Караткевіча “ачысцілі” ад цэнзуры
Пабачыла свет першае непадцэнзурнае выданне Уладзіміра Караткевіча. У Мінску адбылася прэзентацыя “ачышчанай ад цэнзуры навелы пісьменніка “Ладдзя Роспачы. У кнізе змешчаны факсімільны рукапіс аўтара — без цэнзарскіх і рэдактарскіх правак, якіх было 296.
Пабачыла свет першае непадцэнзурнае выданне Уладзіміра Караткевіча. У Мінску адбылася прэзентацыя “ачышчанай ад цэнзуры навелы пісьменніка “Ладдзя
Роспачы. У кнізе змешчаны факсімільны рукапіс аўтара — без цэнзарскіх і рэдактарскіх правак, якіх было 296.
Ідэя выхаду такой кнігі належыць журналісту Глебу Лабадзенку, ён стаў укладальнікам выдання. Дарэчы, у рукапісу Уладзімір Караткевіч вызначыў, што яго твор — гэта навела. Але ў першым
беларускім выданні “Ладдзя Роспачы стала легендай. А ў збор твораў яна ўвайшла як аповесць.
“Калі гэта кніга рыхтавалася, то мной кіравалі два вельмі супрацьлеглыя пачуцці, — сказаў падчас прэзентацыі Глеб Лабадзенка. — Першае і галоўнае пачуццё — гэта
любоў і павага да Уладзіміра Караткевіча, да ягоных твораў, да ягонай асобы. І другое пачуццё — гэта нянавісць да савецкай сістэмы, якая зрабіла з Караткевічам тое, што зрабіла. Для мяне
было вялікім адкрыццём тое, як сапраўды пісаў Караткевіч. Таму што калі вы лічыце, што вы чыталі “Ладдзю Роспачы, то я вас спяшаюся абрадаваць — у вас яшчэ ўсё наперадзе.
Таму што тая “Ладдзя Роспачы, якую напісаў Караткевіч, адрозніваецца ад арыгінала на 296 правак цэнзараў і рэдактараў.
На 23 старонкі — 296 правак
Пісьменніка няма на свеце 26 гадоў, і да гэтага часу ніводзін ягоны твор не быў “ачышчаны ад цэнзарскіх правак. “Прычым правак часам ярка ідэалагічна афарбаваных.
А часам проста відаць, што рэдактары не адпавядалі па ўзроўню Уладзіміру Караткевічу. Былі, мякка кажучы, недалёкія. І ад гэтага рабілі абсалютна бязглуздыя праўкі, — адзначыў Глеб
Лабадзенка.
Свой твор Уладзімір Караткевіч прысвяціў Рыгору Барадуліну. Рукапіс 46 гадоў захоўваўся ў паэта. І толькі дзякуючы гэтаму цяпер можна прачытаць “Ладдзю Роспачы так, як яна была
напісана аўтарам. “296 правак на 23 старонках рукапісу, — зазначыў укладальнік. — Уявіце, што было з “Каласамі пад сярпом тваім, раманам
“Хрыстос прызямліўся ў Гародні, з іншымі творамі. Не толькі Караткевіча так правілі. Нас наперадзе чакае Быкаў, нас наперадзе чакае Брыль, Кузьма Чорны і астатнія класікі нашай
літаратуры.
Акрамя рукапісу ў кнізе змешчаны друкаваны тэкст. Маркерам пазначаныя ўсе месцы, дзе цэнзары і рэдактары зрабілі праўкі. Адсюль бачна, як некалькі разоў былі выкраслены словы
“беларусы і “беларускія.
“Ладдзя Роспачы напісана ў 1964 годзе. Але ўпершыню выйшла ў перакладзе Васіля Сёмухі на рускую мову ў 1968-м годзе. І толькі яшчэ праз 10 гадоў яна выйшла па-беларуску. У
Васіля Сёмухі захаваўся машынапіс гэтага перакладу з рукапіснымі праўкамі Уладзіміра Караткевіча. Гэты варыянт таксама ёсць у кнізе, які прыведзены факсімільным чынам і займае 50 старонак. Машынапіс
адрозніваецца ад часопіснага варыянта на 153 праўкі.
У кнізе, якая выйшла на 150 старонках, ёсць і фотаздымкі Уладзіміра Караткевіча. З 55 ілюстрацый — 27 друкуюцца ўпершыню. Пераважная большасць фотаздымкаў належыць аўтарству паэта Сяргея
Панізніка. Таксама змешчаны прадмова Рыгора Барадуліна і паслямова Васіля Сёмухі, каментары Глеба Лабадзенкі.
