Язэп Драздовіч у палоне пінскага Палесся

Роўна 90 год таму пачалася экспедыцыя мастака на пінскае Палессе. У 1926 годзе па камандзіроўцы Беларускага навуковага таварыства Язэп Драздовіч прыбыў на Піншчыну, каб збіраць этнаграфічныя матэрыялы для Віленскага беларускага музея імя Івана Луцкевіча.



 Па выніках вандроўкі мастак быў вельмі ўдзячны Антону Луцкевічу, бо менавіта ён прапанаваў вывучэнне і збор народных касцюмаў.

“Перапоўнены ўражаннямі, сакавіта, з захапленнем, якое перадавалася слухачам, апавядаў пра самабытнае драўлянае дойлідства палескай зямлі, пра багатую каляровую гаму ўбораў палешукоў, ix распеўныя песні. Пры гэтым паказваў замалёўкі вясковых цэркваў, званіц, капліц, гожых формамі, паэтычных у сваёй адзіноце”, — паводле слоў журналіста Яна Багдановіча, які прысутнічаў на справаздачы мастака па экспедыцыі на пінскім Палессі.

Язэп Драздовіч, наведаўшы глыбінку пінскага Палесся — сучасны Заўрачанскі раён Украіны ды цэнтральную частку Пінскага раёна Беларусі — замаляваў у першапачатковым выглядзе побыт вёсак.

Лозічы, Дубнавічы, Парэчча, Пінкавічы, Лозічы, Плешчыцы ды Сернікі — вёскі, у якіх павінен стаяць помнік Язэпу Драздовічу, бо мастак у сваіх працах на стагоддзі захаваў каштоўнасці паселішчаў.

Нельга пакінуць па-за ўвагай малюнкі: “Капліца і крыжы-памятнікі ў Серніках”,  “Дубовы крыж-памятнік”, “Міжвулічны крыж у Лозічах. Піншчына”, “Беларуская палеская народная вопртка кабет-зарачанак, на астрвах пінскіх болот Палесся”, “Кабета ў намітцы з в. Сернікі. Піншчына”. Гэта далёка не поўны спіс…

Пасля экспедыцыі па пінскім Палессі Язэп Драздовіч арганізаваў выставы ў Вільні і Радашковічах.

Мяне яшчэ пашукаюць,” — так Язэп Драздовіч запісаў у сваім дзённіку пра этнаграфічныя даследаванні. Не мінула і стагоддзя, як ягоныя словы сталі праўдаю, бо зараз большасць тых пабудоў, якія ён замаляваў, зніклі. Экспедыцыя Язэпа Драздовіча на Палессе цяпер уяўляе вялікую гістарычную каштоўнасць. І чым далей мы будзем ад таго часу, тым большы будзе кошт працам мастака. 
 

www.racyja.com