данчыка, Сокалава-Воюша, В. Пархоменкі, дзясяткі іншых песняроў і гуртоў з Беларусі, якія ў спісе непажаданых для афіцыйнага эфіру — з падачы кантралёраў ад культуры і прыўладных сродкаў масавай інфармацыі. Замест сваіх артыстаў тут часта гасцююць заезджыя, кшталту Пугачовай, Галкіна, Кіркорава, Баскава ды шэрагу іншых выканаўцаў, якія да спадобы кіраўнікам Беларускай Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі. Да спадобы ім і такі «шэдэўр» — «Ленін такой молодой...», які выцягнулі з нафталінавай скрыні.
Мультфільмы для дзяцей круцяць дзень і ноч, значная палова з іх — духоўнае смецце і перашкода для развіцця дзяцей. Круцяць тады, калі дзецям ужо трэба спаць і многія ўжо спяць. Усе мульцікі ідуць спрэс на рускай мове.
<...>
Створана ўражанне, што ў Беларусі ў гэтай галіне — тундра, нічога няма. Нават пасля беларускай, усімі любімай «Калыханкі» і кароткай беларускай інтэрмедыі, абавязковы дадатак — мульцік па руску. А дзе ж беларускія мультфільмы, пра якія часта пачуеш размовы на розных кінафорумах і на тым жа канале «Культура»?
<...>
Ёсць у Беларусі энтузіясты-патрыёты, якія прадублявалі каля 30 кінафільмаў і мультфільмаў. Ёсць у нашай культуры мультыплікацыі і свае шэдэўры, створаныя ўжо ў наш час. Гэта, напрыклад, мультфільм «Будзьма Беларусамі!», у якім за 10 хвілін можна ўбачыць шмат цікавых старонак з гісторыі Полацкага княства, Вялікага Княства Літоўскага, з гісторыі БНР і сённяшняга часу. Ёсць серыя пазнавальных мультфільмаў пра нацыянальныя гербы, замоўленыя Міністэрствам культуры ў Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм». У гэтых фільмах галоўныя якасці — мова і выкананне. Хаця пераважны матэрыял — пра гербы, якія прыдуманы ў ХХ-пач. ХХІ ст. Але кіраўнікам БТ, відаць, і гэта зусім не да спадобы, бо нават фільм пра гербы не дапушчаны ў пракат.
<...>
І, нарэшце, самае прыкрае, што існуе ў практыцы прыўладных начальнікаў, гэта — замоўчванне ў праграмах радыё, тэлебачання і СМІ лепшых нацыянальных творцаў: пісьменнікаў, паэтаў, мастакоў, музыкаў і спевакоў, іншых дзеячаў, якія прафесійна ведаюць беларускую культуру і з'яўляюцца носьбітамі яе, людзей абазнаных і кампетэнтных.
Кіно, як з'ява і прадукт беларускай нацыянальнай культуры, адсутнічае амаль цалкам. Ці можна з валу ўсёй прадукцыі амаль 100-гадовага творчага набытку набраць хаця б з пару дзясяткаў сапраўды нацыянальных карцін? Тут заўважым, што мова ў кіно, як наогул у мастацтве, важны элемент твору. Але мы глядзім армянскія, грузінскія, італьянскія, кіргізскія, французскія, японскія фільмы, дубляваныя, — і мы іх пазнаём і ўспрымаем як аўтэнтык! Тут усё на месцы: і вобразная сістэма, і мянтальнасць, і характары, і паводзіны герояў, і іншыя складнікі твора кінамастацтва. А нам толькі прыходзіцца шкадаваць, што з нашай багатай гісторыяй і культурай не знайшлося такіх майстроў кіно (або не былі запатрабаваныя), якія маглі б паставіць класны фільм пра Беларусь, пра нас. Варта прыгадаць, што на «Беларусьфільме« здымалі фільм пра расійскага цара... Каментары залішнія! Толькі пытанне ўзнікла: для чаго?! Для чаго гэта спатрэбілася пастаноўшчыкам?!
