Класіка беларускага мастацтва ад сярэднявечча да ХХІ стагоддзя: выставы ў Мінску
На піку часу адпачынкаў і ў спякотнае надвор’е — дзе прабавіць час аматару мастацтва, які на выходныя дні затрымаўся ў сталіцы? Натуральна, у прахалодных інтэр’ерах выставачных залаў і музеяў. Дамо некалькі парадаў.

Адкрыццё выставы Шатэрніка Карціны з інтэр'ерамі царквы Пятра і Паўла ў Мінску
Чарговы раз лепшыя творы з бацькавай спадчыны і ўласныя нетрывіяльныя партрэтныя замалёўкі прапануе Аксана Аракчэева, якая днямі вярнулася ў Мінск з Германіі, дзе знайшла сваё сямейнае шчасце. Выставу “Шчасце быць разам” па 15 жніўня можна бачыць у Галерэі “Універсітэт культуры” (Кастрычніцкая плошча, 1, у нядзелю — выходны).

Экспануюцца жывапісныя і графічныя творы Барыса Аракчэева (1926–2013), выдатнага каларыста — пераважна краявіды, ад 1960-х да 2000-х гадоў, і самой Аксаны, яго малодшай дачкі.

Аксана Аракчэева. Партрэт Генадзя Бураўкіна
Апошняя прадстаўляе
серыю пастэляў “Мядзельшчына пісьменніцкая” (2015, паказваюцца ў першыню), і
серыю нетрывіяльных партрэтаў нетрывіяльных асоб. Прыгадаем вобразы паэта
Генадзя Бураўкіна і мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча. Усе экспанаты выставы
аб’ядноўвае якасць выканання — выбар для аматараў мастацтва класічнага гатунку.

Аксана Аракчэева Адкрыццё выставы
Калі працягваць спробу вымалеваць для сябе шляхі станаўлення, ці аднаўлення, пасля заняпаду сталінскіх і застойных часоў, самастойнай нацыянальнай школы выяўленчага мастацтва, нельга прамінуць Купалаўскі музей (вул. Янкі Купалы, 4), дзе па 8 жніўня працуе выстава Віктара Маркаўца (1947–2013) “Спакон вякоў. Мроі Купалля”.

Маркавец быў адным сярод першых выпускнікоў Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута (1971, настаўнік — Іван Ахрэмчык), пакалення, якое атрымлівала адукацыю на Радзіме і ў беларускіх майстроў. Ці не галоўнай задачай жыцця ён бачыў патрэбу зрабіць мастацкую творчасць нацыянальнай не толькі па духу, але і па форме. Таму сярод экспанатаў — маляваны дыван (наследаванне Язэпу Драздовічу), адзін з відаў народнай творчасці, у якой жывапісец шукаў узоры для выканання пастаўленай звышзадачы. У кампактнай экспазіцыі вылучым два творы, якія, на нашу думку, увойдуць як шэдэўры ў гісторыю беларускай культуры ХХ ст.: “Свята ў Докшыцах” (1976) і “На Івана Купалу” (1976, на плакаце выставы).
Працягваючы вандроўку па цэнтры Мінска, завітаем у Гарадскую мастацкую галерэю Леаніда Шчамялёва (Рэвалюцыйная, 10), дзе па 13 жніўня можна азнаёміцца з жывапісам Алеся (Аляксандра) Шатэрніка, майстра, якога звычайна больш ведаюць як скульптара. Аднак і маляўнічыя творы на выставе “Вытокі. Вяртанне” выглядаюць на дзіва гарманічнымі і, можна сказаць, скульптурнымі — часткова таму, што на некаторых з іх бачым старадаўняю архітэктуру, з яе выверанай гармоніяй прапорцый.

Аднак і іншая важная жывапісная кампанента, колеравая гама, гармонія (ці часам кантраст) вырашаецца аўтарам прыгожа і пераканаўча. І самае цікавае для мінчукоў — сярод твораў багата краявідаў беларускай сталіцы, ужо авеяных смугой часу, паваенных дзесяцігоддзяў. Сям’я Шатэрнікаў пасялілася ў Мінску ў 1945 г., у тым самым доме, дзе зараз адбываецца выстава, на Рэвалюцыйнай, 10. І дапаўняюць экспазіцыю фотаздымкі былых жыхароў дома…

Параім яшчэ дзве кропкі на выходныя. У Нацыянальным мастацкім музеі (Леніна, 20), можна завітаць на выставу “Майстры польскага малюнка” з калекцыі Падляшскага музея ў Беластоку і Акруговага музея ў Сувалках (Польшча), якая працуе па 20 верасня, і вартая асобнай размовы. Нашы суседзі прывезлі каля 300 аркушаў работы найлепшых польскіх графікаў ХІХ–ХХ стагоддзяў. Варта прыгадаць Яна Матэйку (1838–1893) — выстаўлены накід кампазіцыі “Прадстаўленне Барбары Радзівіл польскай шляхце”, ці “паэта” паўстання 1863 г. мастака Міхала Элвіра Андрыёлі (1836—1893).
Аматарам старых традыцый раім скончыць вандроўку ў Палацы мастацтваў (Казлова, 3), дзе адбываецца (па 9 жніўня) творчая справаздача да 25-годдзя іканапіснай майстэрні Доўнара “IKONIQUE” — з польскага Падляшша: “Таямнічае святло беларускіх абразоў”.

Працуе майстэрня не толькі над абразамі і роспісамі для праваслаўных цэркваў усходняй Польшчы: свае творы, а таксама майстар-класы па іконапісе, яна прапануе ў Беларусі. Адзін з праектаў — аднаўленне або паўтор цудатворных беларускіх абразоў Божай маці, з захаваннем асаблівасцяў менавіта беларускай іканапіснай школы. А ў цэнтры экспазіцыі — выдатная Царская брама, плеценая з саломы слынным народным майстрам Ларысай Лось.
Зычым прыемных уражанняў.
Фота: Плакаты
выстаў, фрагменты экспазіцый