“Гэтая кніжка выйшла на народныя грошы. Да яе выхаду спрычыніліся вельмі многа добрых людзей, — паведаміў журналіст. У пачатку года ён вывесіў на сваім сайце абвестку пра
задуму выдаць такую кнігу. І што трэба грошы, каб гэтая кніжка выйшла. І вельмі аператыўна, як зазначыў журналіст, патрэбная сума назбіралася. На прэзентацыі, якая адбылася 4 снежня ў краме
“Кніжны салон (вул. Калініна, 5), гэтым людзям уручылі асобнікі кнігі. Сярод іх музыка Лявон Вольскі, былы міністр культуры Анатоль Бутэвіч, таварыства
“Гісторыка. А геаграфія ахвяраванняў ахоплівае самыя розныя рэгіёны. Акрамя Мінску, гэта і Магілёў, Брэст, Жодзіна, Мінск, Гродна, Астрына, Нясвіж, Вілейка.
Апостал, але зямны
На імпрэзу прыйшлі паэты Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, пісьменнік і гісторык Уладзімір Арлоў, перакладчык Васіль Сёмуха.
Як адзначыў Васіль Сёмуха, Караткевіч быў вельмі вясёлым чалавекам. І яшчэ ён быў рамантыкам — і ў жыцці, і ў творчасці. “Я шчаслівы, што мяне лёс звёў з ім нават на асабістай
сцежцы дружбы. Калі ў самыя цяжкія для мяне хвіліны ён быў вялікаю апораю і памагаў так, як не маглі памагчы другія, — падкрэсліў перакладчык.
А як прыгадаў Генадзь Бураўкін, Караткевіч быў вельмі добры, можа нават не па-мужчынску мяккі і добры чалавек. “Прытым гэта было настолькі натуральна і настолькі нечакана, што пра Валодзю
часам расказваюць нейкія легенды як пра нейкую дзівакаватую натуру. Не, гэта не дзівакаватасць была, гэта ішло ад яго душэўнай дабрыні, — кажа Генадзь Бураўкін.
У нашай літаратурнай гісторыі, як зазначыў ён, непадцэнзурная “Ладдзя Роспачы — першае такое выданне. “Можна не на словах, а на фактах паглядзець, якія ж рабіліся
праўкі, — сказаў паэт. — І невыпадкова, што выкідалі словы “беларусы і “беларускія з гэтага тэксту. Бо ўсё было прасякнутае беларушчынай у
гэтым творы. Ён чыста Караткевічаўскі па паэтычнасці, рамантычнасці, у нейкім сэнсе нават міфічнасці. І па закаханасці ў беларусаў як у людзей, у нечым вельмі блізкіх да неба. Валодзя быў сынам,
выказнікам і апосталам беларускай зямлі. Ён быў апостал, але ён быў зямны. Ён не быў над зямлёй.
Займацца творчасцю Караткевічу было надзвычай цяжка, як канстатаваў Уладзімір Арлоў. “І дзякуючы кнізе, якую выдаў Глеб, мы бачым, якая мужнасць трэба была Караткевічу, каб перажываць усё
гэта нявечанне, — сказаў пісьменнік. Ён працытаваў адзін ліст Караткевіча да сябра. Караткевіч пісаў: “Я мог бы з куды большым поспехам пісаць па-расійску. Або,
падвучыўшыся трошкі, — па-польску. Меў бы стотысячныя тыражы, дачы, прэміі. Я свядома пайшоў на больш цяжкі шлях. Нават дзеля таго, каб проста быць беларускім пісьменнікам, патрэбна
мужнасць.
У 1973 годзе ў Празе, нагадаем, выйшаў пераклад аповесці Караткевіча “Дзікае паляванне караля Стаха на чэшскую мову. Наклад склаў 40 тысяч экземпляраў.
“І ў мяне, я вам прызнаюся, вялікая трывога ў сувязі з тым, што рыхтуецца 25-томнік Караткевіча, — сказаў Уладзімір Арлоў. — Ці не будуць там друкавацца знявечаныя
рэдактурай і цэнзурай творы, як гэта рабілася з 8-томнікам? Апошнія тамы якога выходзілі ўжо, здаецца, у іншыя часы, у 90-м годзе. Тым не менш, там усё знявечанае надрукавана.
“Мы з адлегласці пражытых ужо гадоў разумеем, што ён сапраўды быў апосталам, — зазначыў Уладзімір Арлоў. — І ягонае пасланне працягвае даходзіць да нас. Мы працягваем
учытвацца ў тыя пасланні, якія Караткевіч паспеў нам перадаць з рук у рукі.
“Уладзімір Караткевіч быў па жыцці класікам, — сказаў Рыгор Барадулін. Але ён не быў “забранзавелым, ён быў вясёлым і непасрэдным чалавекам. Як мяркуе
паэт, мала хто нават цяпер разумее, што такое Караткевіч. “І чым больш будзе праходзіць час, тым больш будзе веліч Караткевіча мацнець. Хай жыве Караткевіч, хай жыве яго творчасць, жыве
Беларусь! — заклікаў Рыгор Барадулін.