Ёсць і мастацкія ўспышкі — гэта калі над фільмамі працавалі ці У. Корш-Саблін, ці В. Тураў, ці В. Коўтун, ці У. Караткевіч, ці А. Адамовіч, ці Л. Шапіцька, ці мастацкі фільм «Чужая Бацькаўшчына» паводле В. Адамчыка. А так, з большага, арсенал беларускай кінематаграфіі вельмі слабы, як прафесійна, так і з-за слабой прывязкі да беларушчыны, або зусім з-за адсутнасці гэтага важнага мастацкага кампанента.
<...>
А вось творчасць ужо Урада Беларусі. На ўсіх заправачных пунктах краіны красуецца лагатып «Белоруснефть». Гэта ж каланіяльная назва! А чаму не «Беларусьнафта»? Нацыянальным парламентам нашай краіны зацверджана яе назва — Рэспубліка Беларусь, і менавіта напісанне па беларуску — Беларусь — абавязковае для ўжывання на афіцыйным узроўні і на іншых мовах свету. А гэты лагатып «красуецца» ўжо 29 гадоў, калі не больш! Прыклады ігнаравання роднай мовы падаюць і іншыя дзяржаўныя манапалісты. За імі не адстаюць і прыватныя камерцыйныя аб’яднанні. Напрыклад, беларуская мова на ўпакоўцы малочных і іншых прадуктаў рэдкае выключэнне. Можна было б ганарыцца Брэст-Літоўскай малочнай прадукцыяй, калі б кампанія не ігнаравала беларускую мову. Вытворцаў малочных прадуктаў, якія падаюць сваю прадукцыю на беларускай мове, можна палічыць на пальцах рукі. Сярод іх гарадзенскі «Малочны мір» (па сапраўднаму трэба «Малочны свет»), мінскі малочны завод (марка «Стары Менск»). І гэта выдатна! Гэта добры прыклад для ўсіх. У краіне вы не ўбачыце, бадай, ні адной крамы, дзе на паліцах прапанаваліся б прадукты (тавары) па беларуску (морква, бульба, цыбуля, алей, вяршкі і г.д.). А далей — больш: менавіта Саўмін Рэспублікі Беларусь у свой час выдаў Указ, згодна якому беларускай мове не знайшлося месца на таварных этыкетках. Ды і назвы крамаў, устаноў грамадскага харчавання, бытавога абслугоўвання і іншых, у Мінску, за Мінскам, і паўсюль па Беларусі з большага рускамоўныя.
А цяпер увага: у Мінску асвойваецца новая, «сіндікатская», мова, і першыя яе крокі ўжо відавочныя. Для тых, хто не разумее, пра што ідзе размова, інфармуем — на вуліцах Гарадскі вал і Харужай з'явіўся «Сіндікатъ». Сіндыкатчыкі стрыгуць, голяць і робяць прычоскі мужчынам. Напісана на рускай дарэформеннай мове, якая існавала да 1918 г. Наколькі трэба быць далёкім ад беларускіх праблем, як можна не паважаць Беларусь, даючы чыноўніцкі дазвол на выкарыстанне такой бязглуздзіцы, на вяртанне імперскіх сімвалаў?! У Верхнім горадзе, дзе гістарычная забудова, і ў Віленчуках (так называюцца тут гандлёвыя рады), у візуальнай інфармацыі таксама ўжываецца руская мова, ды яшчэ дарэформеннага часу. Тут уся архітэктура носіць беларускую адметнасць, беларускі нацыянальны характар, а мова, чужая гэтай архітэктуры, разбурае вобраз горада, знішчае беларускі характар Высокага Рынку.


Беларуская незалежнасць з Суворавым?

Значную ролю ў духоўнасці народа адыгрывае царква. Каталіцкі касцёл пайшоў на беларусізацыю сваёй дзейнасці і гэта станоўча ўспрымаецца беларускім грамадствам і садзейнічае пашырэнню колькасці каталікоў. Уніяцкая царква духоўную службу вядзе традыцыйна па беларуску. Некаторыя рэфармацкія цэрквы не цураюцца беларускай мовы. А вось праваслаўная царква, дэкларатыўна беларуская, а па факту пад кантролем Маскоўскага патрыярхату падкрэслена вядзе неабмежаваную шавіністычную дзейнасць. Паглядзіце толькі на прадукцыю крамаў, у якіх прадаюцца рэлігійныя выданні з Масквы, царкоўная літаратура, сувеніры, абразы... Татальна тут усё на патрэбу не столькі хрысціянскай, колькі рускацэнтрычнай душы. На беларускай мове вы не знойдзеце нават кішэннага праваслаўнага каляндарыка, не гаворачы ўжо пра нешта большае.
Сярод усяго, што прадаецца, кідаецца ў вочы малітоўнік для праваслаўнага жаўнера пад трыкалорам расійскага сцяга і прапагандысцкімі клішэ «Моя Родина Россия» і г.д. (прызначаны для беларускага маладога воіна?!..). Зразумела, гэтая царква, як пухліна на беларускім целе, патрабуе аператыўнага ўмяшальніцтва. Яна застаецца аўтарытэтам для ўсяго састарэлага і аджыўшага. У яе няма ніякай будучыні на нашай, беларускай зямлі. Апафеозам пракатных праектаў з'яўляецца парад у Мінску 3 ліпеня. Тут цалкам скапіяванае дзейства з Краснай плошчы. Тут роднай мовы і ў зародку няма. Гучаць пахвальныя словы пра ваенныя часці, пра навучальныя ўстановы, ці пра ўзнагароды імя Кутузава, Суворава, барабаняць навучэнцы Сувораўскай вучэльні і г.д. Вось такая беларуская незалежнасць з Суворавым! Без роднай мовы, без нацыянальных герояў! Дзе ўжо тут быць Усяславу Полацкаму, Вітаўту Вялікаму, Канстанціну Астрожскаму, Радзівілам, Кастусю Каліноўскаму і іншым?! А больш чым 1000-гадовая ваярская слава нашых продкаў замоўчваецца цалкам!
Незалежнасць — гэта якраз родная мова, у тым ліку і ў войску, у беларускіх ВНУ, у беларускай школе; гэта беларуская культура ва ўсіх яе праявах, якія робяць людзей Народам.    
Калі ж канцэрты ладзяць на тэму апошняй вайны, то тут нізкапаклонства зашкальвае: песні пра вайну і перамогу ўсе напракат. У чарговы раз ствараюць уражанне пра беднасць беларускага рэпертуару, і наогул нібыта Беларусь не суверэнная краіна, а Северо-Западный край. Але беларускі рэпертуар і на ваенную тэму зусім не бедны і бярэ пачатак яшчэ з ваеннага часу: Янка Купала ўжо ў 1941 г. напісаў свой геніяльны верш «Беларускім партызанам», а народны артыст Анатоль Багатыроў на гэтыя словы напісаў кантату; Якуб Колас, Аляксей Пысін, Пімен Панчанка, Аркадзь Куляшоў, Максім Танк ды іншыя літаратары напісалі шмат выдатных твораў на тэму вайны. Толькі Адам Русак разам з кампазітарамі напісаў звыш 300 песень, сярод якіх нямала і пра вайну. Анатоль Астрэйка ў партызанскім атрадзе ў лесе выдаў кнігу паэзіі «Слуцкі пояс», а песні, хоры, кантаты Семянякі, Багатырова, Алоўнікава, Лучанка, Мулявіна і іншых аўтараў — гэта наша духоўнае багацце, наша стратэгічная здабыча! Нашыя выканаўцы іх ведаюць, але не выконваюць — такая замова!
Пасля 25 гадоў чакання мы павінны зразумець, што пытанні адраджэння беларускай школы, беларускага тэлебачання, радыё, тэатра (у некаторых гарадах — рускамоўныя тэатры) і культуры цалкам залежаць ад нас саміх. Ні ў воднай краіне Еўропы такога няма, каб маладыя людзі — выпускнікі школ, вышэйшых навучальных устаноў — не валодалі роднай моваю. А вось у нас гэта «нармальны» стан грамадства. У Беларусі нібыта можна выбіраць мову. А выбар магчымы пасля таго, як чалавек атрымаў сярэднюю адукацыю — на чужой мове. Вось і выбар! Выбар не беларусаў, а ворагаў беларушчыны! Сённяшні стан беларускай мовы не можа не хваляваць здаровае беларускае грамадства, якое дбае пра развіццё чыннікаў, якія завязаны на мове, а ў выніку — на паступовае яе развіццё.


Што варта зрабіць

Дзеля паступовага адраджэння роднай мовы ва ўсіх сферах грамадскага жыцця, а найперш у школе, неабходныя захады давайце зробім у галоўным:

  • Беларускі Буквар прывесці да нормы, у адпаведнасці з беларускімі асаблівасцямі і часам (ХХІ ст.). Звярнуць асаблівую ўвагу на мастацкае аздабленне першага падручніка беларускіх шкаляроў. Буквар павінен адпавядаць вышыні беларускага кніжнага мастацтва;

  • Беларускі Буквар павінен вывучацца ва ўсіх школах краіны, у тым ліку ў рускамоўных, у польскіх і літоўскіх;

  • запабегчы знішчэнню беларускіх школ там, дзе яны яшчэ фармальна існуюць. Ускласці адпаведныя абавязкі на мясцовыя ворганы ўлады і грамадскія структуры;

  • прапануем аператарам мабільнай і тэлефоннай сувязі ўключыць у рэпертуар сваіх вяшчальных праграмаў лепшыя беларускія калыханкі, беларускія народныя казкі, дзіцячыя лічылкі, вершы, показкі, іншы дзіцячы фальклор, песні для дзяцей беларускіх аўтараў, мультфільмы, беларускую і сусветную музычную класіку, лепшыя беларускія песні. Гэты матэрыял часткова знаходзіцца ў архіве Беларускага радыё і тэлекампаніі;

  • прапануем беларускім камерсантам прыняць удзел у выданні гэтых матэрыялаў у выглядзе кніг, дыскаў, на іншых носьбітах інфармацыі;

  • разам з тым аператарам тэлефоннай сувязі прапануем крытычна паставіцца да вяшчальнага рэпертуару і прывесці яго ў адпаведнасць з мастацкімі крытэрамі і задачай развіцця беларускай мовы, пазбавіцца ад антымастацкіх праяў у галіне музыкі і слова — творы на беларускай мове павінны стаць галоўным зместам вяшчання;

  • вяшчальны рэпертуар усіх тэлефонных аператараў (A1-velcom, MTC, Life:)) прывесці да высокіх узораў музычнай класікі, даваць у эфір самыя лепшыя музычныя творы класікі, эстрады, беларускага фальклору, народнай музыкі;

  • усю візуальную інфармацыю ў Беларусі прывесці ў адпаведнасць Закону Рэспублікі Беларусь ад 16.11.2010 №190-З «О наименованиях географических объектов» (на рус. мове) — назвы вуліц, праспектаў, плошчаў, іншых геаграфічных аб’ектаў у першую чаргу пісаць абавязкова па беларуску.


Мы заклікаем усіх патрыётаў краіны, якія не абыякавыя да лёсу сваёй Бацькашчыны, зрабіць важны крок па стварэнні новых беларускіх групаў у садках, першых класаў у школах, а то і школ — цалкам беларускіх. Важнай задачай таксама ёсць захаванне тых беларускіх школ і класаў, якія знаходзяцца ў вашым раёне ці мясцовасці. Усе навучэнцы 9-11 класаў прынцыпова павінны здаваць экзамен па беларускай мове, а значыць, імкнуцца да ведання роднай мовы. Студэнтаў заклікаем ствараць беларускамоўныя групы, курсы і патокі, любую магчымасць вучыцца на роднай мове. Гэта будуць крокі да стварэння нацыянальнай сістэмы адукацыі.
У сучасным грамадстве радыё і тэлебачанне маюць вялікае значэнне, як у сэнсе распаўсюду інфармацыі, камунікатыўным, так і ў сэнсе культурным, адукацыйным і асветным. Як ёсць у розных краінах свету, так і ў Рэспубліцы Беларусь павінны быць нацыянальныя радыё і тэлебачанне — па сутнасці і па мове, а не толькі па назве. Гэта нам дазваляе стварыць Беларуская дзяржава, Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь і, урэшце, воля народа. Мы бачым развязанне гэтай праблемы наступным чынам: Нацыянальная тэлерадыёкампанія стварае напачатку беларускі нацыянальны тэлеканал, а прадстаўнікі грамадства ад Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны, ад Таварыства Беларускай Школы і другіх грамадскіх арганізацый ствараюць Грамадскую Назіральную Раду, якая і будзе ажыццяўляць кантроль над зместам і якасцю праграм тэлеканала.
А затым, у бліжэйшы час, будзе створаны першы дзіцячы тэлеканал «АБВ», на якім мы будзем весці культурную, моўную, гістарычную асвету, на якім будуць ісці кінафільмы пра беларуска-вялікалітоўскую гісторыю, культуру, мастацтва. Тут можна будзе паглядзець мультыплікацыйныя, мастацкія і дакументальныя фільмы для дзяцей і моладзі на роднай мове. Сваё пачэснае месца зойме на канале і беларуская анімацыя. Гэтыя ініцыятывы дапамогуць нашай краіне ўзняцца з балота, у якое нас апусціла кіраўніцтва краіны, і пачаць развіваць нашую адукацыю і культуру. Цяпер жа Беларускае тэлебачанне за нашыя сродкі праводзіць русіфікацыю беларусаў. Дык няхай жа нашыя падаткі паслужаць аднаўленню беларускай культуры. Мы спадзяемся, што гэтая тэма знойдзе падтрымку ў высокіх чыноўнікаў нашай краіны.
Дзеля аб’ектыўнага бачання сітуацыі мы павінны канстатаваць, з гонарам, і пра станоўчыя тэндэнцыі пашырэння роднай мовы ў нашым жыцці. Прыемна адначыць, што дакументальнае беларускае кіно кінастудыі «Летапіс» — рэальна існуючы факт. Яно мае відавочныя поспехі. У гэтай галіне кінамастацтва існуюць вялікія традыцыі і не менш вялікія дасягненні. Але сёння, ва ўгоду існуючаму рэжыму, не ўсё паказваецца, і новыя фільмы здымаюцца ўжо на рускай мове, што парушае прынцып пераемнасці і закладзеныя традыцыі.
Дабратворная рэчаіснасць і адносна правільная моўная практыка склаліся за апошнія гадоў дзесяць у Мінскім метрапалітэне. Візуальная інфармацыя падаецца на беларускай мове, як кірыліцаю, так і беларускай лацінкаю, дзякуючы светлай памяці выдатнай мовазнаўцы, прафесару Валянціне Лемцюговай, — што ў свой час абяцаў зруйнаваць былы намеснік старшыні Мінгарвыканкама Карпенка. На вялікае шчасце, захоўваецца практыка напісання населеных пунктаў па беларуску па ўсёй краіне. На жаль, не ўсе назвы адпавядаюць рэальным беларускім найменням, таму што не выконваецца, а часта байкатуецца мясцовымі ўладамі Закон Рэспублікі Беларусь ад 16.11.2010 №190-З «О наименованиях географических объектов» (на рус. мове), які патрабуе назвы геаграфічных аб’ектаў, у тым ліку іх частак — вуліц, завулкаў, плошчаў і т.п. — абазначаць на беларускай мове з транслітэрацыяй (а не ў перакладзе!) на рускую мову. <...>
На вакзалах беларускіх гарадоў існуе сучасная тэхналогія падачы інфармацыі, дзе знойдзена месца і для роднай мовы, як мовы-гаспадыні ў нашай краіне.
Дык памножым гэты станоўчы вопыт, даб'ёмся сапраўднага адраджэння беларускай мовы. Без удзелу народу гэтая праблема ня зрушыць з месца.
За працу — усе разам! А галоўнае ў гэтай працы — стварэнне беларускіх садкоў, беларускіх школ, беларускамоўнага канала на Беларускім тэлебачанні, беларускага Універсітэту.
Адкрыты ліст падпісалі:
Акаловіч Леанід, святар, педагог, журналістКупава Мікола, сябра Беларускага саюзу мастакоўЛагвінец Аляксандр, палітолаг
Крымоўскі Зміцер Леанідавіч, філолагЖлутка Алесь Анатолевіч, вяд. нав. супрацоўнік інст-та гісторыі НАНББарвенава Ганна Аляксандраўна, кандыдат мастацтвазнаўстваКачаноўская Наталля, лінгвіст, сябра ТБММалаковіч Надзея, настаўніца беларускай мовы, сябра ТБМГрынкевіч Ігар Уладзіміравіч, вайсковы пенсіянер, фінансіст, дзед чатырох унукаўЖыбуль Віктар, літаратарЗайкоўскі Эдвард Міхайлавіч, кандыдат гістарычных навук ды інш.